«Арэшнік» у Беларусі — рэальная пагроза ці прапаганда? Год жанчыны і рэпрэсіі ў Беларусі. Падзенне Мадуры ў наратывах дзяржаўнай прапаганды Лукашэнкі.

Deutsche Welle аналізуе заявы Менска і Масквы пра нібыта размяшчэнне ў Беларусі расейскага ракетнага комплексу «Орешник» і прыходзіць да высновы, што на сённяшні дзень няма пераканаўчых доказаў яго рэальнага разгортвання.
Лукашэнка ўпершыню абвясціў пра размяшчэнне «Арэшніка» 18 снежня 2025 года падчас Усебеларускага народнага сходу. 30 снежня Міністэрства абароны РФ заявіла, што комплекс «заступіў на баявое дзяжурства ў Беларусі», апублікаваўшы відэа з калонай вайсковай тэхнікі, казармамі і дзяржаўнымі сцягамі Беларусі і Расеі. Пры гэтым дакладнае месца дыслакацыі раскрыта не было.
Арганізацыя былых сілавікоў BelPol ставіць пад сумнеў прысутнасць «Арэшніка» ў Беларусі.
Акрамя таго, няма звестак пра стварэнне адпаведнай інфраструктуры або перадыслакацыю расейскіх падраздзяленняў. Паводле ацэнак даследчыкаў, кошт аднаго «беларускага» дывізіённага камплекта разам з будаўніцтвам базы можа складаць ад 1 да 2 млрд даляраў.
DW піша, што Лукашэнка заяўляў пра магчымасць размяшчэння «Арэшніка» на былых савецкіх ядзерных пляцоўках. Даследчыкі з Інстытута міжнародных даследаванняў Мідлберы і аналітычнага цэнтра CNA, аналізуючы спадарожнікавыя здымкі, выказалі здагадку, што адной з магчымых лакацый можа быць былы аэрадром «Крычаў-6» у Магілёўскай вобласці — за пяць кіламетраў ад мяжы з РФ:
“Аднак у BelPol падкрэсліваюць, што пляцоўка пад Крычавам пакуль не мае нават базавага перыметра бяспекі і можа выкарыстоўвацца для іншых ваенна-прамысловых аб’ектаў у рамках агульнай мілітарызацыі краіны.
На спадарожнікавых здымках няма прыкмет баявога дзяжурства пускавых установак, а размяшчэнне такіх сістэм у непасрэднай блізкасці ад мяжы з РФ з ваеннага пункту гледжання выглядае нелагічным. Гаворка хутчэй ідзе пра сімвалічны і прапагандысцкі крок. Стратэгічны сэнс заяваў Масквы і Менска — перш за ўсё інфармацыйны. У выпадку рэальнага разгортвання комплексам, хутчэй за ўсё, кіравалі б расейскія вайскоўцы, а Беларусь у такім сцэнары магла б стаць легітымнай мэтай для адказнага ўдару”. DW робіць выснову: на сёння няма падстаў сцвярджаць, што «Арэшнік» сапраўды размешчаны ў Беларусі і выконвае заяўленыя задачы, а ключавы эфект ад гучных заяў — інфармацыйна-палітычны, а не ваенна-стратэгічны.
….
BBC адзначае, што Лукашэнка абвясціў 2026-ы «Годам беларускай жанчыны». Паводле ўказа, гэта зроблена «ў мэтах фармавання нацыянальнага вобраза жанчыны-працаўніцы, папулярызацыі яе ролі ў захаванні і развіцці грамадства». У дакуменце няма канкрэтнага плана дзеянняў: абласным адміністрацыям даручана толькі скласці спіс тэматычных мерапрыемстваў. Традыцыя абвяшчэння «тэматычных гадоў» у Беларусі існуе з пачатку 2000-х: раней гэта былі гады малой радзімы, прадпрымальніцтва, гістарычнай памяці і добраўпарадкавання. Праект «Год жанчыны» быў падтрыманы прадстаўніцамі культурнага, медыйнага і дзяржаўнага сектара, уключаючы ўдзельніц конкурсаў прыгажосці і журналістак прапагандысцкіх СМІ.
Аднак рэакцыя былых палітвязняў і апазіцыйных актывістак падкрэслівае супярэчнасць заявы: дзясяткі жанчын дагэтуль знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі па палітычных абвінавачаннях.
