BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь

Брытанскі медыцынскі часопіс: Медабслугоўванне беларускіх палітвязняў пагаршаецца. Чаму беларусы вяртаюцца з эміграцыі? «Дыктатары ведаюць, што дзеці – гэта самы эфектыўны рычаг ціску».

Фота: Zuma Press/IMAGO

Беларускія палітвязні сутыкаюцца з пагаршэннем медыцынскага абслугоўвання ў няволі, паведамляе брытанскі штотыднёвы медыцынскі часопіс The Lancet, які рэцэнзуецца. Выданне прыводзіць некалькі гісторый былых палітвязняў, якім аказвалася ў зняволенні нездавальняючая меддапамога, а лекары не праяўлялі да яе ніякай цікавасці. Па сведчаннях суразмоўцаў выдання, зняволеныя, асабліва палітычныя, “з цяжкасцю атрымліваюць нават базавую медыцынскую дапамогу ў турмах“. Выданне спасылаецца на дадзеныя некамерцыйнай арганізацыі “Урачы за праўду і справядлівасць”, паводле якіх сітуацыя пагоршылася з 2020 года.

“Cярод прычын нізкага ўзроўню медабслугоўвання можна назваць гістарычнае нежаданне ўрачоў працаваць у пенітэнцыярных установах, якое апошнія гады пагоршылася масавай эміграцыяй медыцынскіх работнікаў з-за шырокіх грамадскіх рэпрэсій. Іншым чыннікам абвастрэння праблемы з’яўляюцца рэпрэсіі ў стаўленні крытыкаў улады, якім адміністрацыя турмаў наўмысна стварае яшчэ больш суровыя ўмовы, чым астатнім зняволеных. Знаходжанне ў штрафных ізалятарах, дзе людзі вымушаныя спаць на дошках ці на падлозе ў памяшканнях без ацяплення ў халодны перыяд года часам без пасцельных прыналежнасцяў ці цёплага адзення, стала звычайнай з’явай для палітычных зняволеных. Стаматалагічная дапамога аказваецца неадэкватна ў месцах зняволення. Экс-палітвязням вырываюцца зубы замест таго, каб іх лячыць. Адным з фактараў, якія негатыўна ўплываюць на якасць медыцынскай дапамогі ў няволі, названа падпарадкаванне турэмных медыцынскіх падраздзяленняў не Міністэрству аховы здароўя, а Міністэрству ўнутраных спраў. Не выключна, што смерці некаторых палітвязняў не ўдалося прадухіліць менавіта з-за несвоечасовай ці неадэкватнай медыцынскай дапамогі, а гэта Ігар Леднік, Мікалай Клімовіч, Вадзім Храсько, Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін, Аляксандр Кулініч і Зміцер Шлетгаўэр. Па дадзеных праваабарончага цэнтра “Вясна”, па стане на 7 красавіка 2025 года мінімум 203 палітвязні знаходзяцца за кратамі “ў асаблівай рызыцы”, не менш за 76 маюць “цяжкі стан фізічнага здароўя”. У “асаблівай рызыцы” таксама знаходзіцца сем палітвязняў з інваліднасцю, 30 пажылых людзей (старэйшыя за 60 гадоў) і 10 чалавек з ментальнымі расстройствамі. Адзначаецца, што ў групу рызыкі вызначаны палітвязні, якія маюць праблемы са здароўем, непаўналетнія на момант здзяйснення дзеянняў, якія ставяцца ў віну, шматдзетныя і іншыя людзі ў цяжкіх сямейных абставінах, а таксама тыя, хто знаходзіцца на прымусовым псіхіятрычным лячэнні ў закрытых установах. Акрамя таго, да гэтай катэгорыі аднесены палітвязні ў інфармацыйнай блакадзе (інкамунікада) і пакінутыя за кратамі пасля заканчэння тэрміну зняволення. Паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, на 8 красавіка палітвязнямі прызнана 1.202 чалавекі”, – піша брытанскі штотыднёвы медыцынскі часопіс.

….

Пасля падзеяў 2020 года з Беларусі, паводле розных ацэнак, маглі з’ехаць да паўмільёна чалавек. Але, нягледзячы на ​​рэпрэсіі, якія працягваюцца ў краіне, некаторыя беларусы праз час вяртаюцца дадому. DW сабрала такія гісторыі.

“IT-спецыяліст Андрэй пражыў у Польшчы дзевяць месяцаў – і ён, і сям’я, даволі хутка асвоіліся ў новай краіне. Але пасля таго, як мужчына страціў працу, яны вырашылі вярнуцца ў Беларусь. “Ні Польшча, ні ЕЗ нас моцна не ўразілі. Вярнуліся з сям’ёй – родныя ўзрадаваліся, – адзначае Андрэй. – Жывецца лепш, чым у Польшчы. Беларусь мяне поўнасцю задавальняе ва ўсіх аспектах, акрамя палітычнага. На гэты момант, не бачу сэнсу эміграваць куды-небудзь”.

Мужчына кажа, што не баіцца за сваю свабоду, “як будзе – так будзе”, а жыць у страху, паводле яго слоў, “дрэннае рашэнне”, – перадае DW.

….

Святлана Ціханоўская працягвае адказваць на асабістыя пытанні пра сям’ю і дзяцей. У размове з Index on Censorship яна распавяла, як змянілася яе мацярынства пасля пачатку палітычнай дзейнасці:

«Як маці, ты заўсёды жывеш з пачуццём віны, таму што не праводзіш дастаткова часу з дзецьмі. Вельмі нечакана для іх я стала чалавекам, які абараняе іх тату, які абараняе краіну. Для іх я стала лідарам, якому даводзіцца шмат ездзіць, каб нагадваць сусвету пра сітуацыю ў Беларусі. Я сапраўды веру, што яны шмат чаму вучацца ў гэтых складаных умовах. Дзякуючы гэтаму яны ведаюць, як людзі могуць ахвяраваць жыццём, свабодай, камфортам дзеля чагосьці большага і важнага. Таму я хачу сказаць усім мамам, якія займаюцца такой важнай справай і клапоцяцца пра лёс Беларусі – нават не смейце вінаваціць сябе ў тым, што вы дрэнная маці, таму што вы павінны быць добрай лідаркай сваёй справы. Ваш прыклад – лепшы ўрок, які могуць засвоіць вашыя дзеці», – цытуе Ціханоўскую міжнароднае выданне.

Агляд падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя