BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ціханоўская абмеркавала падтрымку беларусаў з часовым павераным у справах Польшчы ў Літве

Падтрымку беларусаў і бяспеку ў рэгіёне абмеркавала дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская з часовым павераным у справах Польшчы ў Літве Гжэгажам Марэкам Познаньскім. Сустрэча прайшла 31 студзеня ў Вільні, паведаміў “Позірку” галоўны дарадца дэмлідаркі Франак Вячорка.

Паводле яго слоў, Ціханоўская з польскім дыпламатам таксама размаўлялі пра падрыхтоўку да “Форуму Касцюшкі”, які пройдзе 3–4 лютага ў Гданьску.

На старонцы амбасады Польшчы ў Літве ў “Фэйсбуку” адзначаецца, што бакі на сустрэчы абмеркавалі “важнасць беларускай грамадзянскай супольнасці для дэмакратызацыі Рэспублікі Беларусь, адзінства народа, сілу яго самабытнасці і культуры, моцныя еўрапейскія карані, стварэнне бяспечнай і адзінай Еўропы”.

Як паведаміў Вячорка, у той жа дзень Ціханоўская правяла ў сваім офісе сустрэчу з амбасадарам Нарвегіі ў Літве Атле Конта Мідтунам. Сярод іншага палітык на сустрэчы падзякавала дыпламату за падтрымку Нарвегіяй беларускіх праваабаронцаў і людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі. Таксама бакі “абмеркавалі планы на 2025 год”, адзначыў Вячорка.