Ціханоўская: гісторыю пішуць не дыктатары, але людзі. Грамадзянская супольнасць: маштаб ліквідацыі НКА ў Беларусі. Новы год пачаўся, але ўмовы пастаўкі газу ў Беларусь яшчэ невядомыя.

SBS (Аўстралія) апублікавала вялікі матэрыял пра Святлану Ціханоўскую — лідара беларускай дэмакратычнай апазіцыі ў выгнанні, якую ўлады Беларусі завочна асудзілі на 15 гадоў пазбаўлення волі. Артыкул выйшаў на фоне яе візіту ў Аўстралію і падкрэслівае рост міжнароднай увагі да беларускай тэмы па-за Еўропай.
SBS нагадвае, што Ціханоўская стала ключавой фігурай пратэстаў 2020 года пасля арышту свайго мужа Сяргея Ціханоўскага і была вымушаная пакінуць Беларусь пад ціскам сілавікоў. Еўрапейскі парламент прызнаў яе «абраным прэзідэнтам у вачах беларускага народа», а самі выбары 2020 года былі названыя ЕЗ і заходнімі краінамі «не свабоднымі і несправядлівымі». У матэрыяле падрабязна апісваецца маштаб рэпрэсій пасля выбараў: дзясяткі тысяч затрыманых, зафіксаваныя ААН катаванні, не менш за чатыры смерці і больш за 1100 палітвязняў, якія застаюцца за кратамі. SBS адзначае, што ўзровень гвалту і кантролю ў краіне праваабаронцы параўноўваюць з найцямнейшымі перыядамі савецкай гісторыі.
Асобны акцэнт зроблены на ўзмацненні залежнасці Менска ад Масквы. Аўстралійскае выданне падкрэслівае, што Беларусь фактычна стала апорнай тэрыторыяй для расейскай вайны супраць Украіны: з размяшчэннем войскаў, ракетных сістэм і тактычнай ядзернай зброі, нягледзячы на заявы Лукашэнкі пра «неўдзел» у вайне.
SBS цытуе Ціханоўскую, якая сцвярджае, што саюз Лукашэнкі з Пуціным не адлюстроўвае пазіцыю беларускага грамадства, і распавядае пра супраціў унутры краіны: ад партызанскіх дзеянняў да лічбавага актывізму, які сам па сабе стаў рызыкоўным.
Важнай тэмай артыкула стала праблема беларусаў у выгнанні. Выданне звяртае ўвагу на тое, што пасля забароны консульствам выдаваць пашпарты сотні тысяч беларусаў могуць апынуцца без дзеючых дакументаў. У адказ каманда Ціханоўскай запускае праект «Новы беларускі пашпарт», які пакуль мае сімвалічны характар, але разглядаецца як спроба прадухіліць гуманітарны крызіс. Падчас візіту ў Аўстралію Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Энтані Альбанезе і кіраўніцай МЗС Пэні Вонг, якая назвала яе «бясстрашнай абаронцай дэмакратыі і справядлівасці». Разам з тым SBS адзначае, што Аўстралія, як і іншыя краіны, афіцыйна прызнае дзяржавы, а не ўрады ў выгнанні, што абмяжоўвае палітычныя наступствы такой падтрымкі. У фінале матэрыялу Ціханоўская падкрэслівае, што будучыня Беларусі напрамую залежыць ад выніку вайны Расеі супраць Украіны, і заяўляе, што «гісторыю пішуць не дыктатары, а людзі».
…
З 2020 года ў Беларусі было закрыта амаль 2000 некамерцыйных арганізацый, вынікае з новага агляду Deutsche Welle са спасылкай на даследаванні Lawtrend. Агульная колькасць ліквідаваных структур — 1990.
Паводле звестак, не менш за 1220 арганізацый былі ліквідаваныя прымусова. Сярод іх — пераважна грамадскія аб’яднанні, а таксама 78 фондаў, 11 палітычных партый, 8 асацыяцый, 4 прафсаюзы і адна рэлігійная арганізацыя. Яшчэ 770 арганізацый прынялі рашэнне аб самаліквідацыі на фоне ўзмацнення ціску.
