Ультыматум Трампа і новыя выклікі для Беларусі. Bild: беларускія ўлады зноў выкарыстоўваюць мігрантаў як зброю супраць ЕЗ. Канікулы ў ваенізаваных лагерах і ізаляцыя адукацыі ў Беларусі.

Фота: x.com/Straz_Graniczna
DW аналізуе наступствы апошніх заяваў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які 14 ліпеня абвясціў новыя падыходы да вайны Расеі супраць Украіны. У выданні сцвярджаецца: курс ЗША можа выклікаць стратэгічныя змены ў рэгіёне і паставіць Беларусь перад новым выбарам.
“У сваёй заяве Трамп прыгразіў увесці санкцыі супраць Расеі і яе партнёраў, калі Крэмль не спыніць вайну цягам 50 дзён. Пры гэтым пастаўкі амерыканскай зброі маюць ажыццяўляцца за кошт еўрапейскіх партнёраў. Такое абвастрэнне рыторыкі можа паставіць кропку ў спробах Аляксандра Лукашэнкі наладзіць адносіны з Вашынгтонам.
«Калі адносіны паміж ЗША і Расіяй зноў апынуцца на мяжы канфрантацыі, то для Лукашэнкі гэта азначае канец любых ілюзій пра “нармалізацыю” з Захадам». Аднак для афіцыйнага Менска такі сцэнар не з’яўляецца катастрафічным: рэжым працягвае арыентавацца на Расею і Кітай як асноўных партнёраў. Куды больш небяспечнай выглядае перспектыва далейшай эскалацыі ва Украіне. Паводле заходніх аналітыкаў, наступальныя дзеянні расейскай арміі могуць узмацніцца, а любая эскалацыя — падштурхнуць Крэмль да выкарыстання беларускай тэрыторыі або вайсковых рэсурсаў.
«У выпадку вясення-асенняга вітка вайсковай эскалацыі Беларусь можа быць уцягнутая ў канфлікт не толькі лагістычна, але і ў якасці фактара запалохвання для НАТА», — адзначае DW, спасылаючыся на аналітыкаў. Асаблівую занепакоенасць выклікаюць магчымыя сцэнары падчас сумесных вучэнняў «Захад-2025». Паводле DW, другая палова лета абяцае стаць адным з найнапружанейшых перыядаў для рэгіёну — як для Украіны, так і для Беларусі.
….
Bild (Германія) сцвярджае: рэжым Аляксандра Лукашэнкі наўмысна арганізуе новую хвалю міграцыйнага ціску на заходнія межы ЕЗ. Паводле таблоіда, рост колькасці спроб нелегальнага перасячэння мяжы з Польшчай звязаны з мэтанакіраванымі дзеяннямі Менска па дэстабілізацыі сітуацыі ў Германіі. У артыкуле адзначаецца, што толькі за мінулы тыдзень польскія памежнікі спынілі сотні спроб прарыву — 390 мігрантаў былі адкінутыя назад на выходных, а ў панядзелак яшчэ 185 асобаў спрабавалі прарвацца праз агароджу.
Паводле звестак Bild, цяпер асноўны шлях мігрантаў вядзе праз Маскву, Доху, Стамбул і Бенгазі, адкуль яны трапляюць у Менск. З Беларусі мігрантаў арганізавана дастаўляюць да мяжы з Польшчай, у тым ліку — аўтобусамі і з прыладамі для сабатажу памежнай інфраструктуры. Дзяржаўная авіякампанія «Белавія», паводле Bild, з чэрвеня пачала рэгулярныя рэйсы ў Лівію. У тыдзень з Турцыі выконваюцца 78 рэйсаў у Беларусь — яшчэ ў красавіку іх было толькі 20.
«Ад пачатку года, па дадзеных польскіх службаў, спынена ўжо больш за 20 тысяч спроб нелегальнага перасячэння мяжы з боку Беларусі. ЕЗ асцерагаецца, што Лукашэнка можа распачаць новы гібрыдны шантаж, падобны да сітуацыі 2021 года. Усё гэта адбываецца на фоне абвастрэння вайны ва Украіне і пагаршэння адносін Расеі з ЕЗ. «Практычна кожны мігрант, што прыбывае на знешнюю мяжу ЕЗ, размаўляе па-руску. Шмат хто — агрэсіўны, напады на памежнікаў пачасціліся», — паведамляюць нямецкія спецслужбы. Міністр унутраных спраў Германіі Аляксандр Добрындт падтрымаў Польшчу, заявіўшы, што яна «абароняе не толькі сваю, але і ўсю еўрапейскую мяжу». Паводле Bild, ужо ў панядзелак Добрындт наведае памежныя рэгіёны для ўдзелу ў закрытым крызісным пасяджэнні з польскім бокам. «Мы мусім знайсці эфектыўныя сродкі супраць гэтых гібрыдных атак. Калі мы пачнём накіроўваць такіх мігрантаў у бяспечныя трэція краіны, струмень хутка спыніцца», — заявіў дэпутат Бундэстага Аляксандр Тром (CDU). У час, калі напружанне на ўсходніх межах Еўропы нарастае, Беларусь зноў аказваецца ў цэнтры ўвагі як патэнцыйны генератар крызісаў, на гэты раз — праз інструменталізацыю ўцекачоў», – падкрэслівае нямецкае выданне.
….
У чэрвені сістэма адукацыі Беларусі працягвала курс на ідэалагізацыю і мілітарызацыю. Як адзначае аналітычная платформа ISANS, летнія канікулы не сталі перыядам адпачынку ад палітычнага ўплыву: наадварот, яны выкарыстоўваюцца для прапаганды і ваеннай падрыхтоўкі моладзі.
«У розных рэгіёнах краіны арганізаваныя кругласутачныя ваенізаваныя лагеры, дзе школьнікі ўдзельнічаюць у палявых зборах і ідэалагічных мерапрыемствах. Такія практыкі, паводле даследавання, падтрымліваюцца і каардынуюцца чыноўнікамі і сілавымі структурамі. Працягваецца актыўнае прасоўванне ідэалагічна афарбаваных навін праз афіцыйныя каналы Міністэрства адукацыі: 30% паведамленняў на сайце і ў тэлеграм-канале ведамства прысвечаныя прапагандзе». ISANS адзначае, што гэта сведчыць пра сталую тэндэнцыю да дзяржаўнага кантролю над адукацыйным полем.
Сярод іншых праблем чэрвеня:
«– анамальна высокія балы на ЦТ і ЦЭ, што выклікае сумневы ў празрыстасці экзаменаў;
– няяснасць з магчымасцю навучання ў замежжы для дзяцей, якія жывуць у Беларусі;
– новыя перашкоды для паступлення за мяжу і паступовае фарміраванне «адзінай адукацыйнай прасторы з Расеяй».
Таксама адзначаецца распаўсюд расейскіх наратываў пра вайну ва Украіне праз кінопаказы ў «Рускіх дамах» і праз паездкі студэнтаў і выкладчыкаў у РФ».
Вывад ISANS: беларуская сістэма адукацыі становіцца інструментам ізаляцыі і дзяржаўнай ідэалогіі, а моладзь — аб’ектам сістэмнай палітычнай апрацоўкі.
Беларускае Радыё Рацыя






