Выкрадзенага беларускага жаўнера, які ваюе за Украіну, прадэманстравала дзяржаўнае тэлебачанне. Для барацьбы з Google? У Беларусі хочуць стварыць ведамства для цэнзуры ў інтэрнэце па аналогіі з Раскамнаглядам. Амбасадар Украіны ў Беларусі Кізім падаў у адстаўку.

“Рэжым беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі заклеймаваў Васіля Верамейчыка як тэрарыста за ўдзел у барацьбе Украіны супраць Расеі. У канцы студзеня Васіль Верамейчык быў паказаны на дзяржаўным тэлебачанні ў двухсерыйным інтэрв’ю пад назвай «Споведзь баевіка»”, – піша Kyiv Independent.
“Падчас так званага інтэрвію Верамейчык казаў пра планы нібыта ўварваньня ў Беларусь, падобнае да аперацыі ўкраінскіх вайскоўцаў у Курскай вобласьці Расеі. Верамейчык таксама прызнаў некаторыя праблемы, зь якімі ён сутыкнуўся падчас вайсковай службы ва Украіне, якія падкантрольнае беларускае дзяржаўнае тэлебачанне спрабавала сказіць і выкарыстаць, каб адлюстраваць жыццё ўкраінскіх вайскоўцаў як насычанае наркаманіяй, карупцыяй і паўсюдным страхам смерці ад рук акупантаў. Пасля арышту ў В’етнаме ў лістападзе Верамейчык быў хутка экстрадаваны ў Беларусь. Мяркуецца, што ён стаў мішэнню ў скаардынаванай аперацыі спецслужбаў Лукашэнкі за тое, што служыў у палку беларускіх добраахвотнікаў імя Кастуся Каліноўскага, якія змагаюцца за Украіну. Беларускія добраахвотнікі ва Украіне спрабуюць згуртаваць Кіеў, каб вызваліць Верамейчыка. Паведамляецца, што час службы Верамейчыка ў палку імя Кастуся Каліноўскага быў перапынены спрэчкаю са штабным афіцэрам, якая часова не дазволіла яму вярнуцца ва Украіну, хаця тыя, хто служыў разам з ім, казалі, што ён шукае спосабы вярнуцца на фронт. Таксама Верамейчука спыталі пра медаль, якім яго ўзнагародзіла вайсковая выведка Украіны за ўдзел у каардынацыі эвакуацыі больш за 60 украінскіх вайскоўцаў з акружэння ў раёне Аляксандраўкі на поўдні Мікалаеўскай вобласці Украіны. Ён адказаў, што ніколі не насіў медаль, але прыняў яго «з гонарам», што беларускае дзяржаўнае тэлебачанне ацаніла як яго спробу «аддаліцца» ад узнагароды. «Полк імя Кастуся Каліноўскага» на просьбу Kyiv Independent пракаментаваць сказанае Верамейчыкам не адказала, толькі ўдакладніўшы, што «чалавек, які фактычна знаходзіцца ў закладніках уладаў Лукашэнкі, можа і будзе казаць усё, што ад яго патрабуюць». Тыя, хто ведаў Верамейчыка і служыў разам з ім, падкрэсліваюць, што як палонны рэжыму Лукашэнкі ён быў па сутнасці вымушаны выступаць перад камерай”, – падсумоўвае ўкраінскае выданне.
У Беларусі хочуць стварыць ведамства для цэнзуры ў інтэрнэце па аналогіі з Раскамнаглядам. “Міністр інфармацыі РБ Марат Маркаў выказаў прэтэнзіі Google. Ён заклапочаны, што інфармацыя незалежных медыяў, якіх выштурхнулі з краіны, даступная беларусам праз пошукавік, таму карпарацыя займаецца “інфармацыйнай правакацыяй”, – паведамляе DW.
“Акрамя таго, на думку міністра, у Беларусі час стварыць Белкамнагляд, па аналогіі з расейскім ведамствам, якое займаецца цэнзурай. Функцыі, якія ў РФ ёсць у Раскамнагляду, у Беларусі выконваюць некалькі ведамстваў, кажа эксперт праваабарончай арганізацыі Human Constanta. Так, кантролем СМІ займаецца Мінінфарм, аператарамі сувязі – Мінсувязі. Але найважнейшы і зачынены орган – Аператыўна-аналітычны цэнтр. “Там вырашаюць, калі і як адключаць інтэрнэт”, – кажа эксперт. Навошта міністру новая структура? “Адміністрацыйная логіка: стварыць асобную структуру з пэўным бюджэтам і пад сваім кантролем. Ідзе барацьба за рэсурсы, уплыў і кантроль”, – паведамляе DW.
Пасол па асобых даручэннях па Беларусі МЗС Украіны Ігар Кізім звольніўся з дыпламатычнай службы. Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на яго паведамленне ў Facebook.
“Сёння, выключна па асабістых прычынах, я прыняў рашэнне звольніцца з дыпламатычнай службы і сысці на “заслужаны адпачынак”. У кожнага чалавека надыходзіць час, калі ты разумееш, што ўзрост бярэ сваё і ты не можаш стоадсоткава аддавацца сваёй працы. А працаваць па іншаму я не магу і ў цяперашніх умовах лічу несумленным па ўсёй сваёй працы”. Паводле слоў Кізіма, ён плануе і надалей прыносіць карысць у тых сферах, дзе будзе карысны яго вопыт і кампетэнцыі. Ігару Кізіму 63 гады. Ён узначаліў дыпламатычнае прадстаўніцтва Украіны ў Беларусі ў 2017 годзе. У лютым мінулага года стала вядома, што МЗС прызначыла яго “амбасадарам па асобых даручэннях па Беларусі”. Варта заўважыць, што паводле інфармацыі самога пасольства, з 2020 года палітычны дыялог паміж Украінай і Беларуссю “фактычна застаецца заблакіраваным”. Дыпламатычныя адносіны паміж Украінай і Беларуссю афіцыйна былі ўсталяваныя ў 1992 годзе пасля набыцця незалежнасці абедзвюма дзяржавамі. Аднак пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну 24 лютага 2022 года адносіны паміж Кіевам і Менскам рэзка пагоршыліся. Беларусь выдзеліла сваю тэрыторыю для размяшчэння расейскіх войскаў, ракетных удараў і наступлення на Кіеўскую вобласць, што фактычна зрабіла яе саўдзельнікам агрэсіі”, – піша ўкраінскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






