Літва прапануе абвясціць экстрэмальную сітуацыю з-за кантрабандных паветраных шароў. КГБ прызнаў польскія івент-агенцтвы «экстрэмісцкімі фармаваннямі». БелАЭС: будуюць трэці блок, але ці ёсць патрэба?

«У сувязі з пагрозай грамадзянскай бяспецы, якую прадстаўляюць кантрабандныя паветраныя шары з Беларусі, на тэрыторыі Літвы будзе прапанавана ўвесці экстрэмальную сітуацыю», — паведамляе BNS.
Праект зарэгістравала МУС Літвы, рашэнне павінен прыняць урад на наступным тыдні. Згодна з Законам аб кіраванні крызіснымі сітуацыямі і грамадзянскай абароне, экстрэмальная сітуацыя аб’яўляецца дзяржаўнай, калі яе наступствы закранаюць два і больш самакіраванні. Калі экстрэмальная сітуацыя на ўзроўні самакіравання доўжыцца больш за год або патрабуе матэрыяльных рэсурсаў, сілы грамадзянскай абароны прыцягваюцца з іншых тэрыторый. Урад Літвы абвяшчае экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню. Апазіцыя Сейма прапануе замест гэтага ўвесці надзвычайнае становішча, якое аб’яўляецца пры пагрозе канстытуцыйнаму ладу або грамадскаму парадку. Апошні раз такое становішча ўвялі ў Літве ў лютым 2022 года пасля ўварвання Расеі ва Украіну. Як паведамляе BNS, палёты кантрабандных паветраных шароў з Беларусі апошнім часам некалькі разоў перарывалі працу Віленскага аэрапорта і адзін раз — Ковенскага. Паводле Міністэрства ўнутраных спраў, у гэтым годзе ў паветраную прастору Літвы пранікла 599 паветраных шараў і 197 дронаў, што прывяло да 320 адмененых рэйсаў, 47 тыс. закранутых пасажыраў і амаль 60 гадзін закрыцця аэрапортаў.
Пасля таго як Вільнюс на некалькі тыдняў абмежаваў дзейнасць пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю, Менск адмаўляецца выпускаць грузавікі з літоўскай рэгістрацыяй. Літва называе гэтыя дзеянні гібрыднай атакой менскага рэжыму.
….
«12 лістапада КГБ Беларусі прыняў рашэнне прызнаць польскія івент-агенцтвы Terra Group Event і SSL Production «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», пра што стала вядома толькі 5 снежня», – канстатуе DW.
Па інфармацыі службы, да гэтых кампаній маюць дачыненне Віталь Крыўко і Андрэй Ярашэвіч. Крыўко — былы палітзняволены, у 2020 годзе працаваў у штабе Віктара Бабарыкі. Раней Terra Group працавала ў Беларусі, цяпер арганізоўвае мерапрыемствы і тімбілдынгі для Wargaming, Softswiss і Andersen. SSL Production ладзіць падзеі ў Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Грэцыі, Турцыі і Літве, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Па паведамленнях беларускіх СМІ, у Terra Group да свайго знікнення працаваў Анатолій Котаў, былы беларускі чыноўнік, які 21 жніўня прыляцеў у Стамбул і перастаў выходзіць на сувязь. Паводле непацверджаных звестак, Котаў вылецеў у Трабзон на ўзбярэжжы і адплыў у Сочы на прыватнай яхце. «Таксама КГБ прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» незарэгістраваную арт-прастору «Склад Бутэлек», з якой, па версіі службы, звязаныя 11 чалавек», – адзначае DW.
….
«На БелАЭС прынялі рашэнне будаваць трэці энергаблок», — паведаміў віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч. Але ці адпавядае гэта патрэбам краіны, задаецца пытаннем iSANS? Першае рашэнне пра БелАЭС было прынята ў 2008 годзе, тады планавалася два блокі па 1000 МВт, зыходзячы з прагнозаў электраспажывання. Калі ў 2012 годзе быў падпісаны кантракт, выявілася, што станцыя будзе на 20 % магутней, а спажыванне на 2015 год склала 36,8 млрд кВт·г замест прагнозных 42,5 млрд (менш на 13,3%).
iSANS адзначае, што рашэнне аб трэцім блоку таксама грунтуецца на занадта аптымістычных прагнозах: калі будоўля будзе доўжыцца 10 гадоў, неабходны рост электраспажывання на 1,5 %, тады як з 2000 года сярэдні рост складае толькі 1,06 %. Эксперты сумняваюцца, на якіх даных сёння грунтуецца прагноз.
Беларусь у 2025 годзе здабыла больш 1,8 млн тон торфу і выпусціла каля 800 тыс. тон тарфяной прадукцыі. Для прамысловасці, ЖКГ і сельскай гаспадаркі рэалізавана каля 750 тыс. тон, астатняе — на экспарт. Неэнергетычны торф асабліва запатрабаваны за мяжой: ён складае 75 % экспарту і пастаўляецца ў дзевяць краін.
Завершана бурэнне сямі новых свідравін на Рэчыцкім, Вішанскім, Асташковіцкім, Паўднёва-Асташковіцкім і Каманоўскім радовішчах. ВМУ перадало чатыры буровыя ўстановы для размяшчэння на розных пляцоўках. Падрыхтаваны яшчэ чатыры новыя пляцоўкі для будучых бурэнняў.
У Беларусі зарэгістравана больш за 44 тыс. электрамабіляў і 1 870 зарадных станцый. У Віцебскай вобласці за цяперашнюю пяцігодку амаль 30 тыс. прыватных дамоў пераведзены на электрацяпленне.
Вывад iSANS наступны: Беларусь робіць крокі да мадэрнізацыі энергетычнай інфраструктуры, але стратэгія развіцця БелАЭС і энергетычнага сектара патрабуе ўважлівага аналізу прагнозаў і рэальных патрэб.
Агляд падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