У сацыяльных сетках працягваецца размова пра ролю жанчын у грамадстве і кантраст паміж афіцыйнай рыторыкай і рэальнай палітычнай сітуацыяй. Пасты і відэа паказваюць, што тэма «Года жанчыны» ў Беларусі суправаджаецца шырокім рэзанансам: як у афіцыйных колах, так і сярод апазіцыйных і дыяспарных супольнасцей.
Агульны фон падзей і медыйнай рэакцыі паказвае на працяг супярэчлівай палітыкі ўлады: з аднаго боку — сімвалічныя праграмы і прапагандысцкія ініцыятывы, з другога — рэальная практыка рэпрэсій і кантролю, асабліва ў дачыненні да жанчын у палітычнай сферы.
Падзеі тыдня таксама звязаныя з медыйнай сферай апазіцыі: былы канал Сергея Ціханоўскага «Страна для жизни» спыніў эфіры з-за ўнутраных канфліктаў і фінансавых цяжкасцяў. Новая ініцыятыва былых супрацоўнікаў — YouTube-канал «Вечерний кефир» — спрабуе працягваць праект асобна ад Ціханоўскага і яго жонкі Святланы Ціханоўскай, прызнанай на Захадзе лідаркай беларускай апазіцыі.
….
іSANS разглядае, як улады Беларусі і праўладная прапаганда адрэагавалі на затрыманне прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры ў выніку спецаперацыі ЗША ў ноч з 2 на 3 студзеня 2026 года.
Рэжым Мадуры меў цесныя эканамічныя і ваенна-палітычныя сувязі з Расеяй, а сам венесуэльскі лідар знаходзіўся ў сяброўскіх адносінах як з Пуціным, так і з Лукашэнкам. Апошні неаднаразова публічна выказваў падтрымку Мадуру, называў яго «прыстойным чалавекам» і нават заяўляў пра гатоўнасць прыняць яго ў Беларусі ў выпадку адстаўкі.
Аднак пасля імклівай і паспяховай аперацыі амерыканскага спецназа рэакцыя афіцыйнага Менска была запозненаю і стрыманай. Першы каментар з’явіўся толькі днём 3 студзеня і зводзіўся да «катэгарычнага асуджэння амерыканскай агрэсіі». Дзяржаўныя структуры дзейнічалі асцярожна, відавочна чакаючы сігналаў ад Лукашэнкі.
Праз некалькі дзён Лукашэнка змяніў тон: з асцярожных фармулёвак ён перайшоў да эмацыйных заяваў, адначасова выкарыстоўваючы сітуацыю ў Венесуэле як нагоду падкрэсліць важнасць канстытуцыйных і сілавых механізмаў у Беларусі і запэўніць, што «венесуэльскі сцэнар» для краіны «нерэальны».
iSANS адзначае, што дзяржаўная і каля-дзяржаўная прапаганда адрэагавала на падзенне Мадуры агрэсіўна і панічна. Асноўныя наратывы зводзіліся да асуджэння ЗША, тлумачэння падзей «барацьбой за венесуэльскую нафту» і адначасова — да неахвотнага, але відавочнага захаплення эфектыўнасцю амерыканскай спецаперацыі, якую шматлікія каментатары непасрэдна параўноўвалі з вайной Расеі супраць Украіны не на карысць апошняй.
Многія прапагандысты ўспрынялі затрыманне Мадуры як асабістую пагрозу беларускім і расейскім рэжымам. У выніку ў публічнай рыторыцы ўзмацніліся заклікі да «сілы», татальнага кантролю, ўзбраенняў, уключна з ядзернымі, і ўзгадванне ракетных сістэм як гарантыі выжывання рэжыму.
Міжнароднае выданне робіць выснову, што рэакцыя інфармацыйнага поля Беларусі выявіла структурную слабасць рэжыму: няздольнасць уплываць на глабальныя падзеі, ідэалагічную залежнасць ад Масквы і глыбінны страх перад магчымасцю паўтарэння падобнага сцэнару ў самой Беларусі. Падзенне Мадуры ў прапагандысцкіх наратывах Лукашэнкі стала не знешнепалітычнай тэмай, а люстэркам унутранай трывожнасці ўлады.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






