BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь: Cтабільнасць, але з ухілам

Напярэдадні прэзідэнцкіх “выбараў” улады Беларусі пачалі новую хвалю рэпрэсій. З “Белшыны” часткова знялі санкцыі ЕЗ – расследавальнікі лічаць, што дарма. Улады Беларусі забаранілі трансляцыю футбольнага матчу «Легія Варшава» — «Дынама Менск».

“Улады Беларусі распачалі новую хвалю арыштаў, спрабуючы выкараніць любыя прыкметы нязгоды напярэдадні студзеньскіх выбараў, на якіх аўтарытарны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прэтэндуе на сёмы тэрмін”, – піша амерыканскае выданне ABC News.

“З чацвярга па краіне было арыштавана больш за 100 чалавек. Арышты былі накіраваныя менавіта на ўдзельнікаў інтэрнэт-чатаў, створаных жыхарамі шматкватэрных дамоў у розных гарадах Беларусі. Падчас масавых дэманстрацый, якія былі выкліканыя прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года, якія апазіцыя і Захад разглядалі як сфальсіфікаваныя, такія чаты шырока выкарыстоўваліся для каардынацыі пратэстаў. Улады Беларусі адказалі на дэманстрацыі шырокім разгонам, падчас якога было арыштавана каля 65 000 чалавекАсноўныя дзеячы апазіцыі былі або заключаны ў турму, або ўцяклі з краіны ў выніку рэпрэсійПраваабаронцы паведамляюць, што цяпер у Беларусі ўтрымліваюцца 1300 палітвязняў, многія з іх пазбаўлены належнай медыцынскай дапамогі і сувязі з сем’ямі. Непасрэдна перад апошняй хваляй арыштаў улады прызналі дзясяткі інтэрнэт-чатаў часткай меркаванай «экстрэмісцкай» агульнанацыянальнай сеткі. Чаты створаны жыхарамі шматкватэрных дамоў для ўзгаднення сваіх паўсядзённых патрэбаў, такіх як абслугоўванне дома і камунальныя паслугі. Некаторых з арыштаваных абвінавачваюць у «змове з мэтай захопу ўлады», што прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да 15 гадоў. Турмы Беларусі і так перапоўненыя, у камеры, разлічаныя на трох вязняў, змяшчаюць па 15-20 чалавек. Лідар беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская, якая знаходзіцца ў выгнанні пасля таго, як кінула выклік Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, заклікала Захад адрэагаваць на нядаўнія арышты. «Маштабы апошняй хвалі рэпрэсій адлюстроўваюць атмасферу тэрору за фальшывыя прэзідэнцкія выбары», — сказала Ціханоўская і заклікала беларусаў галасаваць супраць усіх кандыдатаў на будучых выбарах у студзені ў Беларусі,” – піша амерыканскае выданне.

“У сакавіку 2024 года Суд Еўрапейскага звязу зняў з “Белшыны” частку санкцый, уведзеных у снежні 2021 года. Журналісты Беларускага расследацыйнага цэнтра лічаць гэтае рашэнне памылкай. Як ім удалося высветліць, паралельна з аспрэчваннем санкцый прадпрыемства пастаўляла шыны расейскай арміі, чым наўпрост спансіравала сям’ю Аляксандра Лукашэнкі”, – перадае DW.

“Ёсць дыстрыб’ютар, які мае кантракт з міністэрствам абароны РФ. На пастаўках зарабляе кампанія, звязаная з сям’ёй Лукашэнкі – гандлёвы дом “БелАЗ”, 45% долі якога належыць прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу. Кіруе клубам Зміцер Лукашэнка – сярэдні сын беларускага кіраўніка. Акрамя Мінабароны беларускія шыны пастаўляліся шэрагу расейскіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў, якія таксама вырабляюць вайсковую тэхніку. Расейская ваенная тэхніка літаральна абута ў прадукцыю “Белшыны”. Журналісты прааналізавалі фота з выставы “Армія 2023” у Падмаскоўі – маркіроўка беларускага прадпрыемства бачная на шынах расейскіх цягачоў, бронеаўтамабіляў і іншай тэхнікі, якую РФ выкарыстоўвае для вайны ва Украіне. Пры гэтым сектаральныя санкцыі ЕЗ у дачыненні да “Белшыны” працягваюць дзейнічаць. Нягледзячы на ​​зняцце санкцый з самога прадпрыемства, прадукцыя “Белшыны” працягвае знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ. Акрамя таго, “Белшына” па-ранейшаму застаецца пад санкцыямі ЗША, Японіі, Швейцарыі і Украіны”, – перадае DW.

Футбольны матч паміж камандамі «Легія Варшава» і «Дынама Мінск» прайшоў у Варшаве ў рамках Лігі канферэнцый. “Беларусы прайгралі палякам у футбол, але не гэта было галоўным на матчы. На трыбунах паявіліся БЧБ-сцягі, зварот да Лукашэнкі і заклік вызваліць палітвязняў”, – перадае Polskie Radio.

“За некалькі дзён да матчу суполка заўзятараў менскай каманды заклікала беларусаў прыйсці на стадыён з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі.

Нягледзячы на тое, што «Дынама» не арганізавала паездкі для сваіх заўзятараў на гэты матч, беларусы, якія пражываюць у Польшчы, з’явіліся на трыбунах з нацыянальнымі сцягамі і транспарантамі з надпісамі, якія крытыкуюць дыктатуру Аляксандра Лукашэнкі. Заўзятары «Легіі» вывесілі вялізны банер з надпісам з заклікам пакараць Лукашэнку і яго стаўленікаў «за знішчэнне магіл польскіх герояў». Рэжым не дазволіў паказаць гэтыя здымкі на дзяржаўным тэлебачанні. Нягледзячы на тое, што палякі разграмілі клуб з Менска з лікам 4:0, матч запомніцца дзякуючы не гэтаму, а таму, з чым прыйшлі заўзятары на стадыён”, – паведамляе Polskie Radio.

Агляд сусветнай прэсы пра Беларусь падрыхтавала Вольга Сямашка