Перад Лукашэнкам замаячыла Гаага. Лукашэнка хоча пабудаваць другую АЭС на патрэбы Расеі і акупаваных украінскіх тэрыторый. У МЗС Украіны жорстка адказалі Лукашэнку на абразы, згадаўшы “таракана”.

На 58-й сесіі Рады па правах чалавека ААН у Жэневе група незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі апублікавала свой першы пасля давання ёй усёабдымнага мандата даклад. Пасля прэзентацыі даклада выступіць з пытаннямі і рэплікамі запісаліся прадстаўнікі 53 дзяржаў. У абарону беларускага рэжыму прадказальна выступілі Эрытрэя, Расея, Судан, Камбоджа, Бурундзі, Венесуэла, Кітай, Куба, Зімбабвэ, Лаос, Іран, Паўночная Карэя, Егіпет і Шры-Ланка. “39 дзяржаў падтрымалі даклад і пазіцыю экспертаў. Дарэчы, нават тыя, хто выступаў супраць, не абвяргалі факты: яны казалі толькі пра тое, што супраць “палітызацыі”, – піша міжнароднае выданне Новая газета Европа.
“Мандат спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі існуе ўжо шмат гадоў. Летась спецдакладчыкам стаў Нілс Муйжніекс, а да таго шэсць гадоў гэтую працу выконвала Анаіс Марын. А ў мінулым годзе многія дзяржавы падтрымалі ідэю стварэння незалежнага расследавальніцкага мандата для крымінальнага права – у прыватнасці, злачынстваў супраць чалавечнасці. А тут ужо ўступае ў дзеянне Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суда. Гэта значыць, мы гаворым ужо не толькі аб адказнасці дзяржавы, як гэта бывае ў галіне правоў чалавека, а аб персанальнай крымінальнай адказнасці канкрэтных асоб. Паглядзім, як адрэагуе МУС на зварот Літвы. Зварот у суд уключаў аналіз і сцвярджэнне, што некаторыя парушэнні былі здзейснены не толькі на тэрыторыі Беларусі — яны працягнуліся на тэрыторыі Літвы, і таму юрысдыкцыя Міжнароднага крымінальнага суда для гэтых спраў існуе і абгрунтаваная. Цяпер матэрыялы, перададзеныя Літвой, даследуе пракурор Міжнароднага крымінальнага суда, і калі справа будзе прынята да разгляду, то такая форма міжнароднай юрысдыкцыі можа спрацаваць і для рэжыму ў Беларусі”, – піша міжнароднае выданне.
Міжнародная ініцыятыва iSANS пракаментавала новую ідэю Лукашэнкі, а таксама патлумачыла, чаму першая АЭС у Астраўцы ўсё яшчэ не зрушыла сітуацыю з залежнасцю ад расейскіх энергарэсурсаў.
“Надзеі ўладаў — марныя. У Расеі няма недахопу электраэнергіі. Там ёсць атамныя станцыі, іх дастаткова. Расеі і акупаваным ёй украінскім тэрыторыям энергія ад другой атамнай станцыі не спатрэбіцца, бо ёсць свае крыніцы, якіх цалкам дастаткова. Другая прычына — вялікая адлегласць. Калі Беларусь не можа прадаць электраэнергію ў Смаленскую вобласць, то як перадасць яе ў Растоўскую, напрыклад, ці на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі? Калі глянуць на мапу, то мы ўбачым, што Расея фактычна акупавала Запарожскую АЭС, якая зараз не працуе. Але зноў жа, што перашкаджае яе запусціць Запарожскую АЭС, якая, здаецца, разы ў тры магутнейшая за беларускую. Калі ўявіць, што будзе падпісанае мірнае пагадненне, то чаму б яе тады не выкарыстоўваць? З пункту гледжання энергетыкі Беларусі яшчэ адна атамная станцыя не патрэбная. Падобна, што запыт на пабудову атамнай станцыі сыходзіць выключна ад Адміністрацыі Лукашэнкі ці самога палітыка. Выглядае, што беларускія энергетыкі не ў захапленні ад гэтай ідэі. З боку Расеі пабудову новай АЭС падтрымлівае «Расатам» — кампанія, якая будавала ў Беларусі першую «атамку» ў Астраўцы. Атамная энергія не можа замяніць электраэнергію з ЦЭЦ (цеплаэлектрацэнтралей, якія вырабляюць электрычную і цеплавую энергію адначасова), бо тады спажыўцы цеплавой энергіі застануцца без ацяплення. А газавыя электрастанцыі зараз і так працуюць на мінімальных магутнасцях, у гэтым праблема. Тая ж Польшча збіраецца пабудаваць чатыры блокі, але ў іх энергасістэма значна большая за беларускую. То бок тут пытанне ў тым, што ёсць нейкі пэўны памер магутнасці АЭС, які можна ўсталяваць у энергасістэму, каб пры гэтым замясціць іншае паліва і каб сістэма засталася нармальна працаваць. Беларуская АЭС ужо перавысіла гэты памер”, – піша міжнароднае выданне.
“У МЗС Украіны жорстка адказалі Лукашэнку на абразы, згадаўшы “таракана” – піша міжнароднае выданне Дыялог.UA
“Спікер Міністэрства замежных спраў Украіны перайшоў на беларускую мову, каб адказаць дыктатару Аляксандру Лукашэнку на абразы. МЗС Украіны адрэагаваў на абразы дыктатара Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на адрас украінскага лідэра Уладзіміра Зяленскага. Спікер знешнепалітычнага ведамства Георгій Ціхі выступіў з афіцыйнай заявай у сваім афіцыйным акаўнце ў Х. Ціхі напісаў паведамленне на беларускай мове. Ён назваў “недапушчальнымі” абразы Лукашэнкі ў адрас Зяленскага, улічваючы той факт, што Беларусь у 2022 годзе стала саўдзельнікам расейскай агрэсіі супраць Украіны. Менавіта праз беларускую мяжу расейскія войскі прарваліся на Поўнач Украіны. “Да таго ж пераход у вобласць энтамалогіі дакладна не пойдзе прусаку на карысць”, – дадаў Ціхі. Так ён адрэагаваў на тое, што Лукашэнка назваў “гнідай” украінскага лідэра ў інтэрв’ю расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай. Раней Dialog.UA паведамляў, што, паводле звестак праваабаронцы Асечкіна, РФ рыхтуе ваенны захоп Беларусі ўжо ў гэтым годзе. Масква пачала закулісна абмяркоўваць гэтае пытанне з беларускімі генераламі”, – адзначае міжнароднае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя, Вольга Сямашка