Па стане на снежань 2025 года ў Беларусі было зарэгістравана каля 1943 некамерцыйных арганізацый. У параўнанні з 2021 годам колькасць грамадскіх аб’яднанняў скарацілася на 45%.
Lawtrend таксама паведамляе, што ў месцах пазбаўлення волі знаходзяцца тры праваабаронцы, а таксама дзясяткі прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці і рэлігійных структур, 19 прадстаўнікоў прафсаюзнага і рабочага руху. Толькі ў снежні ўлады прызналі «экстрэмісцкімі фармаваннямі» арт-прастору «Склад бутэлек» у Барысаве, культурную ініцыятыву «Да Зораў» і рыцарскі клуб «Барысфен».
….
iSANS (Энергетычны дайджэст за снежань 2025) звяртае ўвагу, што новы 2026 год Беларусь пачала без публічна агучаных умоў паставак расейскага газу. Гэта стварае дадатковую нявызначанасць для энергетычнай бяспекі краіны, нягледзячы на знешне стабільны ход тэхнічных і інвестыцыйных працэсаў у галіне.
На гэтым фоне ў снежні працягваліся маштабныя работы па мадэрнізацыі энергетычнай інфраструктуры. Завершаны этапы рэканструкцыі шэрагу ключавых аб’ектаў, у тым ліку падстанцый «Жлобін-Заходняя» і «Полацкая-330», а таксама рамонты і запускі турбаагрэгатаў на Гомельскай і Гарадзенскай ТЭЦ. Адначасова беларускія цеплаэлектрацэнтралi правяралі гатоўнасць працаваць на рэзервовым паліве: у снежні на Берасцейскай і Баранавіцкай ТЭЦ праводзіліся выпрабаванні катлоў на мазуце.
Эксперты iSANS адзначаюць і паступовы рух у бок дыверсіфікацыі: у Гомелі вырабілі мабільную кацельню на пелетах, якая разглядаецца як аварыйнае рашэнне для крызісных сітуацый, а ў Магілёве былі адкрытыя новыя зарадныя станцыі для электрамабіляў.
У заканадаўчай сферы ўлады працягваюць карэктаваць рамкі энергаспажывання. У снежні быў прыняты закон аб зменах у падыходах да нармавання расходу паліўна-энергетычных рэсурсаў для буйных спажыўцоў, а таксама зацверджаны шэраг дзяржаўных праграм на 2026–2030 гады, у тым ліку «Недры», «Навука для эканомікі і грамадства» і Дзяржаўная інвестыцыйная праграма на 2026 год. Паводле статыстычных дадзеных, у наступную пяцігодку ў Беларусі плануецца рэканструкцыя каля 18,5 тыс. км электрасетак. Беларуская АЭС з моманту запуску выпрацавала каля 55 млрд кВт·г электраэнергіі, аднак агульная выпрацоўка электраэнергіі ў 2025 годзе, паводле ацэнак «Белэнерга», можа апынуцца ніжэйшай, чым годам раней.
У нафтагазавым сектары зафіксаваны рост тарыфаў на транспарціроўку нафтапрадуктаў па трубаправодах з 1 студзеня 2026 года, пашырэнне фонду свідравін «Беларуснафты» і планы павелічэння здабычы нафты да 2,1 млн тон у 2026 годзе. Адначасова працягваецца здабыча торфу, хаця яго аб’ёмы застаюцца ніжэйшымі за паказчыкі папярэдніх гадоў.
У цэлым, як вынікае з дайджэсту iSANS, беларускі энергетычны сектар увайшоў у 2026 год у рэжыме тэхнічнай актыўнасці і праграмнага планавання, але з ключавой стратэгічнай нявызначанасцю: адсутнасцю празрыстых умоў газавых паставак, якія застаюцца вызначальным фактарам для эканомікі і энергетычнай бяспекі краіны.
Агляд падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






