Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у дыскусіі, прысвечанай пытанням рэпрэсій, у рамках асноўнай праграмы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Разам з ёй у івэнце ўдзельнічала Юлія Навальная.

Падчас размовы беларуская лідарка сфакусавала ўвагу аўдыторыі і суразмоўцаў на пытаннях вызвалення беларускіх палітвязняў, важнасці падтрымкі незалежных СМІ і ўплыву вайны ва Украіне на будучыню нашай краіны і ўсяго рэгіёну.
Гаворачы пра апошні выпадак вызвалення трох палітвязняў, лідарка сказала: «Гэта былі скаардынаваныя намаганні амерыканскага боку і беларускіх дэмакратычных сілаў. Мы сапраўды ўпарта працуем над вызваленнем людзей. Але трэба разумець: вызваленні адбываюцца не праз гуманнасць Лукашэнкі. Гэта адбываецца праз ціск, які ўвесь час аказваецца на рэжым Лукашэнкі».