BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь: Барацьба за Беларусь

Скарга ў ААН за выдварэнне з Беларусі — што гэта дасць? Беларуская дзяржава і свабоднае сумленне. На мяжы Польшчы і Беларусім без перамен.

Ларыса Шчыракова

Нямецкае выданне Deutsche Welle піша, што былая палітзняволеная і гомельская журналістка Ларыса Шчыракова плануе абскардзіць у структурах ААН сваё прымусовае выдварэнне з Беларусі. Пасля амаль трох гадоў зняволення яе вызвалілі датэрмінова ў выніку перамоваў паміж Менскам і ЗША, аднак адразу пасля вызвалення вывезлі за мяжу без тлумачэння яе прававога статусу. Паводле Шчыраковай, перад вызваленнем сілавікі прымусілі яе падпісаць прашэнне аб памілаванні, але не паведамілі, што яна будзе вывезеная з краіны. Ніякіх дакументаў аб вызваленні або аб прававым статусе ёй не выдалі. «Ніхто не спытаў, ці згодная я пакінуць краіну — мяне проста вывезлі, як мех з бульбай», — адзначае журналістка.

Юрыст і праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагае падрыхтаваць скаргу, падкрэслівае, што беларускія законы не прадугледжваюць выдварэння ўласных грамадзян з краіны. Паводле яго слоў, прымусовае перамяшчэнне Шчыраковай за мяжу без яе згоды і без прававых падстаў можа разглядацца як незаконнае выгнанне.

Паколькі ў 2023 годзе Беларусь выйшла з Першага факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, грамадзяне краіны ўжо не могуць падаваць скаргі ў Камітэт па правах чалавека. Таму Шчыракова накіравала зварот у Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын — адну з нешматлікіх структур ААН, якая пакуль прымае скаргі ад грамадзян Беларусі.

Такім чынам, у матэрыяле адзначаецца новая практыка ўладаў Беларусі — вываз палітзняволеных за мяжу пасля вызвалення. Эксперты падкрэсліваюць, што нават калі афіцыйныя ўлады ігнаруюць рашэнні ААН, фіксацыя такіх выпадкаў у міжнародных структурах важная для юрыдычнай ацэнкі і магчымай будучай адказнасці.

….

Літоўскі партал LRT апублікаваў калонку філосафа Гінтаўтаса Мажэйкіса пра сітуацыю ў беларускай апазіцыі і барацьбу за «свабодную свядомасць» беларусаў. Аўтар спасылаецца на ідэі беларускага філосафа Уладзіміра Мацкевіча, які пасля вызвалення з турмы прапануе пераасэнсаваць палітычную стратэгію беларускай эміграцыі. На думку Мажейкіса, сёння апазіцыя знаходзіцца ў стане пошуку новай мадэлі дзеянняў і спрабуе аб’яднаць розныя ініцыятывы.

Паводле аўтара, галоўнай пагрозай для Беларусі застаецца залежнасць ад Расеі. Ён сцвярджае, што сучасная вайна Масквы мае не толькі ваенны, але і ідэалагічны характар — гэта «вайна за свядомасць», мэта якой — змяніць ідэнтычнасць беларусаў і ўкраінцаў. У гэтым кантэксце, адзначае Мажейкіс, ўлады Беларусі абапіраюцца на вертыкаль улады і рэпрэсіўны апарат, у той час як апазіцыя спрабуе будаваць гарызантальныя сеткі супрацоўніцтва і грамадзянскага ўдзелу. Аўтар таксама падкрэслівае ролю культуры, адукацыі, мовы і гістарычнай памяці ў гэтай барацьбе. На яго думку, менавіта ў гэтых сферах вырашаецца, ці зможа Беларусь захаваць незалежную ідэнтычнасць.
Асобна Мажейкіс звяртае ўвагу на ролю беларускай дыяспары і прапануе вывучыць досвед Малдовы, дзе палітычная актыўнасць грамадзян за мяжой паўплывала на выбарчыя вынікі.
На яго думку, у будучыні беларуская апазіцыя можа развіваць «сеткавую» мадэль палітычнай арганізацыі, якая абапіраецца на міжнародную салідарнасць, дыяспару і сучасныя тэхналогіі.

….

Польскія медыя паведамляюць, што ўрад Польшчы зноў працягнуў дзеянне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю — на гэты раз да 4 чэрвеня 2026 года. Паводле паведамленняў СМІ, забарона на знаходжанне на частцы тэрыторыі каля дзяржаўнай мяжы дзейнічае з 13 чэрвеня 2024 года і працягваецца кожныя 90 дзён. Улады тлумачаць гэтую меру захаваннем рызыкі так званага «міграцыйнага ціску» з боку Беларусі. Хаця колькасць спробаў нелегальнага перасячэння мяжы ў апошні час знізілася, у Міністэрстве ўнутраных спраў Польшчы адзначаюць, што гэтае змяншэнне пакуль не лічыцца стабільнай тэндэнцыяй. Таму Варшава плануе і надалей выкарыстоўваць меры, якія, на думку ўладаў, дазволілі абмежаваць нелегальную міграцыю.

Польскія СМІ таксама звяртаюць увагу, што зона абмежаванага доступу цяпер ахоплівае ўчастак мяжы працягласцю больш за 78 кіламетраў. На большай яго частцы забарона дзейнічае ў паласе каля 200 метраў ад лініі мяжы. У раёнах прыродных запаведнікаў шырыня зоны павялічваецца да 2 кіламетраў, а на асобным участку — да прыкладна 4 кіламетраў.

Агляд падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя