Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская завітала ў Польшчу. Яе візіт будзе доўжыцца з 8 па 10 студзеня. Першыя афіцыйныя сустрэчы ўжо адбыліся.

Пра іх, вынікі мінулага года і планы на наступны нашая карэспандэнтка Марына Савіцкая паразмаўляла са Святланай Ціханоўскай.
– Перш за ўсё я прыехала ў Польшчу па запрашэнні прэзідэнта Дуды. Заўтра мы будзем ладзіць святочныя-несвяточныя імпрэзы для беларусаў. Гэта ўжо 3 год запар, калі такое адбываецца. Я ўдзячная прэзідэнту за тое, што збірае беларусаў усіх разам. Але канешне асноўная мэта візіту – гэта пазнаёміцца з новым урадам. Мы ўжо сустрэліся з прэзідэнтам Варшавы. Гэта не новы ўрад, але была добрая нагода, каб падзякаваць за ўсе ініцыятывы.
– Мы адзначылі неабходнасць памяшканняў для беларускіх ініцыятываў тут, каб было больш івентаў салідарнасці з Беларуссю, беларускімі палітвязнямі, каб даслаць беларусам нейкія пазітыўныя мэсэджы. Была сустрэча з новым міністрам замежных справаў, Сікорскім. Мы з ім былі знаёмыя і да яго новай пасады, мы ўсе ведаем яго жорсткае стаўленне да дыктатуры ў Беларусі, яму не трэба тлумачыць, што адбываецца, ён і так усё ведае.
– Мяне запэўнілі, што палітыка Польшчы ў дачыненні да Беларусі працягнецца. Гэта ціск на рэжым, гэта дапамога і падтрымка беларусаў, падтрымка беларускай ідэнтычнасці, культурных ініцыятываў. Можа будуць нейкія новыя рэабілітацыйныя праграмы для нашых палітвязняў, паглядзім, як гэта можна будзе імплементаваць. Таксама была сустрэча з міністрам па Еўрапейскіх справах, для нас гэта было вельмі важна.
– З нашых планаў на наступны год – гэта прасоўванне Еўрапейскага выбару для Беларусі, і прысутнасць беларускіх дэмакратычных сілаў на ўсіх Еўрапейскіх прытулках, дзе толькі можна, каб фармалізаваць адносіны, каб голас Беларусі быў чутны. Новы міністр – гэта чалавек, які шмат гадоў падтрымліваў беларускі дэмакратычны рух, і раней і зараз, таму свой чалавек. Таксама была сустрэча з намеснікам міністра па вышэйшай адукацыі. Таксама тут шмат працы, бо шмат студэнтаў.
– Нам патрэбныя кадравыя рэзервы для будучай Беларусі, і тут ужо Аліна Коўшык як прадстаўніца шмат тлумачыла, як можна палепшыць адукацыйныя працэсы паміж Польшчай і беларусамі. Заўтра яшчэ будзе сустрэча з міністрам унутраных справаў, з міністрам спорту. Таксама я правяду брыфінг для дыпламатаў, і адбудзецца сустрэча з беларусамі з культурніцкімі ініцыятывамі, з дзеячамі культуры, з рэлігійнай і грамадскай супольнасцямі. Таксама мы правядзем стрым з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам, адкажам на пытанні беларусаў.
Таксама 8-га студзеня адбудзецца анлайн-сустрэча Святланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінету з беларусамі.
Беларускае Радыё Рацыя