BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь

Скандал вакол “віртуальных астравоў”: Ціханоўскі патлумачыў свае словы, Літва — занепакоеная. Беларусь пагражае перанесці вучэнні «Захад-2025» бліжэй да мяжы з НАТА. Сузаснавальнік Bysol Андрэй Стрыжак адхілены ад кіраўніцтва на час расследавання абвінавачанняў у харасменце.

LRT (Літва) паведамляе пра рэакцыю Сяргея Ціханоўскага на вострую дыскусію, якая ўзнікла пасля яго інтэрв’ю на YouTube-канале «Жизнь малина». Падчас размовы былы палітвязень выказаў ідэю стварэння ў Літве «востраўкоў» для беларусаў, што было ўспрынята як прапанова аб утварэнні нейкіх формаў аўтаноміі:

“Пасля хвалі крытыкі, у тым ліку з боку кіраўніцтва Літвы, Ціханоўскі ў аўторак звярнуўся з відэазаявай, дзе патлумачыў, што гаворка ішла пра бізнес-хабы і цэнтры камунікацыі, а не пра палітычныя або тэрытарыяльныя ўтварэнні. Ён падкрэсліў павагу да суверэнітэту Літвы і выказаў падзяку за прытулак і дапамогу, якую краіна аказвае беларусам і ўкраінцам”.

LRT адзначае, што словы Ціханоўскага выклікалі сур’ёзную заклапочанасць у палітычных колах Літвы. Камітэт Сейма па нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы назваў гэтыя заявы «абсурднымі» і запатрабаваў іх ацэнкі з пункту гледжання бяспекі. Прэзідэнт Гітанас Наўседа заявіў, што Літва не дапусціць імправізаваных ініцыятыў, што закранаюць нацыянальныя інтарэсы, але заклікаў таксама не перабольшваць і не ператвараць выпадковыя словы ў кампанію ціску.
Па словах журналістаў LRT, Ціханоўскі нядаўна выйшаў на волю пасля пяці гадоў зняволення ў Беларусі і цяпер знаходзіцца ў Літве разам з жонкай Святланай Ціханоўскай. Ягонае пасланне да беларусаў — трымацца разам у выгнанні, не забываць пра мову, культуру і працягваць змаганне з аўтарытарным рэжымам.

….

The Kyiv Independent (Украіна) паведамляе, што Менск можа перагледзець ранейшае рашэнне і правесці расейска-беларускія ваенныя вучэнні «Захад-2025» не ў глыбіні краіны, а бліжэй да заходняй мяжы — у адказ на «эскалацыю ваеннай актыўнасці Польшчы і Літвы».

Намеснік міністра абароны Беларусі Павел Муравейка 23 ліпеня заявіў, што першапачаткова вучэнні былі перанесены ўглыб краіны дзеля змякчэння напружанасці, але цяпер гэтае рашэнне можа быць адменена. Паводле яго, Польшча рыхтуецца да манеўраў каля Гародні і Белавежскай пушчы, а Літва перамяшчае брыгаду «Жалезны воўк» на палігон у Пабрадзе. Паводле The Kyiv Independent, вучэнні «Захад-2025» запланаваныя на сярэдзіну верасня і павінны ахапіць каля 13 000 вайскоўцаў, што робіць іх аднымі з самых маштабных сумесных манеўраў Расеі і Беларусі. Ва ўмовах поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны вучэнні выклікаюць заклапочанасць у Кіева і краін НАТА.

Муравейка падкрэсліў, што «пад такімі ўмовамі мы пакідаем за сабой права перамяшчаць асобныя падраздзяленні і адпрацоўваць эпізоды выключна абарончай скіраванасці». Выданне нагадвае, што хоць войскі Беларусі непасрэдна не ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях ва Украіне, Менск аказаў важную падтрымку Расеі, уключаючы прадастаўленне тэрыторыі для запуску ракет і наступлення ў пачатку ўварвання.

….


DW (Нямеччына) паведамляе, што Фонд беларускай салідарнасці Bysol адхіліў аднаго з сузаснавальнікаў і публічнага прадстаўніка арганізацыі Андрэя Стрыжака ад кіраўнічых абавязкаў на перыяд унутранага расследавання. Як гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце фонда, гэта звязана з абвінавачаннямі ў харасменце. На час разбіральніцтва, якое будзе праводзіцца з удзелам профільных экспертаў, Стрыжак не выконвае прадстаўнічых функцый. Папярэднія вынікі абяцаюць апублікаваць не пазней за 1 верасня, пасля чаго будзе прынята рашэнне пра далейшае супрацоўніцтва.

Прадстаўнікі фонда падкрэсліваюць, што праца Bysol працягваецца: арганізацыя займаецца эвакуацыяй людзей з Беларусі, падтрымкай палітвязняў, іх сем’яў і ініцыятыў грамадзянскай супольнасці. Аднак DW адзначае, што на фоне скандалу і агульнай стомленасці ад палітычнай барацьбы, узровень фінансавай падтрымкі фонда значна знізіўся. Напрыклад, збор на эвакуацыю брата Ігара Лосіка — Мікіты — прынёс толькі 558 еўра за суткі. У дырэктараце просяць аддзяляць учынкі канкрэтнай асобы ад місіі арганізацыі, падкрэсліваючы, што Bysol будзе працаваць і без Стрыжака.

Агляд падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя