BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ціханоўская са сваёй камандай пераязджае з Літвы ў Польшчу

Святлана Ціханоўская, якая жыве ў Вільні з 2020 году, разам з сваёй камандай пераязджае з Літвы ў Польшчу. Як паведаміла агенцтва AFP са спасылкай на некалькі крыніц у камандзе Ціханоўскай і крыніцу ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы, яны неўзабаве пераедуць у Варшаву.

Агенцтва адзначыла, што яе памочнік Дзяніс Кучынскі паведаміў журналістам, што муж Святланы Ціханоўскай, Сяргей, які быў летась вызвалены з турмы, цяпер знаходзіцца ў ЗША з меркаванняў бяспекі.

Фота: t.me/tsikhanouskaya

Журналісты AFP таксама нагадалі, што на гэтым тыдні Ціханоўская сустракалася з прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім у Варшаве.

7 кастрычніка мінулага году стала вядома, што Літва зніжае ровень фізічнай аховы Ціханоўскай. Ахову перадалі ад Службы бяспекі кіраўніцтва дзяржавы ў Бюро крымінальнай паліцыі. Афіцыйная прычына — рэвізія ступені пагроз. Пазней прадстаўнікі Ціханоўскай паведамілі, што праца яе офісу ў літоўскай сталіцы прыпыненая ў сувязі «са зменамі ў сістэме аховы і бяспекі».