BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь: Нацыянальная ідэнтычнасць у Беларусі

У Беларусі новы ўрад — без кіраўніка, але з двума небітымі па галаве міністрамі.

Экспарт Беларусі падае: чым гэта пагражае эканоміцы.

Нацыянальная ідэнтычнасць у Беларусі.

Polskie Radio піша аб новым урадзе беларускага рэжыму. Аляксандр Лукашэнка, які пераабраў сябе на пасаду прэзідэнта Беларусі яшчэ на пяць гадоў у студзені, на гэтым тыдні завяршыў фармаванне новага ўрада. Ён зрабіў гэта ў сваім стылі – урад дэ-факта застаўся ранейшым, толькі з двума новымі міністрамі. Але без начальніка.

Ёсць віцэ-прэм’еры, міністры, але з пункту гледжання рэжыму прэм’ер-міністр – гэта чыста тэхнічная функцыя. Таму яго вылучэнне можа пачакаць. Няцяжка зразумець, хто насамрэч кіруе краінай. У той жа час у гуманітарнай сферы назіраюцца станоўчыя, нават прагрэсіўныя змены. Прызначаючы новага/старога першага віцэ-прэм’ера Мікалая Снапкова, Лукашэнка публічна забараніў яму крычаць на міністраў і біць іх па галаве. Таму што “гэта дзеці прэзідэнта, прызначаныя прэзідэнтам”. Новым прызначаным міністрам сельскай гаспадаркі і будаўніцтвы пашанцвалаа: з самага пачатку іх паўнамоцтваў іх не будуць біць на працы. Астатнія ўздыхнуць з палёгкай. Пасля завяршэння фармальнасцяў кіраўнік беларускага ўрада звярнуўся да «дзетак прэзідэнта» з двума патрабаваннямі: арганізаваць майнінг дзяржаўнай крыптавалюты і знайсці на тэрыторыі Беларусі руды рэдказямельных металаў. Міністру было даручана тэрмінова знайсці інвестараў у крыптавалюце, якім ён мог бы прадаць гэтыя лішкі. Як гэта проста! Дзіўна, што ўрады іншых краінаў пра гэта не падумалі. Між тым Лукашэнка раскрытыкаваў Міністэрства геалогіі за адсутнасць ініцыятывы ў пошуку рэдказямельных металаў. Ён звярнуў увагу на тое, што геалагічныя даследаванні ў краіне развіваюцца слаба і застаюцца на нізкім роўні. Тэма пошуку рэдказямельных металаў, паводле яго слоў, выпадае з поля зроку айчынных спецыялістаў. «Трамп кажа пра рэдказямельныя металы, чаму мы да гэтага пра гэта не падумалі?», – спаслаўся Лукашэнка на сусветныя падзеі. На сустрэчы абмяркоўваліся і іншыя звышважныя пытанні. Аднак трывіяльнае пытанне аб тым, што знешнегандлёвы баланс Беларусі ў студзені ўпаў на 10%, не ўзнімалася. Экспарт скараціўся на 11,5%, а адмоўнае сальда перавысіла паўмільярды даляраў. І гэта нягледзячы на ​​тое, што адпаведны міністр быў біты па галаве. Невядома, як ён будзе спраўляцца з гэтымі задачамі, калі яго біць перастануць”, – перадае польскае радыё.


Беларусь прадае менш, чым купляе – асеў тавараабарот з Расеяй і Кітаем, галоўнымі гандлёвымі партнёрамі. Аб магчымых наступствах для краіны разважае DW.

Экспарт тавараў з Беларусі за 2024 год аказаўся меншы за імпарт, гэта значыць краіна гандлявала ў мінус на $5,37 млрд – гэта даныя Белстата. У студзені 2025-га тэндэнцыя працягнулася. Папярэднія некалькі гадоў Беларусь зарабляла ў асноўным у Расеі. Але гэта была заслуга не ўладаў, а абставінаў, і зараз яны мяняюцца. Некалькі гадоў сальда было ў плюсе, і гэта “анамальная сітуацыя”. Раней Беларусь магла фінансаваць гэты дэфіцыт, напрыклад, прытокам інвестыцый. Сёння іх значна менш, таму дэфіцыт – праблема і выклік для эканомікі. Экспарт у РФ пачаў падаць з сярэдзіны 2024 года. Скарачаюцца маштабы экспарту стратэгічных тавараў – нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў. Але самае галоўнае – падае попыт на беларускія тавары. У 2024 годзе расейскую эканоміку сталі стрымліваць, каб запаволіць інфляцыю, і гэта ўдарыла па экспарце з Беларусі. Інфармацыя аб гандлі ў РБ засакрэчана, але, хутчэй за ўсё, пацярпелі пастаўкі машын, сельгастэхнікі, абсталявання. 2022-2023 гады для беларускага вытворцы былі добрыя тым, што заходнія вытворцы сышлі, а Кітай, Індыя – яшчэ не прыйшлі. У таго ж “Атланта” стандартная мадэль халадзільніка працэнтаў на 20 даражэйшая, чым такая ж мадэль і кітайская, і расейскай зборкі кітайская. Усё гэта не адносіцца да тавараў ваеннага прызначэння. “Інтэграл” расквітнеў не таму, што выпускае сучасную прадукцыю. Ён выпускае адсталую. Але калі ў танк патрэбна плата, то ўсё роўна, але каб яна працавала. У Беларусі інфляцыю стрымліваюць знакамітай пастановай № 713 аб рэгуляванні цэнаў. Крышка катла, які кіпіць, прывязалі ланцугом і не даюць сарвацца. Але ў вытворцаў рэнтабельнасць на мяжы, нават дзяржпрадпрыемствы са стратай працаваць не могуць. Інфляцыйную “пару” трэба выпускаць”, – падсумоўвае DW.


Міжнароднае выданне iSANS друкуе даследванне “Нацыянальная ідэнтычнасць у Беларусі. Агляд асноўных падзей і тэндэнцый за люты 2025 года”. Гэтае даследаванне ўяўляе сабой агляд асноўных падзей, якія адбываліся ў Беларусі ў сферы культуры і гістарыяграфіі цягам лютага 2025 года і маюць дачыненне да фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці.

У лютым былі выяўлены такія тэндэнцыі:

Міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы культуры афіцыйных беларускіх уладаў па-ранейшаму застаецца амаль цалкам манапалізаваным Расеяй.

Расея, (пра)расейскія арганізацыі і актывісты не спыняюць сваю актыўнасць, праводзячы ў Беларусі экспансію расейскай культуры і рускай мовы і ствараючы падмурак для далейшай інтэграцыі праз мерапрыемствы, конкурсы, распаўсюджванне кніг і г. д. У ідэалагічнай сферы адбываецца сакралізацыя савецкага мінулага, вялікая ўвага па-ранейшаму надаецца тэме Вялікай айчыннай вайны. Па-ранейшаму назіраецца папулярызацыя рускай мовы і стварэнне адзінай (расейска)моўнай прасторы. Беларуская нацыянальная культура ўсё больш прывязваецца да расейскай і працягвае існаваць ва ўмовах рэпрэсій і забарон. Гэтыя тэндэнцыі могуць мець для Беларусі сур’ёзныя наступствы, паколькі яны накіраваны на страту яе самабытнасці, на стварэнне ўмоў для далейшай інтэграцыі з Расеяй. А пры адначаснай экспансіі расейскай культуры — і на знікненне ў ёй. Беларусь паступова страчвае сваю нацыянальную індывідуальнасць”, – папярэджвае міжнароднае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя