Беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская рэкамендавала ўзгадніць фармат выбараў у Каардынацыйную Раду з улікам прапаноў грамадскасці. Пра гэта гаворыцца ў яе лісце, які КР атрымала ў адказ на свой зварот з просьбай падтрымаць прапанаваную Радай выбарчую сістэму.
Ціханоўская рэкамендавала неадкладна аднавіць працу Упаўнаважанай рабочай групы, узгадніць з партнёрамі праект выбарчай сістэмы з улікам прапаноў грамадскасці, каб ён мог быць зацверджаны. Таксама яна прапанавала распрацаваць палажэнне аб выбарах ды рэалістычны план іх правядзення.
Як паведамлялася, 7 лютага, за дзень да заканчэння паўнамоцтваў другога складу, КР вырашыла падоўжыць мандат яго сяброў да першага агульнага сходу новага складу. Аднадушным гэтае рашэнне не было — Алена Жываглод склала паўнамоцтвы віцэ-спікера і выйшла з КР, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне адклікала свайго дэлегата Арцёма Брухана. На гэтым фоне 9 лютага КР у спешным парадку вызначылася з датай выбараў — 25 траўня — і фарматам іх правядзення, які выклікаў спрэчкі з прычыны некаторых выключэнняў (адмова ад спісу самавылучэнцаў, квот для грамадскіх арганізацый ды інш.).
Беларускае Радыё Рацыя