BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь: Цана залежнасці

За кожны дзень прастою — новы рахунак: ціск на літоўскіх перавозчыкаў у Беларусі. Лукашэнка выкарыстоўвае «Раду міру», каб палепшыць імідж. Сцэнары для Беларусі без расейскіх энергарэсурсаў.

Сітуацыя з літоўскімі грузавікамі, затрыманымі на тэрыторыі Беларусі, застаецца без зменаў. Паводле агенцтваў ELTA і LRT, транспартныя сродкі не вяртаюцца ўладальнікам, а перавозчыкі працягваюць атрымліваць рахункі за абавязковае захоўванне на платных стаянках.

Сітуацыя з літоўскімі грузавікамі, затрыманымі на тэрыторыі Беларусі, застаецца без зменаў.

Прэзідэнт літоўскай асацыяцыі перавозчыкаў «Linava» Эрландас Мікенас заявіў, што “сітуацыя па сутнасці не змянілася — транспартныя сродкі, якія належаць літоўскім перавозчыкам, па-ранейшаму затрыманыя на тэрыторыі Беларусі”. Паводле яго слоў, пацверджаных выпадкаў вяртання цягачоў або паўпрычэпаў пакуль няма.

Перавозчыкі працягваюць атрымліваць рахункі за так званае захоўванне тэхнікі — каля 120 еўра ў суткі за адзінку. Акрамя таго, ад кампаній патрабуюць падпісваць дамовы на аказанне паслуг. “Істотных пазітыўных зменаў у практыцы спагнання платы або ў пытанні затрымання транспарту не зафіксавана”, — адзначыў кіраўнік асацыяцыі.

Паводле дадзеных, атрыманых ад 149 кампаній, у Беларусі цяпер затрымана 1071 транспартнае сродак — 496 цягачоў і 575 паўпрычэпаў. Аднак гэта не канчатковая лічба. “Рэальная колькасць можа дасягаць да 4 тысяч адзінак тэхнікі”, — падкрэсліў Мікенас. Страты асобных кампаній ацэньваюцца ў сотні тысяч еўра, а агульныя страты сектара — у мільёны.

Праблема абмяркоўваецца не толькі на нацыянальным узроўні. У Міністэрстве замежных спраў Літвы паведамілі, што ў пачатку лютага віцэ-міністр Таурымас Валіс сустракаўся з прадстаўнікамі «Linava». Гэта ўжо другая сустрэча сёлета ў межах дыялогу па пытаннях транспартнага сектара. Перавозчыкі разглядаюць магчымасць звароту ў Еўрапейскую камісію, аднак у МЗС удакладнілі, што гэта самастойнае рашэнне бізнес-асацыяцыі.

Крызіс на мяжы абвастрыўся пасля таго, як Беларусь на працягу некалькіх месяцаў парушала паветраную прастору Літвы з дапамогай кантрабандных паветраных шароў. У выніку былі закрытыя памежныя пункты Медзінінкай і Шальчынінкай. Пазней менскі рэжым увёў забарону на рух літоўскіх грузавікоў па тэрыторыі краіны.

Нягледзячы на тое, што абодва пункты пропуску былі адкрыты раней запланаванага тэрміну, не ўсе грузавікі дагэтуль могуць пакінуць тэрыторыю Беларусі. На мяжы застаецца заблакаванай тэхніка, зарэгістраваная ў Літве і іншых краінах ЕЗ, якой улады на чале з Аляксандр Лукашэнка не дазваляюць выезд.

….

Deutsche Welle аналізуе, якія палітычныя бонусы можа атрымаць афіцыйны Менск ад ініцыятывы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа — «Рады міру». Першае пасяджэнне структуры адбылося 19 лютага ў Вашынгтоне. Беларусь на ім не была прадстаўлена, аднак улады не адмаўляюцца ад удзелу.

Пасля 2020 года Аляксандр Лукашэнка апынуўся ў амаль поўнай ізаляцыі на заходнім кірунку. Цяпер жа назіраецца асцярожнае аднаўленне кантактаў з ЗША. “Пакуль «Рада міру» выглядае хутчэй як іміджавы праект Дональда Трампа. Адпаведна і магчымыя выгоды для Лукашэнкі носяць перадусім іміджавы характар”, — адзначаецца ў матэрыяле. Сам факт запрашэння, публічныя звароты з формай “Dear Mr. President” і выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі побач з амерыканскай разглядаюцца як крок да сімвалічнага павышэння міжнароднага статусу Менска. “Гэта можна расцэньваць як пераход на больш высокі ўзровень міжнароднага прызнання”.

У матэрыяле таксама падкрэсліваецца, што для Лукашэнкі ўдзел у ініцыятыве Трампа — гэта магчымасць вярнуць хаця б частку легітымнасці на міжнароднай арэне. Вызваленне палітвязняў можа разглядацца як патэнцыйны крок насустрач у абмен на магчымасць візіту ў Вашынгтон і публічныя сігналы падтрымкі. Адзначаецца і тое, што беларускі кіраўнік вельмі хутка адрэагаваў на прапанову ЗША, не чакаючы пазіцыі Масквы.

