Святлана Ціханоўская дала эксклюзіўнае інтэрв’ю BBC. Падвышаную ўвагу яна надала праблеме палітычных зняволеных у Беларусі – і выклікам, з якімі сутыкаюцца людзі за кратамі, адзначае прэс-служба дэмакратычнае лідаркі.
«Рэжым хоча пераканаць нашых герояў за кратамі, што свет пра іх забыўся, што пра іх ніхто не думае: адвакат не прыходзіць, лісты не дастаўляюцца – вашая ахвяра была марнай. І я вельмі хачу, каб у свеце гучна загаварылі пра палітвязняў і гуманітарную сітуацыю ў Беларусі, каб людзі не адчувалі сябе забытымі ў нашай краіне… У нас тысячы палітычных зняволеных за кратамі, і гэта самая балючая частка нашай барацьбы, калі людзі пакутуюць за кратамі з-за дрэннага абыходжання», – адзначыла Ціханоўская.
Таксама Ціханоўская выказалася супраць вайны ва Украіне і ўдзелу Беларусі ў гэтай вайне: «Калі ва Украіне Расея ваюе танкамі, ракетамі, забівае людзей, то ў Беларусі гэта паўзучая акупацыя. Яны ўмешваюцца ў нашую культуру, нашыя СМІ, эканоміку, адукацыю, каб крок за крокам падпарадкаваць нашу нацыю. І толькі моцная нацыянальная ідэнтычнасць, моцнае грамадства дапамогуць нам пазбегнуць гэтай русіфікацыі».
Беларускае Радыё Рацыя