- Абсурдныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца
- Новыя санкцыі ЕС: Лукашэнка таксама крадзе дзяцей ва Украіны
- «Радзіма» – дакументальны фільм пра дзедаўшчыну ў Беларусі
Грамадская прастора ў Беларусі знаходзіцца пад жорсткім кантролем, а сітуацыя з правамі чалавека застаецца жахлівай. Пра маштабныя рэпрэсіі супраць журналістаў, грамадзянскай супольнасці і беларускага грамадства піша міжнароднае выданне Stopfake.
„Паводле апошняй справаздачы праваабарончай арганізацыі «Вясна», у 2023 годзе не менш за 6386 чалавек падвергліся адміністрацыйнаму пераследу па палітычных матывах, амаль 4500 з іх былі асуджаныя па адміністрацыйных справах. Па стане на 31 снежня 2023 года ў Беларусі налічваецца як мінімум 1452 палітвязні, якія ўтрымліваюцца ў асабліва цяжкіх умовах. Сёлета ў студзені супрацоўнікі КДБ і іншыя сілавікі МУС праводзілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманні былых палітвязняў і іх сваякоў па ўсёй краіне: падвергліся пераследу больш за 200 чалавек. Відавочна, вядзецца кампанія запалохвання, каб пасеяць страх. Працягваецца пераслед людзей, якія свядома ці выпадкова выкарыстоўваюць «экстрэмісцкія колеры» забароненага бел- чырвона-белага сцяга. Рэгулярна адбываюцца адміністрацыйныя арышты за дробныя праявы салідарнасці з Украінай, а ў Беларусі дзясяткі людзей атрымалі шматгадовыя тэрміны зняволення за антываенную дзейнасць. Праваабаронцы паведамляюць пра пачашчэнне выпадкаў, калі ахвярамі гэтых шырокіх і жорсткіх «антыэкстрэмісцкіх» нормаў становяцца нават дзяржаўныя чыноўнікі і лаяльныя Лукашэнку. «Тонкая грань» перашкаджае людзям наўпрост размаўляць у інтэрнэце. Самацэнзура і самаабмежаванні з’яўляюцца магутнымі інструментамі, калі яны засвоены, і беларускія ўлады ўпарта працуюць над гэтым», – піша міжнароднае выданне.
ЕЗ уносіць беларускіх выкрадальнікаў дзяцей у чорны спіс Расеі, узмацніўшы заклікі выдаць міжнародны ордэр на арышт Аляксандра Лукашэнкі. «Дзмітрый Дзямідаў, кіраўнік Віцебскай вобласці Беларусі, быў адным з «ключавых асобаў, якія ўдзельнічалі ў гвалтоўнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і іх наступным незаконным усынаўленні расейскімі і беларускімі сем’ямі», – паведамляе еўрапейскае выданне EUobserver.
«Яшчэ трое беларусаў, якіх назвалі вінаватымі ў дэпартацыі дзяцей — Дзмітрый Шаўцоў, Аляксей Талай і Вольга Волкава — дзейнічалі на адлегласці выцягнутай рукі ад рэжыму Лукашэнкі. Шаўцоў быў генеральным дырэктарам Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, але асабіста наведваў «дзяцей з Украіны як у Беларусі, так і ў акупаванай Расеяй Украіне, апранутых у прарасейскую ваенную вопратку». Талай заснаваў «Дабрачынны фонд Аляксея Талая», у якім выкрадзеных украінскіх дзецей прымушаюць наведваць адукацыйныя праграмы, якія актыўна падтрымліваюць расейскую дзяржаўную прапаганду, публічна адмаўляючы Украіне ў праве на дзяржаўнасць.
