BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь

Беларусь: малітвы за «шчырую і хуткую рэстаўрацыю» Чырвонага касцёла. Беларусь узмацняе інфармацыйны ціск на Літву, выкарыстоўваючы гібрыдныя інцыдэнты. Тарыфы на газ растуць, праграму па энергазберажэнні згортваюць.

Фота: minsknews.by

Нарвежскае выданне Forum 18 паведамляе пра працяглы канфлікт вакол Касцёла Святых Сымёна і Алены (вядомага ў Менску як Чырвоны касцёл). Пасля падазронага невялікага пажару ў верасні  2022 г. храм быў зачынены, а доступ вернікаў да яго — абмежаваны. Прадстаўнікі ўладаў працягваюць адмаўляцца паведамляць, ці будзе касцёл вернуты для богаслужэнняў пасля рэстаўрацыі. Як сказаў Forum 18 Сяргей Герасіменя, намеснік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей: «Я не буду даваць каментары», — адказаў ён на пытанне пра вяртанне касцёла вернікам. Падобны адказ дала і Таццяна Шэўчык, начальніца аддзела па каардынацыі ідэалагічнай працы, справах рэлігій і нацыянальнасцей Менгарвыканкама.

Будынак належыць дзяржаўнай арганізацыі «Мінская спадчына», якая пачала новую рэстаўрацыю ў чэрвені 2025 года, а дзяржаўная кампанія Мінскпрамбуд павінна скончыць працы да студзеня 2027 года. Наталля Воўкава з “Мінскай спадчыны” адзначыла: «Канечне, вернікі будуць мець доступ да гэтага рэлігійнага месца для малітвы і ўдзелу ў богаслужэннях», — аднак дакладных тэрмінаў гэтага доступу не назвала.

Былы настаяцель касцёла, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, звярнуўся да “Мінскай спадчыны” з просьбай дазволіць 10 красавіка правядзенне памінальнай службы ля грабніцы Эдварда Вайнілавіча — заснавальніка касцёла, якога Каталіцкая Царква ў 2016 г. прызнала Слугой Божым. Але яму было адмоўлена..

Forum 18 таксама адзначае пагрозу свабодзе веравызнання ў краіне: з уводам новага рэпрэсіўнага закона аб рэлігіі у ліпені 2024 г., рэаліі рэгістрацыі рэлігійных суполак значна ўскладніліся, і колькасць зарэгістраваных супольнасцяў зменшылася ў шэрагу абласцей (напрыклад, у Віцебскай — з 565 да 492).

Чырвоны касцёл быў зачынены дзяржавай у 1932 годзе, вернуты вернікам у 1990 годзе без перадачы права ўласнасці, а пасля пажару ў 2022 годзе — зноў зачынены і агароджаны. Вернікі і цяпер штодзённа моляцца пра хуткую рэстаўрацыю, але пакуль няма ўпэўненасці, што храм сапраўды адкрыюць для рэгулярных богаслужэнняў пасля 2027 г.

….

У 2025 годзе Беларусь актыўна ўзмацніла інфармацыйны ціск на Літву, выкарыстоўваючы інцыдэнты з парушэннем паветранай прасторы і кантрабандныя шары як прыклад няздольнасці Літвы і NATO абараніць свае межы, паведамляе LRT.lt. У артыкуле гаворыцца, што лукашэнкаўскія і расейскія каналы прапаганды шырока асвятлялі місію NATO “Балтыйскі страж” у Балтыйскім моры і падвышаную ўвагу да Калінінградскай вобласці, што, па меркаванні аўтараў матэрыялу, адлюстроўвае значэнне “ценявага флота” Расеі.

У матэрыяле адзначаецца, што паведамленні імкнуліся паказаць адносіны Літвы і Беларусі як агрэсіўныя і шкодныя для самой Літвы. Асобна падкрэсліваецца, што кожны інцыдэнт выкарыстоўваўся для падрыву даверу грамадства да дзяржаўных інстытутаў і аслаблення падтрымкі абаронных мер.

Таксама ў артыкуле гаворыцца пра рост інцыдэнтаў, звязаных з беспілотнікамі і кантрабанднымі шарамі, што прыводзіла да часовага закрыцця Віленскага аэрапорта і фіксацыі парушэнняў у Балтыйскім моры. Прапаганда нібыта абвінавачвала Літву ў самаініцыяванні гэтых інцыдэнтаў.
Акрамя таго, у аглядзе адзначаецца, што асноўнай тэмай з’яўлялася Балтыйскае мора і меры абароны Літвы на мяжы з Расеяй і Беларуссю. Матэрыял падкрэслівае двайны характар інфармацыйнага ціску: з аднаго боку — паказаць пагрозу для Расеі і Беларусі, а з другога — прадставіць палітыку NATO як неэфектыўную і дарагую.

У артыкуле таксама гаворыцца пра выкарыстанне штучнага інтэлекту для стварэння маніпулятыўнай інфармацыі, уключаючы “дыпфэйкі”, і адзначаецца, што асноўныя воражыя наратывы застануцца нязменнымі ў доўгатэрміновай перспектыве.

….

Паводле iSANS_Belarus, у Беларусі з 1 сакавіка 2026 года павялічваюцца тарыфы для насельніцтва: газ — на 7,07%, электраэнергія — на 7%, а з 1 чэрвеня ўзрастуць тарыфы на цеплавую энергію — на 7,3%. Балон звадкаванага газу падаражэе на 1,7 рубля.

Беларуснафта плануе атрымаць новыя ліцэнзіі ў Расеі на здабычу вуглевадародаў. У заходняй Сібіры праз сваю «дачку» “Янгпур” кампанія штогод здабывае больш за 1 млн тон вуглевадародаў. «Беларуснафта-Сібір» мае штогадовы партфель заказаў на суму больш за 100 млн долараў.
У краіне налічваецца 96 радовішчаў з рэсурсамі каля 194,5 млн тон нафты. Дабытак у 2026 годзе плануецца 2,1 млн тон, да 2030 года — 2,3 млн тон, з бурэннем каля 531 свідравіны і ростам запасаў на 13,47 млн тон.

Электратэхнічная інфраструктура таксама развіваецца: сёння ў Беларусі каля 2 тыс. зарадных станцый для электрамабіляў, плануецца дадаць мінімум 16 тыс. новых. Аналіз апошняй пяцігодкі паказаў, што энергаёмістасць ВУП знізілася толькі на 2,6% замест запланаваных 7%. У 2025 годзе паказчык нават вырас на 0,2%. Адзіны «паспяховы» паказчык — доля мясцовых энергарэсурсаў: 17% пры плане 16,1%, пераважна дзякуючы росту здабычы нафты.

У новай праграме 2026–2030 гадоў паказчыкі па энергазберажэнні зніжаны, а асноўным заказчыкам стала Міністэрства энергетыкі, а не Дэпартамент па энергаэфектыўнасці. Эксперты адзначаюць, што сістэмная работа па падвышэнні энергаэфектыўнасці фактычна завяршаецца, а паўнамоцтвы Дэпартамента істотна скарачаюцца.

Агляд падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя