У замежным гандлі Беларусі расце толькі адно – таваразварот з Расеяй і Кітаем, і адпаведна, палітычная і эканамічная залежнасць ад гэтых краінаў.

Прэзідыум Савета Міністраў Беларусі ўхваліў комплексную Праграму дзеянняў Урада па развіцці ўзаемадзеяння Беларусі з афрыканскімі дзяржавамі на перыяд з 2026 па 2030 год
Асноўная мэта гэтага дакумента – выбудаваць цэласны механізм, які дасць магчымасць замацаваць за Беларуссю статус надзейнага партнёра на афрыканскім рынку, які прапануе перадавыя тавары, паслугі і тэхналогіі. У ліку прыярытэтных задач – распрацоўка і ўкараненне дзейсных палітычных, лагістычных, гандлёвых і гуманітарных інструментаў для прасоўвання беларускіх інтарэсаў і фарміравання доўгатэрміновых сувязей з краінамі кантынента.
У выніку рэалізацыі гэтай Праграмы да 2030 года плануецца нарасціць фактычны аб’ём экспарту тавараў і паслуг у Афрыку да ўзроўню каля 1,5 млрд. даляраў
Наколькі вялікая гэтая лічба? Апошнія дадзеныя, якія мы маем, за 2024 год – агульны экспарт беларускіх тавараў у краіны Афрыкі склаў каля 650 мільёнаў даляраў. Калі ўлічваць, што агульны экспарт Беларусі ў 2024 годзе склаў $40,3 млрд даляраў, то афрыканскі накірунак даў 1,6 працэнта.
Гэта вельмі мала, але гэта трошкі больш чым раней. Бо год за годам экспарт у Афрыку складаў ня больш за 1 працэнт ад агульнага. Аднак пасля пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны, і абвалу таваразвароту з еўрапейскімі дзяржавамі, кіраўніцтва Беларусі пачало актыўна шукаць магчымасці павялічыць экспарт у краіны Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амерыкі.
Лукашэнка зачасціў у розныя рэгіёны Афрыкі з візітамі, дзяржаўная прэса рапартавала пра вялікія перспектывы і праекты. Але можна сказаць, што гэта не дало нейкага вялізнага эфекту. У 2020 годзе было 400 мільёнаў даляраў экспарту ў Афрыку, у 2024-м – 650 мільёнаў. У Афрыку Беларусь прадае трактары, грузавікі, калійныя ўгнаенні, прадукты харчавання. І нават, калі тытанічнымі намаганнямі ўраду Беларусі ўдасца да 2030 году падняць экспарт у Афрыку да ўзроўню запланаваных 1.5 мільярда даляраў – то гэта будзе каля 2 працэнтаў ад агульнага беларускага экспарту.
У прынцыпе адбываецца адна і тая ж гісторыя. Гадамі Лукашэнка ездзіць па розных краінах Афрыкі і Азіі, ён сам і прапагандысты распавядаюць пра вялізныя перспектывы росту гандлю, пра дыверсіфікацыю экспарту – але ў выніку пасля 2022 году расце толькі адно – таваразварот з Расеяй і Кітаем. І адпаведна, палітычная і эканамічная залежнасць ад гэты краінаў. На ўсіх іншых накірунках замежнапалітычнага гандлю не адбываецца ніякага прагрэсу.
Віталь Цыганкоў, Беларускае Радыё Рацыя






