Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская 10–15 чэрвеня наведае Вашынгтон, паведаміў “Позірку” яе галоўны дарадца Франак Вячорка.

Паводле яго слоў, запланаваны сустрэчы “з высокімі прадстаўнікамі” Белага дома, у Дзяржаўным дэпартаменце, з ганаровым спікерам Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пеласі, у абедзвюх палатах Кангрэса, са спікерамі і СМІ.
Таксама пройдуць перамовы з дарадцам віцэ-прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Філам Горданам, памочнікам адміністратара USAID Эрын Элізабэт Макі, у Хельсінкскім камітэце ЗША — па пытаннях палітвязняў у Беларусі. 28 ліпеня 2021 года прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і Святлана Ціханоўская правялі перамовы ў Вашынгтоне.
У верасні 2022 года дэмлідарка выступіла на мерапрыемствах Генасамблеі ААН. У сакавіку 2023 года беларуская дэмакратычная лідарка наведала Злучаныя Штаты па запрашэнні Кангрэса.
12 ліпеня мінулага года Ціханоўская сустрэлася з Байдэнам у Вільні.
Нагадаем, Праект абноўленага Акта аб дэмакратыі ў Беларусі апублікаваны 7 чэрвеня. У дакуменце, які будзе разгледжаны ў абедзвюх палатах амерыканскага парламента, змяшчаецца шэраг палажэнняў аб сітуацыі ў Беларусі і дадзена ацэнка падзей у краіне да і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Беларускае Радыё Рацыя