BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь: не да жартаў

LRT TV пра прапановы Марыі Калеснікавай аднавіць сувязь з Беларуссю: «Бросьте шутки». Польшча адмовіла ў экстрадыцыі беларуса, абвінавачанага ў няплаце падаткаў. Чаму Беларусь не павялічыла пастаўкі нафтапрадуктаў у Расею?

Літоўскія апазіцыйныя палітыкі ў выданні Lrt.lt. крытыкуюць сустрэчу прэм’ер-міністра Інгі Ругінене і старшыні Сацыял-дэмакратычнай партыі Міндаугаса Сінкявічуса з Марыяй Калеснікавай, якая правяла пяць гадоў у зняволенні пры рэжыме Лукашэнкі. Пасля вызвалення ў 2025 годзе Калеснікава заклікала да дыялогу з Лукашэнкам, крытыкавала санкцыі Еўразвяза супраць Беларусі і прапанавала аднавіць транспартныя сувязі паміж Літвой і Беларуссю.

Сябра фракцыі кансерватараў у Сейме Жыгімантас Павілёніс падкрэсліў: «Спадарыня Калеснікава, як і некаторыя іншыя дысідэнты, якія выйшлі з турмы, па сутнасці пачынае хваліць рэжым. Яна кажа амаль як Лукашэнка. Кіньце жарты— проста злосць бярэ». Прэм’ер-міністр Ругінене адказала, што Літва працягне падтрымліваць дэмакратычны лад і народ Беларусі: «Мы заўсёды дэманстравалі ясную пазіцыю адносна апазіцыі і заўсёды аказвалі дапамогу».

Старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Міндаугас Сінкявічус адзначыў, што ўдзел ЗША ў дыялогу з Беларуссю адпавядае нацыянальным інтарэсам Літвы. «Рэальныя дыпламатычныя намаганні, а не пустая рыторыка, накіраваныя на тое, каб Беларусь не ўяўляла пагрозы суседнім дзяржавам, маюць асаблівае значэнне», — падкрэсліў ён. Калеснікава таксама прапанавала аднавіць электрычку Менск–Вільня і рэгулярныя аўтобусныя маршруты паміж краінамі. Старшыня Камітэта па замежных справах Сейма Рэмiгіюс Матузас адзначыў, што абмежаванні на паездкі ўведзеныя з мер бяспекі: «Рэжым працуе вельмі актыўна, і людзі, якія падарожнічаюць, уразлівыя для яго ўплыву».

На сёння цягнікоў у Менск няма ўжо шэсць гадоў, аўтобусы ходзяць толькі па спецыяльных дазволах. Кіраўнік аддзела Адміністрацыі транспартнай бяспекі Віргініюс Чышкаускас паведаміў, што з лютага 2024 года колькасць маршрутаў абмежавана 29, і не ўсе жадаючыя перавозчыкі атрымліваюць дазволы, хаця попыт застаецца. «Сітуацыя не мяняецца, і адзіны шлях — жорсткая пазіцыя Літвы і Еўрасаюза: санкцыі і яшчэ раз санкцыі», — падкрэсліў Матузас. У канцы лютага ЕЗ прыме рашэнне аб прадаўжэнні санкцый супраць Беларусі.

….

Суд у польскім горадзе Плоцк адмовіў у выдачы Менску беларуса, якога лукашэнкаўскія ўлады абвінавачваюць у няплаце падаткаў, паведамляе польскае выданне Gazeta Prawna. Імя беларуса не раскрываецца. Ён сцвярджае, што пераслед адбываецца па палітычных матывах. Паводле яго слоў, пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ён «падаваў ежу і напоі ўдзельнікам пратэстаў, дастаўляў параненых у бальніцы».

У 2021 годзе сілавікі нібы прыйшлі да яго дадому, і ён вымушаны быў пакінуць Беларусь. Цяпер ён знаходзіцца ў Польшчы разам з сям’ёй і падаў заяву аб міжнароднай абароне. У Беларусі за абвінавачванне ў няплаце падаткаў яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Польскі суд падкрэсліў, што судовая сістэма Беларусі «не з’яўляецца незалежнай, а працэсы супраць асоб, звязаных з апазіцыяй, часта носяць дэманстрацыйны характар».

Гэта не першы выпадак, калі польскія ўлады адмаўляюць у экстрадыцыі беларускіх грамадзян. У 2024 годзе Абарончы суд Познані таксама адмовіў беларускай пракуратуры ў экстрадыцыі актывіста Дзмітрыя Пляскачэва, супраць якога на радзіме былі заведзеныя крымінальныя справы.
Раней польскі амбудсмен па правах чалавека Мартын Вёнцэк прапаноўваў разгледзець магчымасць разрыву двухбаковага дагавора з Беларуссю, які дазваляе экстрадаваць грамадзян па яе запыце.

….

Паводле аналітыкаў iSANS, восенню 2025 года Беларусь не змагла значна павялічыць пастаўкі нафтапрадуктаў у Расею праз абмежаванні магутнасцей на «Нафтане». У студзені прэм’ер Турчын наведаў завод, дзе яму паказвалі ўстановку замедленага коксавання, хоць фактычна аглядалася ўстаноўка першаснай перапрацоўкі нафты АТ-8.

«Устаноўка працуе з 1960-х гадоў, але была мадэрнізавана: заяўлялася, што яе магутнасць дазваляе перапрацоўваць да 7,2 млн тон нафты ў год. Аднак рэальна даступна было каля 4,8 млн тон», — адзначае iSANS. Экспарт цалкам забяспечваўся Мазырскім НПЗ, таму дадатковыя пастаўкі былі абмежаваныя фізічнымі магутнасцямі завода. У студзені Беларусь пацярпела ад двух цыклонаў. Паводле iSANS, з-за «Уллі» перабоі з электразабеспячэннем адчулі 251 населены пункт, а з-за «Леоні» ўжо больш за 480 населеных пунктаў засталіся без святла. Адначасова завяршыўся рамонт другога энергаблока БелАЭС, аднак ужо 15 студзеня пачаўся планавы рамонт першага блока. Таксама энергетычныя службы і ОСВОД правялі агляд Гарадзенскай ГЭС з дапамогай падводнага дрона — працэдура, якая раней патрабавала рызыкоўнай працы вадалазаў. Акрамя таго, Савет Міністраў падпісаў пастанову аб будаўніцтве жылля ў 2026 годзе: плануецца ўзвесці 315 тыс. м² дамоў з электрапабудовай і гарачай вадой.

У 2025 годзе Беларусь экспартавала ў КНР 26,9 тыс. тон торфяной прадукцыі на суму $2,4 млн. Паводле iSANS, у 2026–2030 гадах пастаўкі плануецца падвоіць і пашырыць асартымент. Таксама  Лукашэнка даручыў знізіць тэмпературу вадаправодных сістэм дзеля захавання ацяпляльнай сеткі: «Ну калі б вада ў трубах была не 90 градусаў, а 80, і ціск паменьшаны — у пакоі было б крыху прахалодней, не 25, а 20 градусаў. Гэта дастаткова». Замміністра энергетыкi ўжо пацвердзіў, што заўвага будзе ўлічана.

Агляд падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя