BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь: Cвой сярод сваіх

  • Грызлоў указаў Лукашэнку яго месца
  • Лукашэнка сцвярджае, што Пуцін не прасіў у яго дазволу на напад на Украіну з тэрыторыі Беларусі
  • БДУ ўпаў у рэйтынгу лепшых універсітэтаў свету адразу на некалькі соцень пазіцый

Амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў пахваліў Лукашэнку за рэпрэсіі супраць беларусаў. Гэта першы выпадак, калі афіцыйны прадстаўнік Расейскай Фэдэрацыі публічна падтрымлівае рэпрэсіі супраць беларускага народа”, – піша міжнароднае выданне iSANS.

«Раней расейцы не рабілі такіх заяваў на афіцыйным роўні. Нават падчас падзеяў 2020 года ў Беларусі, калі Расея аказала поўную падтрымку Лукашэнку і дапамагла яму ўтрымацца ва ўладзе, прамых заклікаў да рэпрэсій не гучала. Але з таго часу сама Расея моцна змянілася. У расейскай палітыцы, эканоміцы, адносінах дзяржавы і грамадства ўсё падпарадкавана вайне, усё пераведзена на ваенныя рэйкі, у тым ліку і заканадаўства. Безумоўна, у рамках падрыхтоўкі да вайны, расейскія ўлады “зачышчалі” грамадства, грамілі СМІ, палітычныя і грамадскія арганізацыі, садзілі і выціскалі нязгодных з краіны, але гэта былі прэвентыўныя рэпрэсіі. Зараз па законах ваеннага часу ўжо асуджаныя тысячы і дзясяткі тысяч чалавек. Неверагодна пашырылася трактаванне і прымяненне норм аб экстрэмізме, тэрарызме і здрадзе дзяржаве, што знаёма беларусам з вопыту 2020 года.

У рамках гэтай парадыгмы Грызлову ўжо не сорамна распаўсюджваць падобныя ж уяўленні на адносіны беларускай дзяржавы з грамадствам, не адчуваючы ніякіх сантыментаў і імкнення спадабацца беларускаму народу. Пры гэтым адной з прычын выказванняў Грызлова сталі нядаўнія заявы Лукашэнкі пра кантакты з заходнімі краінамі. Акрамя таго, Грызлоў сваімі заявамі абмежаваў “перадвыбарчую” рыторыку Лукашэнкі пэўнымі рамкамі. Грызлоў жа ў сваім звароце неаднаразова дае зразумець, што Лукашэнку не варта нават думаць у кірунку Захада. Паказальна, што заявы Грызлова прагучалі практычна маментальна пасля таго, як у мінулую пятніцу Лукашэнка распавёў пра нейкае ўзаемадзеянне з цэлай групай заходніх прадстаўнікоў. Лукашэнку не варта баяцца пратэстаў у краіне бліжэйшы час, але Масква нагадвае яму, каму ён гэтым абавязаны. Пры гэтым дастаткова цяжка ўявіць, што ў Крамля няма іншых каналаў камунікацыі з Лукашэнкам, акрамя амбасадара ў Менску. Вядома ж, яны ёсць, і Лукашэнка цудоўна ведае, чаго ад яго чакаюць у Крамлі. Тое, што расейскі амбасадар робіць такія заявы, хутчэй кажа пра тое, што ў Маскве Беларусь успрымаюць ужо нават не як васальную дзяржаву, а як адзін з рэгіёнаў Расеі», – падсумоўвае міжнароднае выданне.


Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што расейскі лідар Уладзімір Пуцін не прасіў у яго дазволу на нападзенне на Украіну з тэрыторыі Беларусі, бо гэта быў звычайны «вывад войскаў пасля вучэнняў»”, – друкуе BBC па Расеі інтэрв’ю Лукашэнкі Стыву Розэнбэргу.

Розенберг спытаў Лукашэнку, чаму той дазволіў Крамлю атакаваць Украіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Лукашэнка адказаў, што: «Ішлі вучэнні з удзелам некалькіх тысяч расейскіх вайскоўцаў. Пуцін пачаў выводзіць гэтыя войскі з таго месца, дзе яны былі на поўдні Беларусі, па дарозе, уздоўж мяжы з Украінай. У нейкі момант ён перанакіраваў частку гэтых войскаў у Кіеў. Я ўпэўнены, што іх справакавалі. Ад Пуціна залежыць, як ён вывядзе свае войскі. Праз Кіеў. А мог і праз Менск». Розенберг пацікавіўся, ці тэлефанаваў Лукашэнка Пуціну, каб удакладніць, што адбываецца. У адказ самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі заявіў: «Не. Ён мяне не клікаў. І я яго не клікаў. Гэта яго войскі, і ён мае права іх выводзіць, як яму заўгодна».

BBC падкрэсліла, што каментар Лукашэнкі «адлюстроўвае ступень уплыву Крамля ў суседняй Беларусі». Яшчэ адным прыкладам гэтага з’яўляецца тое, што Расея размясціла ў Беларусі тактычную ядзерную зброю. Адказваючы на пытанне, ці гатовы Пуцін выкарыстаць гэтую зброю ў вайне супраць Украіны, Лукашэнка заявіў, што Пуцін «ніколі не будзе выкарыстоўваць зброю, размешчаную ў Беларусі, без згоды прэзідэнта Беларусі». Але ён хутка падкрэсліў, што сам «цалкам гатовы» дазволіць выкарыстанне гэтай ядзернай зброі. «Я цалкам гатовы, інакш навошта гэтая зброя? Але толькі ў тым выпадку, калі бот аднаго [замежнага] салдата ступіць у Беларусь. Мы ні на каго нападаць не плануем», — падкрэсліў Лукашэнка.

Расея выкарыстоўвала тэрыторыю Беларусі на працягу ўсяго поўнамаштабнага ўварвання: расейскія вайскоўцы ўварваліся ва Украіну, у тым ліку, з тэрыторыі Беларусі, а Расея неаднаразова атакавала Украіну ракетамі з тэрыторыі Беларусі. Менавіта на тэрыторыях Беларусі, якія мяжуюць з Украінай і Польшчай, Расея праводзіць сумесныя вучэнні з беларускім войскам, у тым ліку з прымяненнем тактычнай ядзернай зброі. За больш чым два гады поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што НАТА нібыта можа напасці на Беларусь. Маўляў, менавіта з-за гэтай уяўнай пагрозы Беларусь праводзіць шматлікія вайсковыя вучэнні ля межаў іншых краінаў і нават размясціла на сваёй тэрыторыі расейскую ядзерную зброю”, – паведамляе ВВС.


У рэйтынгу Times Higher Education БДУ спусціўся ў катэгорыю 1500+ найлепшых універсітэтаў. Годам раней ён уваходзіў у групу 1201—1500. Свой самы высокі вынік БДУ паказаў у 2018-м: тады ён быў сярод 801-1000 найлепшых. У рэйтынг таксама ўключаны БДУІР, медыцынскія ўніверсітэты ў Менску, Гародні і Гомелі: ГрДУ імя Я. Купалы, ГДУ ім.Ф. Скарыны, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Універсітэт грамадзянскай абароны МНС, аднак канкрэтнае месца ім не прысуджалася: яны не далі дастаткова інфармацыі для ацэнкі. Першыя радкі ў рэйтынгу Times Higher Education, апублікаваных у афіцыйным выданні інстытуцыі, займаюць Оксфард, Масачусецкі тэхналагічны інстытут, Гарвардскі ўніверсітэт.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя