BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь: Межы напружання

Сітуацыя перад вучэннямі «Захад-2025» у Беларусі. Расея патрабуе ад Польшчы адкрыць мяжу. Хто такі Мікалай Статкевіч?

Фота: vitebskspring.org

У новым матэрыяле iSANS адзначана, што падрыхтоўка да сумесных стратэгічных вучэнняў “Захад-2025” у Беларусі працягвалася з 27 жніўня па 12 верасня. “Для ўдзелу ў вучэннях у Беларусь прыбылі сілы ВКС РФ: восем самалётаў (2 Су-30 і 6 Су-34) на аэрадром “Ліда” і пяць верталётаў на аэрадром “Мачулішчы”. З Сухапутных войск яшчэ ў жніўні прыбылі падраздзяленні 4-й танкавай дывізіі. Таксама застаюцца падраздзяленні 71-й мотастралковай і 98-й паветрана-дэсантнай дывізій, якія раней удзельнічалі ў вучэннях ОДКБ “Взаимодействие-2025”. Агульны контынгент РФ у Беларусі складае каля 400 вайскоўцаў”.

“Маштабнай перакідкі войскаў напярэдадні вучэнняў не адзначалася — колькасць эшалонаў прыкладна ў дзесяць разоў меншая, чым на манеўрах “Запад-2021”. У вучэннях задзейнічаны падраздзяленні ВС РБ: механізаваныя, артылерыйскія, радыёэлектроннай барацьбы, матэрыяльнага забеспячэння, авіяцыйныя, зенітна-ракетныя ды іншыя”. “Месцы правядзення вучэнняў не зведалі істотных змяненняў: палігоны “Барысаўскі”, дзе пройдзе актыўная фаза, “Лясішча”, умацаваныя раёны на Валкавыскім і Смаргонскім накірунках. Таксама будуць задзейнічаны аэрадромы “Баранавічы”, “Мачулішчы”, “Ліда” і аэрадромны ўчастак дарогі. Манеўры праходзяць на палігонах у глыбіні і на ўсходзе краіны”.

“У ноч з 9 на 10 верасня ў Польшчу заляцела не менш за 19 расейскіх БПЛА, уключаючы “Shahed” і імітатары “Гербера”; частка была збіта, абломкі знойдзены ў пяці ваяводствах. У паветраную прастору Беларусі ўляцела каля 27 БПЛА, да сямі маглі трапіць у Польшчу. Для перахопу падняліся знішчальнікі верталёты ВПС і войскаў СПА”.

“Па нашым меркаванні, найбольш верагодным сцэнаром завершэння вучэнняў стане вывад расейскага контынгенту ў Расею. Агрэсія супраць Украіны або краін NATO малаверагодная, але нельга выключаць правакцыі, уключаючы выкарыстанне БПЛА і парушэнні паветранай прастору”,  – падкрэслівае міжнароднае выданне.

….

У DW апублікаваны матэрыял пра патрабаванні МЗС Расеі да Польшчы ў кантэксце вучэнняў «Захад-2025»: “Міністэрства замежных спраў Расеі ў чацвер, 11 верасня, патрабавала ад Польшчы, якая з 12 верасня зачыніла ўсе пункты пропуску на мяжы з Беларуссю ў сувязі з расейска-беларускімі вучэннямі ‘Захад-2025’, ‘задумацца аб наступствах і перагледзець рашэнне’”.
“Гэтыя абмежаванні ‘нанясуць шкоду міжнародным партнёрам Польшчы’ і ‘ударылі па бізнесе самой рэспублікі’”, — заявіла афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава.
Паводле яе слоў, Варшава “ігнаравала жэст добрай волі” Масквы і Менска, якія перанеслі частку манеўраў далей ад мяжы і скарацілі колькасць войск і тэхнікі. У МЗС Расеі лічаць, што закрыццё мяжы сведчыць аб “курсе Польшчы на эскалацыю напружанасці ў Еўропе”.

У матэрыяле адзначаецца, што сумесныя расейска-беларускія вучэнні «Захад-2025» праходзяць з 12 па 16 верасня і ўключаюць, сярод іншага, адпрацоўку выкарыстання ядзернай зброі і новай ракетнай сістэмы “Арешнік”. Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск назваў манеўры “агрэсіўнымі па сваёй ваеннай дактрыне” і падкрэсліў, што яны мадэлююць захоп Сувалкскага калідора, які злучае краіны Балтыі з іншымі дзяржавамі NATO.

“Сітуацыя ўскладнілася пасля інцыдэнту ў ноч на 10 верасня, калі масіраваная атака расейскіх беспілотнікаў па Украіне закранула паветраную прастору Польшчы. У краіну ўвайшло не менш за 19 дронаў, з іх чатыры былі збіты. Пяць упалі ў Люблінскім воеводстве, адзін пашкодзіў жылы дом у вёсцы Вырыкі. Для перахопу былі задзейнічаны і самалёты NATO — упершыню з пачатку вайны ва Украіне”.

Паводле артыкула, пасля атакі Польшча перакідвала да мяжы з Беларуссю і Расеяй 40 тысяч вайскоўцаў і звярнулася да саюзнікаў за падтрымкай. “Нямеччына, Нідэрланды, Чэхія, Францыя і Вялікабрытанія заявілі аб гатоўнасці ўзмацніць абарону Польшчы. Парыж і Лондан паабяцалі накіраваць самалёты Rafale і Eurofighter, Амстэрдам — два комплексы Patriot, а Берлін паведаміў аб пашырэнні паветранага патрулявання і падрыхтоўцы новага пакета санкцый супраць Расеі».

….


У Рускай службе BBC апублікаваны матэрыял пра палітвязня Міколу Статкевіча: “Мікола Статкевіч, ветеран беларускай апазіцыі, вызвалены разам з больш як 50 іншымі палітвязнямі, адмовіўся перасякаць мяжу з Літвой і пакідаць Беларусь. Паводле словаў яго саратніка, пасля таго, як стала ясна, што Статкевіча не пераканаць, людзі ў масках адвезлі яго назад”. “Статкевіч — сацыял-дэмакрат, які на працягу 1990-х і 2000-х змагаўся за іншы шлях Беларусі. Ён быў асуджаны рэжымам Аляксандра Лукашэнкі тры разы і правёў у зняволенні больш за 10 гадоў”.
У матэрыяле адзначаецца, што да 11 верасня 2025 года аб 69-гадовым Статкевічу не было ніякіх навін два з паловай гады.

“Статкевіч — “дэмакрат першай хвалі” канца 1980-х гадоў. Ён нарадзіўся ў вёсцы Лядна Менскай вобласці ў сям’і настаўнікаў; абодва яго дзяды, як распавядаў сам Статкевіч, былі расстраляныя: адзін — нацыстамі за сувязь з партызанамі, другі — НКВД”. У адным з інтэрв’ю Статкевіч распавядаў, што савецкая школьная праграма па гісторыі аказвала на яго “прыгнятаючае ўздзеянне — маўляў, мы, беларусы, нейкая няпоўнацэнная нацыя, у якой нічога няма’”.

“Будучы апазіцыянер, ён будаваў ваенную кар’еру: закончыў Менскае вышэйшае ваеннае інжынернае вучылішча, служыў у Расеі ў Мурманскай вобласці”, – падкрэслівае ВВС.

Агляд падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя