Германія адзначае 35-ю гадавіну падзення Берлінскай сцяны. Беларуская лідарка Святлана Ціханоўская далучылася да палітыкаў, актывістаў і грамадзянскіх дзеячаў, якія сабраліся, каб ушанаваць гэтую знамянальную падзею, якая падкрэслівае важнасць барацьбы за свабоду і дэмакратыю, паведамляе Аб’яднаны Пераходны Кабінет.

Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што «для беларусаў Берлінская сцяна мае вельмі важнае сімвалічнае значэнне. Як паказала падзенне Берлінскай сцяны, змены могуць прыйсці тады, калі іх ніхто не чакае, і мы павінны быць да іх гатовыя. Мы працягнем змагацца за тое, каб наблізіць гэтыя змены.
Берлінская сцяна рухнула дзякуючы мужнасці простых людзей – і такім жа чынам упадуць сцены прыгнёту ў Беларусі. Кожны акт непадпарадкавання – малы ці вялікі – набліжае нас на адзін крок. Разам мы разбурым усе сцены, якія аддзяляюць нас ад вольнай і дэмакратычнай будучыні».

Найбольш эмацыйным момантам урачыстасці стала цырымонія рэстаўрацыі і перафарбоўкі часткі сцяны.

Гэтая акцыя – сімвал абнаўлення і пераасэнсавання каштоўнасцяў свабоды ды адзінства, якія сталі магчымымі пасля падзення Берлінскай сцяны.
Фота: АПКБ






