«Яе вывелі з Польшчы». Былая афіцэрка Агенцтва ўнутранай бяспекі — пра тое, што Мельнікава знайшлася. «Не час для саступак». У офісе Ціханоўскай раскрытыкавалі ідэю кантактаў з Менскам. Беларусы ва Украіне скептычныя да збліжэння ЗША з Менскам.

Былая афіцэр контрвыведкі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы Анна Грабоўска-Сівец падзялілася сваім каментаром для польскага сайта «Цэнтр Еўропы» пра вяртанне ў Менск высокапастаўленай апазіцыйнай дзяячкі Анжалікі Мельнікавай.
Анжаліка Мельнікава, трэцяя асоба ў іерархіі беларускай апазіцыі, знікла год таму. Цяпер яе выявілі ў Менску, на фотаздымках яна выглядае здаровай у трэнажорнай зале. Паводле Грабоўскай-Сівец, гэта сведчыць, што Мельнікава, верагодна, супрацоўнічала са спецыяльнымі службамі Беларусі і не была аб’ектам пераследу. Бацька Мельнікавай таксама пацвердзіў, што дачка знаходзіцца ў Беларусі, хоць кантакт з ёй абмежаваны. Экс-афіцэрка АБВ адзначае, што вяртанне Мельнікавай можа быць прадуманым крокам лукашэнкаўскіх спецслужбаў, а яе знаходжанне ў апазіцыйных структурах у Польшчы магло выкарыстоўвацца для збору інфармацыі. Паводле яе, гэта дазваляе меркаваць, што Мельнікава магла выконваць ролю агента або сувязнога для КДБ, не будучы штатнай супрацоўніцай.
Грабоўска-Сівец падкрэслівае, што наяўнасць фатаграфій у публічнай зале, дзе Мельнікава бачная ў свабодным доступе, сведчыць пра тое, што рэжым Лукашэнкі не разглядае яе як ворага. Экспертка таксама зазначае, што могуць быць і іншыя падобныя выпадкі ў беларускіх дэмакратычных сілах, бо беларуская выведка працягвае дзейнічаць у дыяспары на Захадзе.
Па словах Анны Грабоўскай-Сівец, Мельнікава магла збіраць інфармацыю пра кантакты апазіцыйных дзеячоў, сувязі з інстытутамі ў Польшчы і дзейнасць асоб, што падтрымліваюць незалежніцкі рух у Беларусі. Гэта можа быць выкарыстана спецслужбамі Беларусі для дэзынфармацыі і кантролю над апазіцыяй за мяжой.
Што датычыцца польскіх уладаў, эксперты лічаць, што пакуль няма падстаў разглядаць яе дзейнасць як шкодную для Польшчы, Еўрапейскага Звязу ці НАТА, таму меры ў адносінах да Мельнікавай будуць, хутчэй за ўсё, стрыманыя.
….
Як паведамляе агенцтва BNS, дарадца Светланы Ціханоўскай — Дзяніс Кучынскі — заявіў, што цяпер не час для палітычных ці эканамічных саступак рэжыму Александра Лукашенкі, уключна з аднаўленнем транзіту калійных угнаенняў або палітычнага дыялогу. Так ён пракаментаваў прапанову спецпасланніка ЗША Джона Коўла аб магчымай сустрэчы паміж Літвой і ўладамі Беларусі.
Паводле Кучынскага, падобныя крокі не прынясуць выніку, бо мэта Менска — не супрацоўніцтва, а аслабленне і ціск на дэмакратычныя краіны. Ён адзначыў, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, а вызваленні палітвязняў выкарыстоўваюцца для стварэння «ілюзіі зменаў». На яго думку, рэжым спрабуе абмяняць сімвалічныя жэсты на істотныя саступкі Захаду. Кучынскі таксама падкрэсліў, што Аляксандр Лукашенка застаецца саюзнікам Расеі ў вайне супраць Украіны і працягвае гібрыдны ціск на суседнія краіны. У гэтай сувязі ён назваў узмацненне санкцый і ціску адзінай эфектыўнай стратэгіяй.
У сваю чаргу прэм’ер-міністар Літвы Інга Ругінене адзначыла, што магчымыя толькі тэхнічныя кантакты і без абмеркавання транзіту ўгнаенняў з-за санкцый ЕЗ.
….
Як паведамляе Agencia EFE, беларусы, якія пасля падзей 2020 года і наступных рэпрэсій вымушана апынуліся ва Украіне, з насцярогай і скепсісам успрымаюць спробы ЗША наладзіць кантакты з рэжымам Александр Лукашенкі. Гаворка ідзе пра нядаўнюю актывізацыю дыялогу паміж Вашынгтонам і Менскам, у тым ліку частковае змякчэнне санкцый у дачыненні да беларускіх банкаў і экспарту калійных угнаенняў у абмен на вызваленне каля 250 палітвязняў. Спецпасланнік ЗША Джон Коўл назваў гэты крок «значным гуманітарным дасягненнем».
Аднак прадстаўнікі беларускай дыяспары і ўдзельнікі вайны на баку Украіны папярэджваюць, што падобныя рашэнні могуць мець адваротны эфект. Кіраўнік арганізацыі «Супольнасць беларусаў ва Украіне» Аляксей Францкевіч адзначыў, што Лукашэнка выкарыстоўвае людзей як інструмент шантажу, «бярэ іх у закладнікі і абменьвае на саступкі». Ён правёў паралелі з папярэднімі перыядамі, калі Захад ужо спрабаваў «перазагрузіць» адносіны з Менскам, але без выніку.
Скептыцызм падзяляюць і беларускія добраахвотнікі ў шэрагах украінскага войска. Яны лічаць, што спробы ЗША адарваць Беларусь ад Расеі выглядаюць нерэалістычнымі, паколькі Менск і Масква дзейнічаюць як цесныя саюзнікі, у тым ліку ў кантэксце вайны супраць Украіны. На іх думку, узмацненне кантактаў з Захадам толькі ўмацоўвае пазіцыі Лукашэнкі і дапамагае яму паступова выходзіць з міжнароднай ізаляцыі.
У матэрыяле таксама падкрэсліваецца, што пасля падаўлення пратэстаў 2020 года дзясяткі тысяч беларусаў пакінулі краіну, а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе сотні далучыліся да абароны Украіны. Для гэтай часткі дыяспары барацьба супраць расейскай агрэсіі ўспрымаецца як агульная справа і шанс для будучай незалежнасці Беларусі.
Беларускія суразмоўцы Agencia EFE падкрэсліваюць, што сапраўдныя змены ў Беларусі магчымыя толькі пры захаванні міжнароднага ціску і аслабленні Расеі. Паводле іх, Лукашэнка «разумее толькі мову сілы», а любыя прыкметы гатоўнасці да кампрамісу могуць быць успрынятыя як слабасць і выкарыстаныя ў інтарэсах рэжыму.
Агляд сусветнай прэсы пра Беларусь падрыхтавала Вольга Сямашка






