Сёння, 11 сакавіка, у Саудаўскай Аравіі пройдзе сустрэча, да якой прыцягнутыя вочы свету. Перамовы ўкраінскай і амерыканскай дэлегацый, хоць і без удзелу прэзідэнтаў абедзвюх дзяржаў, маюць «зламаць лёд» і вярнуць дачыненні ў канструктыўнае рэчышча пасля таго, як 28 лютага ў Белым Доме адбылася рэзкая спрэчка паміж Уладзімірам Зяленскім і Дональдам Трампам з удзелам віцэ-прэзідэнта Джэй Дзі Вэнса. Падрабязней пра гэта – у каментары Яны Запольскай.

Трамп трымаецца свайго плану: дасягнуць мірнага пагаднення паміж Украінай і Расейскай Федэрацыяй любым коштам, і гэта балюча адбівацца на ўкраінцах. Націскаючы на афіцыйны Кіеў, прымушаючы яго ісці на ўступкі і пагадзіцца на дрэнны, але мір, ЗША сярод іншага скасавалі доступ да амерыканскіх спадарожнікавых здымкаў. Гэта не проста рэзкі крок, але і даволі брутальны, які можа каштаваць жыцці людзей, істотна змяншаючы здольнасць Украіны абараняцца ад расейскіх ракетных удараў. Раней Штаты спынілі ваенную дапамогу Кіеву. Але прэзідэнт Трамп у нядзелю заявіў, што чакае добрых вынікаў ад перамоў у аўторак у Саудаўскай Аравіі. І гэта такі спосаб дасягнення сваіх мэтаў: ціск, не зважаючы на яго формы і наступствы, але і чаканы вынік.
Падчас сённяшніх перамоў, верагодна, будзе ацэньвацца здольнасць Украіны пайсці на ўступкі Расеі дзеля міру, і вырашацца лёс пагаднення па рэдказямельных металах, у якое афіцыйны Кіеў хацеў бы ўключыць гарантыю бяспекі ЗША.
– Яны падпішуць пагадненне па мінералах, але я хачу, каб яны хацелі міру… Яны не паказалі гэтага ў той ступені, у якой павінны, – сказаў Трамп, якога цытуе Reuters.
Такім чынам, перад сённяшнімі перамовамі Адміністрацыя Трампа ажыццявіла шэраг крокаў, якія можна называць спрэчнымі, жорсткімі ці якімі яшчэ, каб паказаць «хто ў доме гаспадар» і хто мае найвялікшы ўплыў у свеце. Але і Расея не сядзела, склаўшы рукі. У апошні тыдзень адбываліся актыўныя спробы прабіць украінскі фронт у Курскай вобласці, і пэўныя поспехі, прынамсі гэта вынікае з інфармацыі ў СМІ, у расейцаў ёсць. У кожным разе, на Куршчыне сітуацыя для ўкраінцаў цяжкая.
Напярэдадні Уладзімір Зяленскі прыляцеў у Саудаўскую Аравію дзеля сустрэчы з прынцам Мухамедам бін Салманам. Саудаўская Аравія яшчэ раней выступіла пасрэднікам паміж Украінай і РФ, у тым ліку ў абмене палоннымі. Чаго ж чакаць ад сённяшніх перамоў? У Белым Доме «ускладаюць вялікія надзеі на перамовы», а Зяленскі заявіў, што ўкраінскі бок «поўнасцю настроены на канструктыўны дыялог», што «рэалістычныя прапановы на стале, галоўнае – дзейнічаць хутка і эфектыўна». Напярэдадні ў Вашынгтоне паведамілі, што Зяленскі накіраваў Трампу ліст з прабачэннем за ранейшы інцыдэнт у Белым Доме.
Беларускае Радыё Рацыя