Разам з тым пасля першых заяваў з Менска ў Расеі загучалі папярэджанні пра магчымыя спробы дэстабілізацыі Беларусі з боку Захаду. На гэтым фоне Лукашэнка зноў падкрэсліў непахіснасць саюзу з Масквой. Як адзначаецца ў матэрыяле, такія заявы выглядаюць як частка даўняй палітычнай тактыкі — дэманстрацыя лаяльнасці Расеі пры адначасовым імкненні захаваць прастору для абмежаваных кантактаў з Захадам.

Прававыя перспектывы ўдзелу Беларусі ў «Радзе міру» ацэньваюцца стрымана. “Пакуль гэта хутчэй палітычны клуб па інтарэсах Трампа, а не паўнавартасная міжнародная арганізацыя”, — гаворыцца ў публікацыі. Першапачаткова структура задумвалася для ўрэгулявання сітуацыі ў Газе, і канкрэтны мандат па іншых канфліктах пакуль не акрэслены. У матэрыяле таксама звяртаецца ўвага, што ўдзел у ініцыятыве наўрад ці паўплывае на стаўленне заходніх краін да Лукашэнкі ў кантэксце ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі.

Акрамя таго, як паведамляецца, беларускай дэлегацыі не выдалі амерыканскія візы для ўдзелу ў пасяджэнні. Гэта сведчыць пра абмежаваны характар кантактаў і пра тое, што сімвалічныя жэсты пакуль не ператвараюцца ў паўнавартасную палітычную нармалізацыю.

….

Паводле аналітычнага цэнтра ISANS, на 2024 год 87% энергетычных рэсурсаў пастаўляецца ў Беларусь з Расеі. Эксперты прааналізавалі, што адбудзецца, калі Масква спыніць пастаўкі або калі Менск паспрабуе паступова змяніць пастаўшчыкоў.

У сферы нафты сітуацыя выглядае адносна стабільнай. Да 2019 года беларускія НПЗ перапрацоўвалі 15–16 млн тон нафты штогод, пасля 2022-га — 12–16 млн. Каля 2 млн тон здабываецца ўнутры краіны, прыкладна 8 млн ідзе на ўнутраны рынак, астатняе — на экспарт. “Паводле нашых ацэнак, цэны на расейскую нафту для Беларусі амаль адпавядаюць сусветным”, — адзначаюць у ISANS. У выпадку поўнага пераходу на глабальныя цэнавы рост коштаў нафтапрадуктаў склаў бы 3–7%, што эксперты называюць адносна нязначным. Аднак галоўная праблема — лагістыка: пастаўкі праз Літву і Украіну магчымыя толькі пасля нармалізацыі адносін, а маршрут праз польскі порт Гданьск ужо істотна загружаны.

З газам сітуацыя значна складанейшая. Да запуску Беларуская АЭС Беларусь спажывала каля 20 млрд м³ газу ў год, пасля — каля 17 млрд. У 2025 годзе Расея прадавала газ Беларусі па $129 за тысячу кубаметраў. Для параўнання, еўрапейскія пастаўкі цяпер каштавалі б мінімум $350–430.“Пры такіх умовах сабекошт газу ўзрасце ў 3,3 разы, цеплавой энергіі — у 2,7 разы, а электраэнергіі — на 33–35%”, — падкрэсліваюць аналітыкі. Тэхнічна магчымы реверс праз польскія і нямецкія сеткі, у тым ліку па газаправодзе «Ямал–Еўропа», але ўсе асноўныя магістралі належаць «Газпрому», што стварае юрыдычныя і палітычныя рызыкі.

Ядзернае паліва для БелАЭС цалкам пастаўляецца з Расеі ў межах кантракту на будаўніцтва станцыі. Хоць Украіна і шэраг краін ЕЗ ужо пераходзілі на паліва іншых кампаній для рэактараў савецкага тыпу, у выпадку Беларусі праект новы, таму пераход будзе складанейшым. Разам з тым паліва мяняецца раз на год, і нават у крызісным сцэнарыі станцыя не спыніцца імгненна.

“Асноўная рызыка — не фізічны дэфіцыт энергарэсурсаў, а іх цана”, — рэзюмуюць у ISANS. На думку экспертаў, Беларусь тэхнічна можа наладзіць доўгатэрміновыя пастаўкі з іншых краін, але найбольш складаны сцэнар — гэта раптоўнае спыненне паставак з Расеі. Нават у такім выпадку краіна не застанецца без святла і цяпла, аднак кошт энергіі для эканомікі і насельніцтва істотна вырасце.

Агляд сусветнай прэсы пра Беларусь падрыхтавала Вольга Сямашка.