Літва рыхтуе міжнародны суд супраць Беларусі з-за кантрабанды паветранымі шарамі. Менск у цяні перамоваў. Калі Масква перакрые вентыль: што будзе з беларускай энергасістэмай.

“У Літве плануюць міжнародны судовы разгляд з-за дзеянняў Беларусі, якія звязаныя з кантрабандай праз паветраныя шары”, – паведамляе LRT. Паводле прэм’ер-міністра Інгі Ругінене, міністэрствы юстыцыі, транспарту і замежных спраў збіраюць дадзеныя і рыхтуюць магчымасць звярнуцца ў Міжнародны суд справядлівасці па шкодзе, нанесенай грамадзянскай авіяцыі і Віленскаму аэрапорту, які некалькі разоў прыходзілася закрываць праз паветраныя шары. Міністр адзначыла, што першыя крокі ўжо зроблены: Міністэрства транспарту і камунікацый звярнулася ў Міжнародную грамадзянскую арганізацыю, і сабраныя дадзеныя будуць выкарыстаны для будучага судовага працэсу. Ругінене падкрэсліла, што нават калі Беларусь і Расея не заўсёды выконваюць міжнароднае права, гэты працэс мае сэнс, паколькі Літва дзейнічае як дэмакратычная дзяржава і клапоціцца пра сваю рэпутацыю.
Раней Літва на месяц закрыла мяжу з Беларуссю з-за пагрозы кантрабандных паветраных шароў, але адкрыла яе на дзесяць дзён раней за запланаваны тэрмін. Пункты пропуску «Медзінінкай» і «Шальчынінкай» адноўлены, аднак Менск да гэтага часу не выпускае літоўскія грузавікі і патрабуе кансультацый на ўзроўні МЗС. Літоўскія ўлады называюць запуск паветраных шароў гібрыднай атакай з боку Беларусі.
….
«Лукашэнка і Менск у лініі сціплага ўдзелу ў міжнародных перамовах па Украіне», – канстатуе DW. Апошнія тыдні лістапада ў цэнтры ўвагі аказаўся «мірны план Трампа», які выклікаў дыскусію ў ЗША, Еўропе і Расеі. Менск захоўваў цішыню адносна ініцыятывы амаль тыдзень, ацэньваючы пазіцыю Масквы. Лукашэнка на саміце АДКБ у Бішкеку толькі пасля перамоў з Пуціным публічна пракаментаваў план, падкрэсліваючы сваю ролю ў інфармацыйным суправаджэнні, але без прамога ўплыву на хаду перамоў.
Кіраўнік Беларусі застаецца ў асноўным у ролі «шаптуна Пуціна», які прадстаўляе патрэбныя Крамлю наратывы. Хоць Менск імкнецца стаць паўнавартасным удзельнікам перамоў і атрымаць палітычныя дывідэнды, рэальныя магчымасці для ўплыву на амерыкана-расейскія дыскусіі абмежаваныя. Вызваленне 31 украінскага палітвязня ў Беларусі выглядае сімвалічным крокам для прыцягнення ўвагі Вашынгтона, але Беларусь застаецца па-за асноўнымі перамовамі па еўрапейскай бяспецы.
Значэнне Лукашэнкi для ЗША апошнім часам знізілася: спецпасланнік Трампа па Украіне і спецыяліст па Беларусі не ўключаюць яго ў цэнтр перамоў, а анансаваны візіт Джона Коула ў Менск адкладзены. Менск выкарыстоўвае план Трампа хутчэй для самапрэзентацыі, чым як рэальную магчымасць паўплываць на хаду міру ва Украіне, адзначае DW.
….
Па ацэнках iSANS, Беларусь вельмі шмат у чым залежыць ад расейскіх энергарэсурсаў — больш за 80 % патрэб задаволены з дапамогай расейскага газу і нафты. Але нават калі пастаўкі з РФ будуць цалкам спынены, краіны ЕЗ маюць дастатковыя магчымасці для паставак газу, а Беларусь на першы час змагла б абаперціся на ўласныя запасы ў падземных сховішчах. Гэта значыць — святло і цяпло ў краіне не знікнуць, энергасістэма застанецца працаздольнай.
Што датычыцца нафты, уласная здабыча Беларусі пакрывае прыкладна чвэрць унутранага попыту. Астатнюю патрэбу можна кампенсаваць імпартам з Польшчы і Літвы. Гэта азначае, што бензін і дызель могуць падрасці, але павышэнне цэн будзе ўмераным — прыкладна на 2,5–7 %.
Але галоўны ўдар прыйдзецца па тарыфам на газ. Пераход на еўрапейскі рынак выкліча рост цэн: за тысячу кубаметраў газу прыйдзецца плаціць ~504 $, замест цяперашніх ~153 $, — рост у 3,3 разы. Гэта ператворыць цяперашнія «зручныя» тарыфы для многіх у недасяжныя. Для таго, каб утрымаць існуючы ўзровень аплаты, дзяржаве давядзецца штогод выдзяляць каля 5 мільярдаў даляраў.
Аналагічна моцна пацерпіць сістэма ацяплення. Сёння беларусы плацяць толькі каля 20 % рэальнай вартасці цяпла, астатняе пакрывае дзяржава; у выпадку захавання цяперашніх тарыфаў дзяржаўная нагрузка вырасце да 91 % усіх выдаткаў. Каб перавесці галіну на самазабеспячэнне без дзяржаўных субсідый, прыйдзецца павысіць тарыфы ў 10–13 разоў.
Электрычнасць таксама падаражэе — прыблізна на трэць: з 0,099 да 0,132 $ за кВт⋅г. Гэта адносна менш балюча, але разам з ростам цэн на газ і цяпло нагрузка на бюджэт сем’яў і дзяржавы будзе істотнай.
Эксперты iSANS робяць выснову: тэхнічна Беларусь здольная справіцца з перапыненнем паставак з РФ — нават пры крытычным сцэнары энергетычная сістэма не абрынецца, святло, цяпло і паліва застануцца. Але эканамічны ўдар будзе адчувальны: рост цэн, неабходнасць перагляду тарыфаў, вялікія выдаткі на субсідыі, страта экспартных даходаў. І каб перайсці на новы, больш устойлівы энергетычны курс, патрэбны шырокія рэформы: пошук альтэрнатыўных крыніц энергіі, развіццё ўнутранай вытворчасці, увядзенне больш справядлівых і праўдзівых тарыфаў. Такім чынам, нават калі Беларусь «выжыве» без расейскіх энергарэсурсаў, цана за такую самастойнасць будзе высокай.
Агляд падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя





