BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ціханоўская заклікала вызваліць 200 палітвязняў у крытычным стане


«Яны мусяць быць вызваленыя безумоўна. Іх неадкладнае вызваленне – не палітычнае, а гуманітарнае пытанне», – напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.
Яна падкрэсліла, што жыццё згаданых вязняў знаходзіцца пад пагрозай, яна нагадала, што ў зняволенні ўжо памерла сама меней шэсць чалавек. Заклік Ціханоўскай з’явіўся на фоне анансаванага Аляксандрам Лукашэнкам вызвалення цяжкахворых апанентаў улады.

На слуханнях Камісіі ЗША па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (Хельсінкская камісія) 13 чэрвеня Ціханоўская паведаміла пра падрыхтаваны дэмакратычнымі сіламі «гуманітарны спіс» палітвязняў, якія мусяць быць неадкладна вызваленыя. У яго ўвайшло 16 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, 91 – з цяжкімі захворваннямі, 65 пенсіянераў, 10 чалавек з псіхічнымі разладамі, 23 непаўналетнія, а таксама не менш як пяць сем’яў, у якіх абодва бацькі знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі.

На 3 ліпеня ў Беларусі 1.409 чалавек, якіх праваабаронцы прызнаюць палітвязнямі. У рэальнасці грамадзян, якія зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме, значна больш.