BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь: мірная ілюзія

Кіеў і беларускія дэмсілы: асцярожны паварот. Пагроза дарадцы Ціханоўскай у Вільні. Лукашэнка не паедзе на «Раду міру» ў ЗША .

Здымак ілюстрацыйны

“Сустрэча Уладзіміра Зяленскага і Святланы Ціханоўскай у Вільні 25 студзеня стала першым у гісторыі двухбаковым кантактам такога роўню паміж Кіевам і беларускімі дэмакратычнымі сіламі”, – піша выданне New Eastern Europe . Неўзабаве пасля яе МЗС Украіны заявіла пра перагляд падыходу да ўзаемадзеяння з беларускай апазіцыяй — крок, які выклікаў асцярожны аптымізм у асяроддзі дэмсіл.

“Раней Кіеў свядома ўстрымліваўся ад кантактаў з беларускай апазіцыяй з мер бяспекі. Нават пасля вываду асноўнай часткі расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі ў 2023 годзе ўкраінскія ўлады баяліся правакаваць рэжым Лукашэнкі і адкрыцця паўночнага фронту. Фактычна сфармавалася маўклівая мадэль суіснавання: Менск не ўступае ў вайну напрамую, а Кіеў не наносіць удараў па беларускай тэрыторыі і не актывізуе палітычную падтрымку апазіцыі”, – падкрэсліваецца ў матэрыяле.

Аднак у 2026 годзе сітуацыя змянілася. Беларусь пачала адыгрываць тэхнічную ролю ў расейскіх ударах: асобныя мабільныя вышкі сувязі выкарыстоўваюцца як радыёмаякі для навігацыі дронаў, што павышае эфектыўнасць атак на паўночныя рэгіёны Украіны і крытычную інфраструктуру, уключна з энергасістэмай і чыгуначнымі маршрутамі паставак з Польшчы. Паралельна рэжым Лукашэнкі спрабуе выйсці з міжнароднай ізаляцыі, у тым ліку праз кантакты з ЗША і сігналы гатоўнасці да «канструктыўнага дыялогу» з Літвой і Польшчай. На гэтым фоне Кіеў рызыкаваў апынуцца па-за рэгіянальнымі працэсамі, калі б заставаўся ў старой, выключна рэактыўнай пазіцыі.
Сустрэча з Ціханоўскай мае перадусім сімвалічнае і стратэгічнае значэнне. У Давосе Зяленскі нагадаў Еўропе, што Беларусь — прыклад краіны, якую Захад своечасова не падтрымаў у дэмакратычным выбары, і падкрэсліў пагрозу, якую нясе ваеннае збліжэнне Менска з Масквой. Кантакт з беларускімі дэмсіламі стаў лагічным працягам гэтай рыторыкі.

Разам з тым, гаворкі пра шырокае партнёрства пакуль няма. Беларускія дэмакратычныя сілы застаюцца фрагментаванымі, а пасля вызвалення Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай унутраныя разыходжанні толькі ўзмацніліся. Акрамя таго, пакуль што Украіна не мае цэласнай доўгатэрміновай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі. Найбольш верагодны сцэнар — прагматычны і ўмоўны дыялог. Кіеў гатовы ўзмацняць кантакты з дэмсіламі як інструмент ціску на Менск у выпадку варожых дзеянняў, але без ілюзій адносна хуткіх палітычных змен. Адначасова Украіна імкнецца сфармуляваць уласнае бачанне будучыні Беларусі: захаванне яе дзяржаўнасці, недапушчэнне паглынання Расеяй і падрыхтоўка да магчымай трансфармацыі ўлады пасля сыходу Лукашэнкі.
“Такім чынам, украінскі падыход да Беларусі паступова пераходзіць ад маўклівага стрымлівання да асцярожна актыўнай пазіцыі — без рамантыкі, але з выразным разуменнем, што беларускае пытанне становіцца часткай агульнаеўрапейскай бяспекі”,
– піша еўрапейскае выданне.

….


Дзмітрый Кучынскі, кіраўнік офіса Святлана Ціханоўская у Вільні, паведаміў пра спробу правакацыі супраць яго ў адным з кавярняў сталіцы Літвы. Паводле Lrt.lt, некалькі тыдняў таму мужчына, які сядзеў за сталом разам з еўрадэпутатам Петрасам Гражулісам, падышоў да Кучынскага, здымаў на відэа і пагражаў: «Дзе мае грошы? Я цябе паб’ю». Кучынскі адзначыў, што мелі месца відавочныя намёкі на бойку, пры гэтым Гражуліс назіраў за сітуацыяй, не ўмешваючыся. Інцыдэнт адбыўся на фоне візіту Ціханоўскай у Вільню і сустрэчы яе каманды з літоўскімі парламентарамі. Гэтая падзея падкрэслівае пытанні бяспекі беларускай апазіцыі за межамі краіны. У канцы 2025 года ахову Ціханоўскай у Літве пераняла паліцыя замест Службы аховы кіраўніцтва (VAT), што выклікала крытыку сярод членаў літоўскай апазіцыі як праяў «дрэйфу» знешняй палітыкі Літвы. Нягледзячы на ціск і пагрозы, Кучынскі падкрэсліў, што офіс працягне працу незалежна ад таго, дзе знаходзіцца лідар апазіцыі. У пачатку лютага Ціханоўская распачала дзейнасць у Варшаве, аднак офіс у Вільні захоўваецца як адміністрацыйны і кантактны цэнтр.

….

Паводле ВВС, Лукашэнка не прыме ўдзел у першай сустрэчы «Рады міру», арганізаванай прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, якая адбудзецца 19 лютага ў Вашынгтоне.
Быццам, запрашэнне прыйшло занадта позна, а рабочы графік прэзідэнта на гэты перыяд ужо быў спланаваны.

Беларусь на сустрэчы ў Вашынгтоне будзе прадстаўляць Максім Рыжанкоў. «Рада міру» створана ў лістападзе мінулага года для назірання за рэалізацыяй мірнага плана ў сектары Газа, аднак яе магчымасці могуць пашырыцца і на іншыя міжнародныя канфлікты. Раней Дональд Трамп заявіў, што арганізацыя магла б замяніць ААН. «У Беларусі працягваецца палітычныя рэпрэсіі: дзясяткі падлеткаў былі асуджаны ў 2025 годзе па палітычных артыкулах, звязаных з удзелам у пратэстах. У той жа час Марыя Калеснікава у інтэрв’ю беларускім журналістам расказала пра свае перамовы з Еўрапейскім Звязам і магчымасць вяртання на радзіму», – нагадвае брытанскае выданне.

Агляд падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя