Трамп вяртаецца ў Менск? Пасланнік ЗША можа сустрэцца з Лукашэнкам. Літва паскарае нацыянальныя санкцыі супраць Расеі і Беларусі. Урок пад прымусам: улады Беларусі распачалі вайну з дыстанцыйнай адукацыяй.

Беларусь можа прыняць самага высокапастаўленага амерыканскага чыноўніка за апошнія гады. Паводле Politico, Кіт Келаг — спецыяльны прадстаўнік ЗША па пытаннях Украіны і Расеі ў адміністрацыі Дональда Трампа — рыхтуецца наведаць Менск, дзе можа сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам.
«Калі візіт адбудзецца, Келаг стане самым высокапастаўленым амерыканскім чыноўнікам, які наведаў Беларусь за апошнія гады», — адзначае Politico.
Келаг, як паведамляюць крыніцы, працягне перамовы, што датычацца вызвалення палітвязняў, у тым ліку грамадзян ЗША і Еўропы, якія ўтрымліваюцца ў Беларусі. Нагадаем, у лютым і траўні 2025 года ў краіну ўжо прыязджалі амерыканскія прадстаўнікі, каб вызваліць некалькіх зняволеных.
«Паездка таксама можа стаць крокам у бок паляпшэння атмасферы для мірных перамоваў па заканчэнні вайны Расеі супраць Украіны», — піша Politico са спасылкай на інфармаваную асобу.
Адміністрацыя Трампа яшчэ ў свой першы прэзідэнцкі тэрмін спрабавала нармалізаваць адносіны з Менскам, у тым ліку праз візіт Майка Пампеа ў 2020 годзе. Аднак пасля перамогі Джо Байдэна палітыка змянілася: ЗША закрылі амбасаду ў Менску на фоне жорсткага падаўлення пратэстаў і поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.
«Цяпер Вашынгтон ізноў спрабуе аднавіць сувязі з Менскам і хоць бы часткова вырваць Беларусь з крамлёўскай арбіты», — падсумоўвае Politico.
….
Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс з трэцяй спробы пераадолеў апазіцыю і прадставіў у Сейм закон, які дазволіць працягваць прымяненне нацыянальных санкцый супраць Расеі і Беларусі, калі Еўразвяз не зможа ўзгадніць агульнае падоўжанне санкцый.
«Падтрымка закона была вельмі моцнай — 123 дэпутаты прагаласавалі “за”, толькі двое — “супраць”, адзін — устрымаўся», – піша LRT.
«Заканадаўства прадугледжвае замарожванне маёмасці фізічных і юрыдычных асоб, якія падтрымліваюць вайну супраць Украіны, у тым ліку і тых, хто звязаны з імі праз розныя сувязі. Таксама ўводзяцца экспартныя і імпартныя абмежаванні на тавары і тэхналогіі, карысныя для ваеннай і абароннай сферы Расеі і Беларусі. Падчас абмеркавання міністру прыйшлося павысіць голас у адрас дэпутата апазіцыі Ігнаса Вегеле, які выказаў непакой, што санкцыі могуць закрануць і грамадзян Літвы, маёмасць якіх замарозяць без суду.
Будрыс спакойна патлумачыў, што закон накіраваны выключна на працяг дзеючых санкцый ЕЗ на нацыянальным узроўні, падобна да практыкі Латвіі і Эстоніі, і нацэлены на асобаў, якія падтрымліваюць агрэсію, у тым ліку праз фінансавыя і палітычныя сувязі. Міністр таксама адзначыў магчымасць скаардынаваных дзеянняў з суседзямі — Латвіяй, Эстоніяй і Польшчай, і падкрэсліў, што многія краіны Еўропы ўжо маюць падобныя нацыянальныя механізмы санкцый», – паведамляе міжнароднае выданне.
….
З 1 верасня 2025 года ўсе дзеці, якія пражываюць у Беларусі, павінны абавязкова вучыцца толькі ў дзяржаўных установах адукацыі краіны. Як паведамляе DW, змены ў Кодэксе аб адукацыі скіраваныя на забарону дыстанцыйнага навучання ў замежных установах.
«Змены маюць на мэце выключыць практыку дыстанцыйнага навучання дзяцей у замежных арганізацыях», — заявіла прадстаўніца Міністэрства адукацыі Беларусі ў дзяржаўных СМІ.
Улада не хавае, што прыватныя школы фактычна ліквідаваныя, а патрыятычнае выхаванне і ідэалагічны кантроль абвяшчаюцца галоўнымі мэтамі адукацыі. У спіс абавязковых прадметаў уваходзяць «Гісторыя Беларусі», «Беларуская літаратура», «Геаграфія Беларусі» — тыя, што, на думку чыноўнікаў, «немагчыма вывучыць у замежжы».
«Адукацыя ніколі не была і не можа быць па-за палітыкай», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па зменах у заканадаўстве».
DW цытуе былога адваката, паводле якога новаўвядзенне можа прывесці да прызнання сям’і сацыяльна небяспечнай. Калі дзіця працягне навучанне на дыстанцыйцы, напрыклад, у расейскай школе, гэта можа расцэньвацца як «перашкода атрыманню абавязковай сярэдняй адукацыі». У такім выпадку сям’ю могуць паставіць на ўлік — або нават забраць дзіця з дому.
«Такія меры раней прымаліся ў дачыненні да сямей з алкагалізмам ці жорсткім абыходжаннем. Цяпер жа дастаткова, што дзіця не ходзіць у дзяржаўную школу», — тлумачыць эксперт DW.
Пасля хваляў заклапочанасці з боку эмігранцкіх сем’яў Міністэрства адукацыі ўдакладніла: новыя правілы не распаўсюджваюцца на дзяцей, што пражываюць за мяжой.
«Калі дзіця зарэгістравана ў Беларусі, але знаходзіцца на часовым пражыванні ў іншай краіне, абавязак навучацца ў беларускіх школах на яго не распаўсюджваецца», — заявілі ў ведамстве.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






