BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь: Маска стабільнасці

Беларусь і Расея рыхтуюцца да супольных вайсковых вучэнняў «Захад-2025». Расея перадала Беларусі Су-30.  «Маці беларускай рэвалюцыі» апынулася на лаве падсудных.

Фота: Мінабароны РБ

Беларусь і Расея рыхтуюцца да супольных вайсковых вучэнняў «Захад-2025», але цяпер пра іх вядома нешта новае. Як паведамляе расейскае незалежнае выданне Meduza, Беларусь перанясе асноўныя манеўры з заходніх межаў у глыб краіны, а таксама скароціць колькасць удзельнікаў вучэнняў амаль у два разы.

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін патлумачыў гэта так (цытата па БелТА): «Такім чынам мы чарговы раз не толькі словам, але і справай пацвярджаем гатоўнасць да дыялогу, кампрамісаў і змяншэння напружанасці. Робім гэта, шчыра кажучы, не разлічваючы на канструктыўны адказ, а хутчэй дзеля дэманстрацыі нашым саюзнікам і партнёрам мірнай пазіцыі Беларусі».

У Міністэрстве абароны таксама адзначаюць, што вучэнні «Захад-2025» плануюцца ў сярэдзіне верасня і будуць тычыцца адпрацоўкі сцэнару абароны так званай Саюзнай дзяржавы. Аднак у рэгіёне гэта выклікае занепакоенасць. Польшча, як паведамляецца, рыхтуе разам з НАТА ў адказ свае найбуйнейшыя за апошнія гады манеўры. А прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі у інтэрв’ю The Economist яшчэ ў лютым папярэджваў: Масква можа скарыстаць Беларусь для ўварвання ў адну з краін НАТА.

….

Беларусь атрымала новую партыю расейскіх ваенных самалётаў Су-30, паведамляе міжнароднае выданне The Defense Post. Як удакладняецца, знішчальнікі паступілі ў краіну ў межах ваеннага супрацоўніцтва з Расеяй.

«Самалёты былі выраблены на дзяржаўным авіяцыйным заводзе ў Іркуцку. У склад партыі ўваходзяць мадэрнізаваныя версіі Су-30СМ2 з абноўленымі рухавікамі, радарам і узбраеннем. Колькасць самалётаў не называецца ні беларускім, ні расейскім бокам».

Паводле расейскага агенцтва ТАСС, новыя Су-30 ужо выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі беларускіх пілотаў. Частка лётчыкаў прайшла навучанне ў Расеі, а ўжо на наступным тыдні самалёты пачнуць выконваць баявыя заданні па патруляванні паветранай прасторы.

Камандзір ВПС і войскаў ППА Беларусі Андрэй Лук’яновіч таксама паведаміў, што цягам гэтага тыдня чакаецца пастаўка верталётаў Мі-35М, а да канца года Беларусь атрымае дадатковую колькасць авіяцыйнай тэхнікі з Расеі ў межах праграмы мадэрнізацыі ўзброеных сіл. Аўтары The Defense Post нагадваюць, што Су-30 — шматмэтавы знішчальнік, здольны весці паветраны бой, наносіць удары па наземных і марскіх цэлях. Самалёт дасягае хуткасці больш за дзве тысячы кіламетраў у гадзіну, мае далёкасць палёту каля трох тысяч кіламетраў і можа несці шырокі спектр ракет і бомбаў.

….

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адхіліў магчымасць правядзення мірных перамоваў з Расеяй на тэрыторыі Беларусі. Як паведамляе Polskie Radio, Зяленскі назваў прапанову Масквы несур’ёзнай і падкрэсліў, што Беларусь не можа быць нейтральнай пляцоўкай.

«Зяленскі, аднак, пацвердзіў гатоўнасць да асабістай сустрэчы з Пуціным, калі гаворка пойдзе пра неадкладнае спыненне агню, без папярэдніх тэхнічных перамоваў. Ён адзначыў, што адкрыты да любога фармату — двухбаковай або шматбаковай сустрэчы».

Як інфармуе Polskie Radio, Украіна цяпер разглядае некалькі краін у якасці альтэрнатыўных пляцовак для перамоваў. Сярод іх — Турцыя, Ватыкан і Швейцарыя. Найбольш падтрымкі атрымлівае Ватыкан, але супраць гэтага варыянту выступае Расея. Папярэднія перамовы ў Стамбуле ў сярэдзіне траўня завяршыліся без выніку. Больш за тое, у гэтыя ж дні Расея нанесла адзін з найбуйнейшых удараў дронамі па Украіне. Як адзначаецца, расейскі бок выставіў катэгарычна непрымальныя ўмовы, у тым ліку поўны вывад украінскіх войскаў з часткова акупаваных тэрыторый — умовы, якія Украіна і яе партнёры рашуча адхіляюць.

….

«Маці беларускай рэвалюцыі» апынулася на лаве падсудных. Пра гэта піша DW у сваім матэрыяле ад 30 траўня.

«У Менску завяршыўся суд над 78-гадовай актывісткай Нінай Багінскай, якая стала сімвалам пратэстаў 2020 года. Паводле абвінавачання, ёй пагражала да трох гадоў пазбаўлення волі. У выніку Ніна Багінская была прызнана вінаватай без вынясення прысуду, і будзе знаходзіцца пад “Прафілактычным назіраннем”.

78-гадовая актывістка Ніна Багінская была адпушчана ў зале суда, крымінальная справа супраць яе была спынена».

Як адзначае Праваабарончы цэнтр “Вясна”, падставай для крымінальнай справы сталі прагулкі Багінскай з бела-чырвона-белымі сімваламі ў Менску ў 2024 годзе. DW нагадвае: хрупкая жанчына з флагам стала вядомая на ўвесь свет, калі ў 2020 годзе супрацьстаяла АМАПу на вуліцах, паўтараючы: «Я гуляю».

Багінскую затрымлівалі дзясяткі разоў, штрафавалі, адпраўлялі на псіхіятрычныя экспертызы, канфіскоўвалі маёмасць і вылічвалі палову пенсіі. Італьянскі Vogue у 2020 годзе змясціў яе на вокладцы і назваў “маці беларускай рэвалюцыі”. Па словах яе ўнучкі, Яны Чарняўскай, Ніна працягвае заставацца вернай сваім перакананням: выходзіць на адзіночныя пікеты з плакатам «Свабоду палітвязням», гаворыць выключна па-беларуску і адмаўляецца плаціць штрафы, бо, як яна кажа, “грамадзянскі непакор — адзіны эфектыўны сродак”.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя