У інтэрв’ю RFI Святлана Ціханоўская распавяла пра стратэгію дэмакратычных сілаў у перыяд прызначаных рэжымам Лукашэнкі на 26 студзеня прэзідэнцкіх «выбараў». «Галоўны мой тэзіс – тое, што арганізоўваецца рэжымам у Беларусі, не мае ніякага дачынення да выбараў. Беларусам гэта і тлумачыць не трэба».

«Што тычыцца тых беларусаў, хто знаходзіцца за мяжой і можа дзейнічаць больш адкрыта, то ў нас будзе праведзеная маштабная медыякампанія напярэдадні дня так званых выбараў. У нас будзе ў гэты дзень масавае мерапрыемства ў Варшаве. Мы заклікаем усе нашыя беларускія дыяспары ва ўсіх краінах таксама распавесці пра гэтую сітуацыю і выкарыстаць гэты дзень, каб прыцягнуць увагу да рэпрэсіяў у Беларусі», – распавяла Ціханоўская ў інтэрв’ю.






