- Беларусь заявіла, што яе войскі ўдзельнічаюць у другім этапе ядзерных вучэнняў з Расеяй
- Наступствы вайны Расеі супраць Украіны
- Святлана Ціханоўская пра рэпрэсіі ў Беларусі і ўспаміны пра дом»

«Беларусь не ставіць перад сабой мэту ствараць напружанасць у пытаннях рэгіянальнай бяспекі, так запэўнівае мясцовы міністр абароны», – піша турэцкае Агенцтва Anadolu.
«Беларусь заяўляе, што яе войскі ўдзельнічаюць у другім этапе ядзерных вучэнняў з Расеяй. У заяве Мінабароны Беларусі гаворыцца, што ўдзел яе вайскоўцаў адбываецца ў адпаведнасці з рашэннем прэзідэнтаў дзвюх краін і дамоўленасцямі паміж міністэрствамі. «Сёння мы ўжо дзейнічаем апераджальна, павышаем гатовасць да планамернага прымянення так званай сістэмы адплаты. Цяпер, як ніколі раней, мы настроены рэагаваць на любыя пагрозы як нашай краіне, так і Саюзнай дзяржаве», – цытуе міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна. Выказаўшы, што такія вучэнні даюць магчымасць ацаніць узровень падрыхтоўкі ўзброеных сіл краіны, Хрэнін сказаў, што дзейнасць Менска ў гэтым напрамку праводзіцца «ў інтарэсах нашай уласнай бяспекі і носіць планавы характар». «У нас няма мэты стварыць нейкую напружанасць у пытаннях рэгіянальнай бяспекі. Мы не праецыруем адпаведныя ваенныя пагрозы на трэція краіны ці каго-небудзь яшчэ», – сказаў ён.
«Мы – міралюбівая дзяржава, мы нікому не пагражаем і не шукаем канфрантацыі, але порах захаваем сухім!». Хрэнін не паведаміў, дзе будуць праходзіць вучэнні. У мінулым месяцы Беларусь і Расея правялі вучэнні з баявымі самалётамі, здольнымі несці тактычную ядзерную зброю. Прэзідэнт Расеі Ўладзімер Пуцін і яго беларускі калега Аляксандар Лукашэнка ў сакавіку мінулага году заявілі, што Масква размесціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю», – пішу турэцкае выданне.
«Поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну ў лютым 2022 года таксама паставіла пад пытанне суверэнітэт Беларусі. Краіна паслужыла стартавай пляцоўкай для нападу, такім чынам стаўшы суагрэсарам. Структурная залежнасць Беларусі ад Расеі ў многіх сферах працягвае павялічвацца. Зараз гэтую паступовую страту суверэнітэту яшчэ можна адмяніць. Каб такая сітуацыя захавалася, ЕС і Германія не павінны спісваць краіну з рахункаў», – заклікае нямецкае выданне Stiftung Wissenschaft und Politik.Stiftung Wissenschaft und Politik Stiftung Wissenschaft und Politik
«Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года Аляксандр Лукашэнка, які кіруе з 1994 года, апынуўся ў ролі прасіцеля перад гаспадаром Крамля Уладзімірам Пуціным. Масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў ускалыхнулі яго рэжым да глыбіні душы. Менавіта жорсткае прымяненне сілы і падтрымка Пуціна забяспечылі Лукашэнку палітычнае выжыванне. Пагроза ваеннага ўмяшання з боку Расеі перашкодзіла большай колькасці дзяржаўных устаноў праявіць салідарнасць з пратэстоўцамі. Крызіс у Беларусі даў Крамлю магчымасць пашырыць свой кантроль над краінай і навязаць ёй інтэграцыйныя патрабаванні, якія раней Лукашэнка заўсёды адмаўляўся выконваць. Рэзкі разрыў адносінаў з Захадам рэзка абмежаваў поле для манеўру Менска ў знешняй палітыцы. Акрамя таго, заходнія санкцыі прывялі да росту эканамічнай залежнасці ад Расеі. Крэмль выкарыстаў гэта, каб пашырыць сваю ваенную прысутнасць у Беларусі і канчаткова сфармуляваць дарожныя карты па паглыбленні інтэграцыі Саюзнай дзяржавы абедзвюх краін, утворанай у 1999 годзе. Наколькі беларускаму боку ўдалося адбіцца ад далейшых расейскіх патрабаванняў дарожных мапаў, цяжка вызначыць з-за непразрыстасці перамоўнага працэсу. Беларусь павінна шмат у чым адаптаваць сваё заканадаўства да расейскага. Пры гэтым Лукашэнка рызыкуе страціць кантроль над эканомікай краіны, якая з’яўляецца практычна планавай. Каб адтэрмінаваць ліберальныя эканамічныя рэформы, ён, такім чынам, даказаў, што гатовы пайсці на сурʼёзныя саступкі ў іншых сферах, уключаючы палітыку бяспекі і ваеннае супрацоўніцтва», – піша нямецкае выданне.
У вялікім інтэрв’ю польскаму рэсурсу Kanal Zero беларуская лідарка Святлана Ціханоўская распавяла пра смутак па радзіме і цёплыя ўспаміны, а таксама звярнула ўвагу на адказнасць беларусаў і беларусак за змены ў краіне і заклікала адмовіцца ад думкі, што ўсё ў краіне вырашае адзін чалавек.
«Я сумую па Беларусі. Гэта мая радзіма, там мае бабуля і дзядуля, хата ў вёсцы, дзе я бавіла кожнае лета. Там мае бацькі, кватэра, якая зараз канфіскавана. Мы з мужам клеілі там шпалеры сваімі рукамі, упрыгожвалі яе. Я сумую па гэтым, але па людзях заўсёды сумуеш больш. Ты хочаш вярнуцца і не можаш. Нягледзячы на тое, што ўлада ў Беларусі зараз узурпаваная, а ўнутры – жахлівыя рэпрэсіі, у нас застаюцца цёплыя ўспаміны пра дом. Мы помнім вуліцы, па якіх хадзілі і ўлюбёныя месцы. Там засталося шмат сяброў. Калі думаеш пра іх, на твары непазбежна зʼяўляецца ўсмешка. Гэта сумная ўсмешка, хоць і поўная надзеі. Трэба адмаўляцца ад мадэлі, замацаванай дыктатурай, дзе мы звыклі, што адзін чалавек усё вырашае, а ўсе падпарадкоўваюцца. Зараз кожны адказвае за змены ў дзяржаве. Кожны адказвае за незалежнасць нашай дзяржавы і тое, каб людзі выходзілі з турмаў. Кожны павінен унесці свой уклад. У мяне ёсць магчымасць сустракацца з сусветнымі лідарамі, прэмʼер-міністрамі і прэзідэнтамі. Я магу адкрываць дзверы, праз якія потым павінны праходзіць беларусы. Таму так важна, каб беларуская дыяспара была актыўная ўва ўсіх краінах», – цытуе беларускую лідарку польскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






