Святлана Ціханоўская выказала падзяку Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЭ) за прыняцце рэзалюцыі, якая заклікае да правядзення свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі.

«Удзячныя сябрам ПАРЭ за рэзалюцыю на аснове даклада Рышарда Петру, якая заклікае да адхілення фіктыўных выбараў, падтрымкі дэмакратычных сіл Беларусі, расследавання парушэнняў правоў чалавека і прыцягнення рэжыму да адказнасці», — напісала лідарка дэмакратычных сіл у сваіх сацыяльных сетках.
Рэзалюцыя, прынятая адзінагалосна, падкрэслівае нелегітымнасць выбараў у Беларусі і заклікае краіны-члены Рады Еўропы не прызнаваць пераабранне Аляксандра Лукашэнкі. У дакуменце таксама змяшчаецца патрабаванне пра спыненне рэпрэсій, вызваленне палітычных зняволеных і ўвядзенне дадатковых санкцый супраць рэжыму.
Беларускае Радыё Рацыя






