BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь: «карысны ўсюды»

Манікюр, масаж і салідарнасць: як дыяспара дапамагае былым палітвязням. Чаканні ад 2026 года: эксперты iSANS пра бяспеку, вайну і Беларусь. «Памілаванне» напрыканцы года: Лукашэнка вызваліў 22 чалавекі.

Здымак ілюстрацыйны

DW (Deutsche Welle) піша пра маштабную хвалі салідарнасці вакол больш як ста беларускіх палітвязняў, вызваленых і вывезеных з Беларусі 13 снежня. Былыя зняволеныя цяпер адаптуюцца да жыцця ў Польшчы, Літве і Германіі: яны ўжо маюць жыллё, ежу, базавую медыцынскую дапамогу і падтрымку ў легалізацыі, аднак сутыкаюцца з адсутнасцю дакументаў, сродкаў і разумення, як будаваць жыццё далей.

Паводле каардынатара фонду «Краіна для жыцця» Вячаслава Жукава, у прыёме ўдзельнічаюць дзясяткі арганізацый, валанцёраў, юрыстаў і псіхолагаў. Большасць былых палітвязняў не маюць блізкіх у ЕЗ і часова жывуць у шэлтэрах, гатэлях або арэндным жыллі. У Літве ўсіх размясцілі ў міні-апартаментах, у Польшчы — у Варшаве і Уроцлаве. BySol ужо пачаў выплаты з экстранага збору: былыя палітвязні атрымліваюць па 2 тысячы еўра, а таксама дадатковую дапамогу на лекі, транспарт і адзенне. На 30 снежня ў фонд паступіла 71 заяўка, а агульная сума збору дасягнула 260 тысяч еўра. Прыём заявак працягнецца да 31 сакавіка 2026 года.

Асобную ўвагу DW звяртае на нечаканую, але вельмі запатрабаваную форму падтрымкі — паслугі прыгажосці і догляду. Як распавяла актывістка Наста Базар, ідэя ўзнікла з размоў з жанчынамі, якія хацелі проста пастрыгчыся, пафарбаваць валасы, зрабіць манікюр ці педыкюр. Для людзей, пазбаўленых гэтага гадамі, такія рэчы сталі сімвалам вяртання да нармальнасці. На заклік адгукнуліся дзясяткі салонаў у Польшчы, у тым ліку не толькі беларускія, але і ўкраінскія і польскія. Майстры працавалі бясплатна або са зніжкамі, прыязджалі проста ў гатэлі, а ў адным выпадку польскі ўладальнік салона аддаў ключы, каб беларускі барбер мог пастрыгчы былых палітвязняў у выходныя.

Салідарнасць праявілася і ў навагодніх падарунках: беларускія брэнды і бізнес у Польшчы перадавалі адзенне, касметыку, упрыгажэнні. Частку падарункаў зрабілі самі былыя палітвязні, якія выехалі раней і пачалі ўласныя справы ў эміграцыі.

Разам з тым, як падкрэсліваюць суразмоўцы DW, гэта толькі пачатак доўгага шляху. Наперадзе — псіхалагічная адаптацыя, пошук працы, перакваліфікацыя і рызыка застацца сам-насам з праблемамі пасля раз’езду па кватэрах. Арганізацыі заклікаюць працягваць падтрымку — фінансавую і валанцёрскую, каб салідарнасць не згасла пасля першай хвалі ўвагі.

….

iSANS апублікаваў апытанне 10 экспертаў, якія ацэньвалі верагоднасць ключавых падзей і трэндаў на 2026 год па шкале ад –10 да +10 у фармаце «барометра». Арганізатары падкрэсліваюць, што графікі не прывязаныя да канкрэтных экспертаў і свядома не выводзяць «сярэдняе значэнне», каб пазбегнуць спрошчанай інтэрпрэтацыі і лепш зафіксаваць разнастайнасць меркаванняў. Агульны вынік апытання — асцярожна негатыўныя чаканні для рэгіянальнай бяспекі. Эксперты мяркуюць, што ўзровень бяспекі ва Усходняй Еўропе будзе паступова зніжацца. Пры гэтым верагоднасць прамога нападу Расейскай Федэрацыі на краіны Усходняга флангу NATO ацэньваецца як нізкая, хаця частка аналітыкаў не выключае такую магчымасць у перспектыве.

Значна вышэй эксперты ацэньваюць верагоднасць росту гібрыдных пагроз з боку Расеі і Беларусі — уключна з інфармацыйнымі аперацыямі, правакацыямі, міграцыйным ціскам і іншымі формамі нестандартнага ўздзеяння на краіны NATO.

Асобны блок апытання тычыўся Расеі. Тут пераважае чаканне, што ўнутрыпалітычная сітуацыя ў РФ будзе пагаршацца. Гэтыя ацэнкі iSANS прапануе разглядаць у звязцы з меркаваннямі пра вайну: значная частка экспертаў дапускае магчымасць яе завяршэння ў 2026 годзе, хоць без выразнага кансенсусу наконт сцэнару.

Што датычыць Украіны, аналітыкі таксама дэманструюць стрымана негатыўныя чаканні адносна ўнутранай сітуацыі. Верагоднасць новага маштабнага ўкраінскага контрнаступу ў 2026 годзе ацэньваецца як вельмі нізкая. Для Беларусі, паводле агульнай карціны апытання, не чакаецца істотных зменаў. Магчымыя зрухі фіксуюцца толькі ў ацэнках асобных экспертаў. Тэзіс пра поўнае вызваленне палітычных зняволеных у 2026 годзе ўспрымаецца з вялікай асцярожнасцю, хоць і не без абмежаванага аптымізму.

Адначасова эксперты пазітыўна ацэньваюць верагоднасць захавання ролі ЗША як «брокера бяспекі» ў рэгіёне, што можа заставацца адным з нешматлікіх стабілізуючых фактараў у 2026 годзе.

….

LRT.lt паведамляе, што 30 снежня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб «памілаванні» 22 чалавек. Пра гэта паведаміў набліжаны да ўлады тэлеграм-канал «Пул Першага».

Паводле афіцыйнай інфармацыі, 20 з 22 чалавек былі асуджаныя за злачынствы, якія ўлады кваліфікуюць як «экстрэмісцкай накіраванасці». Сярод «памілаваных» — 15 жанчын і 7 мужчын, у 11 чалавек ёсць непаўналетнія дзеці.

Прэс-служба Лукашэнкі заявіла, што рашэнне было прынятае «з гуманітарных меркаванняў і ў інтарэсах сем’яў», а таксама з улікам «станоўчых характарыстык» вызваленых.

Разам з тым праваабарончы цэнтр «Вясна» адзначае, што маштаб вызваленняў застаецца абмежаваным у параўнанні з агульнай колькасцю рэпрэсаваных. З 2020 года больш за 1700 палітвязняў цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю, з іх не менш за 300 — у 2025 годзе.

Асобна падкрэсліваецца роля знешняга фактару: у 2025 годзе пры пасярэдніцтве ЗША былі «памілаваныя» 342 чалавекі, а з ліпеня 2024 года на волю па гэтай працэдуры выйшлі 569 палітвязняў.

Паводле даных на 2-е студзеня, за кратамі ў Беларусі заставаліся 1131 палітвязень, што сведчыць пра захаванне сістэмнага характару рэпрэсій, нягледзячы на перыядычныя хвалі выбарачнага «памілавання».

Агляд падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя