BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ціханоўская абмеркавала з міністрам па еўрапейскіх справах Польшчы выдачу віз і стыпендый беларусам

Выдачу ўязных віз і стыпендый грамадзянам Беларусі абмеркавала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская з міністрам па еўрапейскіх справах Польшчы Адамам Шлапкам.

Перамовы прайшлі на палях міжнароднай канферэнцыі Impact у Познані, паведаміў “Позірку“ галоўны дарадца дэмлідара Франак Вячорка. Выказаўшы Польшчы падзяку за “паслядоўную палітыку ў дачыненні да Беларусі”, Ціханоўская заклікала Шлапку “ўзняць пытанне спрашчэння візавага рэжыму” для беларусаў, зазначыў Вячорка.

Палітык таксама падкрэсліла “неабходнасць захавання пасажырскіх зносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам” і важнасць “падтрымкі незалежных СМІ і культурных ініцыятыў”. “Абмеркавалі таксама прымяненне санкцый, – сказаў дарадца. – Ціханоўская звярнула ўвагу на недапушчальнасць змякчэння абмежаванняў на калійныя ўгнаенні, пакуль не вызваленыя палітвязні, і рэжым працягвае рэпрэсіі”.

На сустрэчы таксама прысутнічала прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык.