- Літва і Латвія закрываюць мяжу для аўтамабіляў на беларускіх нумарах
- Беларусы ўпісалі залатую старонку ў гісторыю футбола… Сан-Марына
- Нобелеўскія лаўрэаты заклікаюць кіраўніка Беларусі вызваліць усіх палітвязняў

Цагліна за цаглінкай узводзіцца ўсё больш бар’ераў паміж краінамі Еўразвяза і Беларуссю. Латвія і Літва абʼявілі, што не будуць прапускаць аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Беларусі. «Фактычна адзіным спосабам дабрацца з Менска ў Рыгу і Вільню застаюцца аўтобусныя зносіны. Сярод беларусаў пануюць разгубленасць і неразуменне: супраць каго накіраваныя жорсткія меры? Эстонская Новая газета. Балтыя пацікавілася меркаваннем тых, каго гэта закране найперш.
«Цяпер давядзецца стаяць на мяжы суткамі, з пераноснымі дзіцячымі туалетамі?» Калі сцісла апісваць эмоцыі, якімі дзеляцца ў сацсетках беларусы, гэта злосць, неразуменне і разгубленасць. Мабыць, найбольш папулярнае пытанне: чаму рашэнне абгрунтоўваецца ўдзелам Беларусі ў вайне, а самыя жорсткія меры накіраваныя ў адносінах да звычайных людзей, якія агрэсію супраць Украіны асуджаюць? За апошнія гады для грамадзян Беларусі паслядоўна перарэзаліся транспартныя шляхі ў краіны Еўразвяза: пасля пандэміі так і не адноўлены рух пасажырскіх цягнікоў, пасля пасадкі самалёта Ryanair у Менску з Раманам Пратасевічам на борце адсутнічаюць авіязносіны, а вось цяпер нельга ўехаць у Літву і Латвію на асабістым аўтамабілі.
Адзінай магчымасцю перасячы літоўскую і латвійскую мяжу з Беларуссю для грамадзян гэтай краіны застаецца аўтобус. Многія асцерагаюцца, што і без таго ўзнятыя цэны на білеты паднімуцца яшчэ больш. Гэта яшчэ больш адштурхне беларусаў ад Еўропы ў бок Расеі. Многіх таксама абурыла рэзкае прымяненне мер. Хтосьці загадзя планаваў водпуск, арандаваў жыллё, прадумваў паездку на машыне. Зараз вялікая колькасць беларусаў жывуць за мяжой (пасля 2020 года з РБ, паводле розных ацэнак, выехалі ад 300 да 500 тысяч чалавек). Для пакінутых у краіне гэтыя рэдкія паездкі – вялікая падзея і магчымасць убачыць блізкіх і сяброў. Новыя абмежаванні яшчэ больш павялічваюць разрыў. Беларускія эмігранты не ведаюць, як цяпер быць: купляць білеты на аўтобус? Але ці змогуць людзі ва ўзросце перанесці працяглую паездку падчас спякоты? Можна сустрэцца на нейтральнай тэрыторыі, да прыкладу, у Турцыі, аднак гэта багата вялікімі марнаваннямі. Цяперашнія меры з боку Літвы і Латвіі – сурʼёзны ўдар па офісе Святланы Ціханоўскай, які раней правёў вялікую працу на міжнародным узроўні. У каментарах да публікацый некаторыя беларусы са злараднасцю заўважаюць, што «цяпер поспехі не выглядаюць такімі ўжо сурʼёзнымі». Характэрна, што ў выніку змянення правілаў перасячэння граніцы за апошнія гады сфарміраваўся значны перакос на карысць грамадзян Польшчы, Літвы і Латвіі. Яны могуць ехаць у Беларусь без віз, у той жа час для беларусаў атрымаць дазвол на ўезд у краіны Еўразвяза ператварылася ў дарагі квэст. Цяпер і паездка на асабістай машыне стала яшчэ больш недаступнай», – адзначае эстонскае выданне.
«Дзясяткі лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі заклікаюць у адкрытым лісце аўтарытарнага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку вызваліць усіх палітычных зняволеных пасля таго, як у гэтым месяцы былі вызваленыя 18 цяжкахворых актывістаў», – перадае міжнародная агенцыя apnews.
«Беларуская праваабарончая арганізацыя «Вясна» налічвае амаль 1400 палітвязняў, у тым ліку яе заснавальніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. Многія з самых вядомых дзеячаў беларускай апазіцыі знаходзяцца за кратамі, а іншыя збеглі за мяжу, бо ўлады жорстка расправіліся з апанентамі падчас пратэстаў, якія ахапілі краіну ў 2020 годзе. Але толькі адзін вядомы дзеяч быў сярод 18 зняволеных, якіх Лукашэнка дазволіў вызваліць раней у гэтым годзе. У лісце нобэлеўскіх лаўрэатаў Лукашэнку заклікалі працягваць вызваленні. «У вас ёсць унікальная магчымасць перагарнуць старонку мінулага і ўвайсці ў гісторыю не толькі як бескампрамісны кіраўнік, але і як палітычны лідар, які прадэманстраваў мудрасць і спагаду, адказны перад сваім народам і яго будучыняй», – гаворыцца ў лісце, які быў размешчаны ў пятніцу на сайце беларускага палітолага Дзмітрыя Балкунца. Сярод 58 падпісантаў – лаўрэаты прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч з Беларусі, Дж. М. Кутзі, Герта Мюлер, лаўрэаты прэміі міру Майрэд Карыган Магуайр, Оскар Арыяс, Джодзі Уільямс, Шырын Эбадзі, Таўаккол Карман, Хуан Мануэль Сантас, Дзмітрый Муратаў і Марыя Рэса», – пералічвая міжнародныя агенцыя.
«Футбалісты клуба «Іслач» з Менскай вобласці падарылі сапраўднае свята жыхарам камуны Мантэджардзіна ў Сан-Марына (каля 1.000 жыхароў)», – піша мясцовая газета Sanmarino.
«У двух матчах з «Іслаччу» ў першым раўндзе Лізе канферэнцый УЕФА гульцам мясцовай «Ла Фіярыты» ўдалося паразіць вароты саперніка (шосты раз у 27 міжнародных матчах), упершыню ў сваёй еўракубкавай гісторыі перамагчы і выйсці ў наступны круг. Пасля 13 доўгіх гадоў кваліфікацыя ў другі папярэдні раўнд Лігі канферэнцый надышла для жоўта-блакітных, здольных пераадолець паражэнне на стадыёне Сан-Марына і паляцець у Стамбул, каб працягнуць сваю еўрапейскую мару. І адбылося гэта ў выніку вельмі напружанага матча супраць каманды «Іслач Мінск», якая не здолела скарыстацца перавагай, атрыманай у першым матчы», – заўважае італьянскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