Волкава ўзначальвала псеўда-няўрадавую арганізацыю пад назвай Delfini, якая «ідэалагічна індактрынавала» ўкраінскіх дзяцей. Паводле даследавання Ельскага ўніверсітэту ў ЗША, якое прайшло ў лістападзе, рэжым Лукашэнкі быў абвінавачаны ў вывазе больш за 2400 украінскіх дзяцей у 13 установаў Беларусі. Адначасова ў Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе накіраваў доказы аб ролі Лукашэнкі ў гэтай праграме і беларускі дысідэнт у эміграцыі Павел Латушка. І Лукашэнку, і Пуціну ў любым выпадку былі забароненыя візы ў ЕС за іншыя злачынствы. Беларусы павінны былі быць далучаныя да 13-га раўнда санкцый Еўрасаюза супраць Расеі, які павінны былі прыняць міністры замежных спраў ЕС у Бруселі 19 лютага», – канстатуе еўрапейскае выданне.
З 1 па 8 сакавіка ў Рызе пройдзе фестываль дакументальнага кіно «Артдакфест. Рыга» . У асноўны конкурс увайшоў фільм рэжысёраў з Беларусі Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзякі «Радзіма» — пра дзедаўшчыну ў беларускім войску. Карціна ўжо атрымала першы прыз на капенгагенскім фестывалі CPH:DOX. Расейскае выданне Meduza прыводзіць на сваіх старонках рэцэнзію на беларускі фільм вядомага кінакрытыка Антона Доліна, які ўжо назваў фільм беларусаў — адным з самых цікавых дакументальных прэм’ер гэтага года.
„Моцны і страшны фільм пра механізм дзяржаўнага гвалту, на якім будуецца постсавецкая таталітарная дзяржава, расказвае пра Беларусь Лукашэнкі, але з тым жа поспехам мог бы пра Расею Пуціна. Рэжысёрскаму тандэму Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзякі ўдалося неверагоднае: перадаць траўматычны і жахлівы вопыт гледачам, зрабіўшы яго ледзь не імерсіўным, выйсці за межы прыватных гісторый і падняцца да магутных усёабдымных метафар. Ён задае пытанні аб ідэі індывідуальнага выбару ў грамадстве, загнаным у кут. Спачатку здаецца, што «Радзіма» – лінейная гісторыя аднаго злачынства, якое мае ўсе шанцы застацца беспакараным. Галоўная гераіня – жанчына сярэдніх гадоў на імя Святлана. Яе сын Саша забіты калегамі, «дзядамі». У надзеі дамагчыся справядлівасці яна вядзе ўласнае расследаванне і дамагаецца хаця б частковага пакарання вінаватых. А заадно знаходзіць сябровак па няшчасці, чыіх сыноў гэтак жа вярнулі з часткі мёртвымі, не дазволіўшы толкам разгледзіць гематомы на целе. Жахліва хваравітая хроніка пададзена без падкрэсленай сентыментальнасці, амаль нейтральна, што палохае мацней за ўсё. Маці шчыра спадзяюцца дастукацца да міністэрства абароны ці нават самога Лукашэнкі: «Там разбяруцца!». Палохае асуджанасць іх спроб, тупіковасць усеагульнай сітуацыі. У адной сцэнцы Святлана расказвае пра сваё гора маладой спадарожніцы з маленькім сынам, а потым пытаецца, ці аддасць яна хлопчыка служыць. Тая не міргнуўшы адказвае: «Прыйдзецца. Як атрымаецца». Кульмінацыяй гэтага вельмі вытанчанана, хоць і без найменшай манернасці знятага фільма (аператар Сяргей Канаплянік), які таксама суправаджаецца атмасфернай гукавой і шумавой дарожкай, становяцца сцэны масавых пратэстаў у Менску. Дакументальнае кіно Беларусі штораз звяртаецца да гэтага паваротнага і трагічнага моманту найноўшай гісторыі, але тут аўтарам удаецца знайсці новыя вобразы і ракурсы. «Радзіма», аднак, не палітычны маніфест, а ўдумлівае і мастацка выразнае даследаванне кругазвароту гвалту. Візуальны лейтматыў фільма – чыгунка, па якой кудысьці едуць і ніяк не могуць прыехаць героі», – піша расейскае незалежнае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя