BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь

Літва панізіла ровень аховы Святланы Ціханоўскай. Rzeczpospolita: Польшча гатова зноў адкрыць некаторыя пункты пропуску з Беларуссю. Новы падручнік па гісторыі Беларусі прапагандуе «заходні пераварот» 2020 года.

Святлана Ціханоўская

Як паведамляе LRT.lt са спасылкай на ELTA, урад Літвы прыняў рашэнне панізіць узровень фізічнай аховы лідаркі беларускай апазіцыі Святланы Ціханоўскай, якая пражывае ў Вільні. Ахова не скасоўваецца цалкам, але перадаецца ад Службы аховы кіраўніцтва дзяржавы (Vadovybės apsaugos tarnyba) у Бюро крымінальнай паліцыі, якое забяспечвае абарону асобаў, якім можа пагражаць небяспека, а не дзяржаўных дзеячоў.

Міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс пацвердзіў: «На падставе ацэнкі рызыкаў і рашэнняў служба аховы кіраўніцтва прыняла рашэнне панізіць ровень аховы. Пра гэта былі паінфармаваныя і Святлана Ціханоўская, і яе офіс».

Паводле LRT.lt, рашэнне пачало дзейнічаць з 1 кастрычніка і мае пераходны перыяд. Ціханоўская захоўвае статус госці катэгорыі С — гэта ровень, які звычайна прысвойваецца паслам і кіраўнікам міжнародных прадстаўніцтваў, аднак дыпламатычнага імунітэту яна не мае. Першы намеснік дырэктара службы аховы дзяржавы Паулюс Неміра адмовіўся каментаваць дэталі, назваўшы меры бяспекі «засакрэчанай інфармацыяй». Паводле звестак журналістаў, ахова Ціханоўскай каштавала дзяржаве каля 1 млн еўра на год. Сацыял-дэмакрат, старшыня камітэта Сейма па міжнародных справах Рэмігіюс Мотузас патлумачыў, што рашэнне было прынятае «з улікам дзяржаўных выдаткаў і рэальных пагрозаў»: «Ахова не знікае, яна будзе іншай — яе возьме пад кантроль Міністэрства ўнутраных спраў. Падчас паездак за мяжу будуць адпраўляцца ноты, каб ахова забяспечвалася і там».

Палітолаг Валерый Карбалевіч у каментары Рускай службе LRT адзначыў, што небяспека для Ціханоўскай захоўваецца, незалежна ад узроўню аховы: «Любая ахова палітыкаў — адносная. Калі хтосьці сапраўды хоча здзейсніць напад, ахова не заўсёды спыніць. Мы бачылі замахі нават на Дональда Трампа і Роберта Фіцa». Карбалевіч таксама нагадаў пра ўзмацненне ціску на беларускіх дэмакратаў за мяжой — знікненне вясной у Польшчы Анжалікі Мельнікавай і Анатоля Котава:
«Улады Беларусі душаць унутраны супраціў і цяпер спрабуюць дацягнуцца да апазіцыянераў у эміграцыі. На гэтым фоне пагрозы для Ціханоўскай, вядома, ёсць, былі і будуць».
….

Rzeczpospolita паведамляе, што польскія ўлады разглядаюць магчымасць аднаўлення працы некаторых пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю, закрытых некалькі гадоў таму. Аднак для гэтага існуе некалькі ўмоў.

Асноўныя патрабаванні Польшчы:

-Прыпыненне міграцыйнага крызісу. Паводле дадзеных Rzeczpospolita, толькі за перыяд з 25 верасня па 5 кастрычніка супрацоўнікі польскай пагранічнай службы зафіксавалі каля 950 спроб незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі.

-Вызваленне Анджэя Пaчобута, былога кіраўніка Саюза палякаў Беларусі, асуджанага ў 2023 годзе на 8 гадоў з абвінавачаннямі ў шкодзе нацыянальнай бяспецы, разбурэнні нацыянальных адносін і іншых супрацьпраўных дзеяннях. Улады Беларусі ўключылі яго ў спіс асоб і арганізацый, звязаных з тэрарыстычнай дзейнасцю.

-Супрацоўніцтва па справе аб забойстве польскага сяржанта Матэвуша Сітэка (28 мая 2024 года). Польшча сцвярджае, што Менск утойвае факты, якія маглі б дапамагчы следству. Улады Беларусі ў сваю чаргу адмаўляюць наяўнасць інфармацыі па гэтай справе і вінавацяць Польшчу ў інфармацыйнай эскалацыі.

Стан пунктаў пропуску:
На сёння на польска-беларускай мяжы працуюць пункты:
«Брэст» («Цярэспаль») — для легкавых аўтамабіляў,
«Казловічы» («Кукурыкі») — для грузавікоў,
тры чыгуначныя пункты.

Частка іншых пераходаў застаецца часова закрытай. Беларускія грамадзяне могуць таксама выязджаць у ЕЗ праз Літву і Латвію (пункты «Каменны Лог» / «Мядзінінкай», «Беняконі» / «Шальчынінкай», «Грыгораўшчына» / «Сілене»).

….

Як паведамляе iSANS, у новым беларускім падручніку па гісторыі апісваецца падзеі 2020 года як замах замежных дзяржаў на ўнутраныя справы краіны. Паводле аўтараў, замежныя дзяржавы нібыта арганізавалі «каляровую рэвалюцыю», спрабавалі справакаваць сутыкненні грамадзян з сілавікамі і загадзя абвясцілі выбары сфальсіфікаванымі, каб прымусіць Беларусь правесці новыя выбары пад кантролем ЕЗ і ЗША, нават з магчымым ваенным умяшаннем. Аўтары падкрэсліваюць: «Усе спробы замежных дзяржаў не ўдаліся: пратэстоўцаў выціснулі за межы Беларусі».

У падручніку таксама адзначаецца, што пасля выбараў Лукашэнку павіншавалі прэзідэнты Кітая, Расеі, Турцыі і Казахстана, а ЕЗ і ЗША замест гэтага ўвялі санкцыі. Як вынік, Беларусь нібыта ўзмацніла інтэграцыю з Расеяй у рамках Саюзнай дзяржавы.  Падручнік не згадвае Святлану Ціханоўскую, масавыя арышты, рэпрэсіі ці хвалі эміграцыі, але ўпершыню ўводзіць тэрмін «каляровыя рэвалюцыі».

Фінальная заўвага аўтараў: «Беларусь застаецца адкрытай для дыялогу з заходнімі краінамі». Глава пад назвай «Спробы ўмяшання замежных дзяржаў ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь» займае крыху больш за старонку.

Агляд падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя