Дэмакратычная лідарка Беларусі выступіла з уступнай прамовай на Кангрэсе еўрапейскіх зялёных у якасці галоўнага госця.
Яна наведала Ліён на запрашэнне Еўрапейскіх Зялёных, каб абмеркаваць падтрымку дэмакратычных рэформаў у Беларусі, еўрапейскага выбару беларусаў і зялёнай трансфармацыі краіны ў будучыні. Дэмакратычная лідарка нагадала пра тое, што сярод ахвяраў рэжыму ў Беларусі і палітычных вязняў шмат зялёных актывістаў. Таксама Святлана Ціханоўская сказала, што думае пра ўсіх беларусаў, якія пайшлі ваяваць за Украіну.
Цытата: «Яны разумеюць, што, змагаючыся за Украіну, яны змагаюцца і за свабоду Беларусі. Таму што лёсы нашых краін пераплецены. Без свабоднай Украіны не будзе свабоднай Беларусі, але і наадварот. Без свабоднай Беларусі не будзе бяспечнай Украіны».
Ціханоўская заклікала еўрапейскіх зялёных, якія цяпер уступаюць у выбарчую кампанію ў Еўрапарламент, уключыць у свае перадвыбарныя праграмы падтрымку Украіны і дэмакратычнай Беларусі. «Беларусы жадаюць быць часткай еўрапейскай сям’і. І мы хочам пачуць ад вас, што, калі настане момант, дзверы ЕЗ будуць адчыненыя для нас», – сказала Ціханоўская.
Беларускае Радыё Рацыя