BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь: Гандаль воляй

«Працэс доўгі і хваравіты»: чаму Захад не давярае «жэстам» Лукашэнкі. Лукашэнка кліча Трампа: «Час аднавіць адносіны». Адукацыя ў арбіце Саюзнай дзяржавы: Расея і Беларусь будуюць агульную навуковую прастору.

LRT.lt піша пра рэзанансны візіт у Менск амерыканскага спецыяльнага пасланніка Кіта Келога, пасля якога на волю выйшлі 14 палітвязняў з розных краін, у тым ліку Сяргей Ціханоўскі. Аднак, як падкрэсліваюць літоўскія аналітыкі, гэтае вызваленне было не вынікам канкрэтных дамоўленасцяў, а часткай «тонкай і складанай аперацыі», сапраўдныя мэты якой выклікаюць падазрэнні.

«Літоўскія палітыкі заяўляюць, што не валодаюць поўнай інфармацыяй пра змест перамоваў паміж ЗША і Беларуссю. Ёсць асцярогі, што заходнія краіны могуць стаць аб’ектам палітычнага торгу, асабліва ў кантэксце магчымых паслабленняў санкцый супраць «Беларуськалія» або «Белавія». Літоўскі дыпламатычны корпус заяўляе, што Беларусь нічога не патрабавала, але аналітыкі мяркуюць, што ідзе кулуарны гандаль: вызваленне вязняў у абмен на аднаўленне дыпламатычных адносін або фінансавыя саступкі. На фоне гэтага прадстаўнік Беларусі пры ААН адкрыта заявіў пра жаданне аднавіць працу амбасадаў і нармалізаваць стасункі з Вашынгтонам. Аднак у Літве і сярод дэмакратычнай апазіцыі лунаюць папярэджанні: Лукашэнка спрабуе выкарыстаць вызваленне вязняў як інструмент гандлю і адначасова працягвае рэпрэсіі”, – піша міжнароднае літоўскае выданне і прыводзіць цытаты экспертаў.

“Рэжым дзейнічае як тэрарыстычная структура: адных адпускае, другіх саджае. Гэта бясконцы працэс”, — адзначае палітолаг Віціс Юрконіс. Паводле яго, Беларусь хоча адмены санкцый, асабліва тых, што перашкаджаюць экспарту ўгнаенняў і авіяперамяшчэнням, а таксама ўзнаўлення працы амбасады ЗША ў Менску.Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка пацвярджае, што перамовы аб дыпламатычным “размарожванні” ідуць, але ніякай легітымізацыі Лукашэнкі праз прызначэнне паслоў не разглядаецца. “Рэжым ужо шмат атрымаў — сам факт фатаграфіі з Келагам — гэта перамога для Лукашэнкі”, — дадае ён.

***

NV паведамляе, што 4 ліпеня  Лукашэнка адкрыта прапанаваў Дональду Трампу аднавіць дыпламатычныя адносіны паміж ЗША і Беларуссю. У заяве для дзяржаўнага агенцтва БелТА Лукашэнка падкрэсліў, што Менск «заўсёды быў за канструктыўны дыялог» і настойвае: «Настаў час змяніць сітуацыю».

Паводле выдання, візіт у Менск 21 чэрвеня спецыяльнага прадстаўніка Трампа па Украіне і Расеі Кіта Келога стаў найбольш прыкметным амерыканскім дыпламатычным кантактам з Беларуссю за апошнія пяць гадоў. У той жа дзень Менск вызваліў 14 палітвязняў з розных краін, у тым ліку вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага.

Паводле крыніц NV, падчас сустрэчы Келаг абмяркоўваў не толькі вызваленне палітвязняў, але і магчымасць змякчэння асобных санкцый. Хаця афіцыйна Вашынгтон сцвярджае, што ніякіх абяцанняў Лукашэнку дадзена не было, сам факт гутаркі і яе вынікаў выклікае заклапочанасць у еўрапейскіх саюзнікаў ЗША.

Лукашэнка акцэнтаваў жаданне ажывіць «праекты ў рамках двухбаковага і шматбаковaга супрацоўніцтва», тым самым адкрыта дэманструючы намер перазапусціць адносіны з новай адміністрацыяй Трампа. На думку экспертаў, гэты заклік можа быць часткай стратэгіі Менска — дабіцца міжнароднай легітымацыі і фінансавага паслаблення праз заходні дыялог, не спыняючы рэпрэсіі.

***

iSANS паведамляе пра паглыбленне інтэграцыі беларускіх і расейскіх адукацыйных сістэм. Паводле выдання, візіт міністра навукі і вышэйшай адукацыі Расеі Валерыя Фалькова ў Беларусь, прымеркаваны да 25-годдзя Саюзнай дзяржавы, прывёў да шэрагу дамоўленасцяў: ад сумесных адукацыйных праграм і абмену выкладчыкамі да новых спецыяльнасцяў у беларускіх ВНУ.

Упершыню беларусы змогуць вучыцца праектаванню беспілотнікаў і стварэнню энерганасычаных матэрыялаў у партнёрстве з расейскімі ўніверсітэтамі. Расце колькасць бясплатных месцаў у расейскіх ВНУ для беларусаў, пашыраецца праграма школьных і студэнцкіх абменаў, у тым ліку з удзелам «Русскіх дамоў» — філіялаў Рассупрацоўніцтва.

Эксперты iSANS адзначаюць: «інтэграцыя адбываецца не толькі на практычным, але і на заканадаўчым узроўні, а з улікам ізаляцыі Беларусі ад Захаду, Расея становіцца дамінантным партнёрам у сферы адукацыі і навукі. Адначасова адбываецца ідэалагізацыя адукацыйнага кантэнту: вялікая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню і фармаванню «саюзнай» ідэнтычнасці».

Агляд сусветнай прэсы пра Беларусь падрыхтавала Вольга Сямашка