Праблемы беларускамоўнай адукацыі ў Вільні абмеркавала 29 сакавіка дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская з бацькамі школьнікаў, якія дамагаюцца стварэння ў літоўскай сталіцы новых пачатковых класаў з беларускай мовай навучання.
У сустрэчы з прадстаўнікамі дыяспары таксама ўдзельнічалі дарадцы Ціханоўскай Таццяна Шчытцова (па пытаннях адукацыі) і Маргарыта Ворыхава (па моладзевай палітыцы і студэнцтве). Гаворка ішла пра патрэбу ў праграмах па інтэграцыі беларускіх дзяцей у Літве, беларускамоўных падручніках, адкрыцці дадатковых пачатковых класаў у гімназіі імя Францыска Скарыны з беларускай мовай навучання.
Суразмоўцы адзначылі, што за апошнія тры гады беларуская дыяспара ў Вільні “значна павялічылася”, адпаведна, вырас і попыт на навучанне на беларускай мове. Разам з тым, як было падкрэслена, Скарынаўская гімназія не можа прыняць усіх ахвотных, таму беларускіх дзяцей перанакіроўваюць у іншыя адукацыйныя ўстановы, як правіла з рускай мовай навучання.
Афіцыйна ў Літве жыве больш за 60 тыс. грамадзян Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя