BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь: Не прапусціць вакно

Лукашэнка і Трамп: нестандартная ўвага. Нягледзячы на крытыку былых саюзнікаў, Ціханоўская працягвае дзейнасць за мяжой.  Рэкардны набор «мэтавых» студэнтаў і пажыццёвая забарона для настаўнікаў – сістэма адукацыі Беларусі.

У Берлінскім цэнтры Карнэгі па вывучэнні Расеі і Еўразіі апублікаваны артыкул, прысвечаны званку прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Аляксандру Лукашэнку: “Гэтая размова, якая адбылася 15 жніўня 2025 года, стала першым прамым кантактам паміж кіраўнікамі дзвюх дзяржаў за 31 год праўлення Лукашэнкі. Трамп назваў Лукашэнку «глыбокапаважаным прэзідэнтам» і выказаў падзяку за вызваленне 16 зняволеных, не ўдакладніўшы іх палітычны статус. Ён таксама прапанаваў сустрэцца з Лукашэнкам асабіста, магчыма, з візітам у Беларусь. У наступныя дні Трамп зноў звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай вызваліць палітвязняў, падкрэсліўшы важнасць гэтага кроку для паляпшэння двухбаковых адносін”.

У артыкуле адзначаецца, што ўвага Трампа да Беларусі звязана з некалькімі фактарамі. Па-першае, Лукашэнка вызваліў некалькі палітвязняў, у тым ліку грамадзян ЗША, што стварыла перадумовы для дыялогу. Па-другое, ЗША разглядаюць Лукашэнку як магчымага пасярэдніка ў перамовах з Расеяй, улічваючы ягоныя блізкія адносіны з Крамлём. Па-трэцяе, вызваленне палітвязняў стала важнай тэмай у адносінах Беларусі з Захадам, да якой прывязаны санкцыі і дыпламатычныя намаганні сусветных лідараў.

У артыкуле падкрэсліваецца, што Лукашэнка не павінен спяшацца з саступкамі. Ён павінен выкарыстоўваць увагу ЗША для дасягнення канкрэтных вынікаў, такіх як нармалізацыя дыпламатычных адносін і зняцце санкцый. У адваротным выпадку, без рэальных крокаў з боку ЗША, беларускія саступкі могуць аказацца бясплоднымі.

….

Нягледзячы на пяты год пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, беларускі дэмакратычны рух сутыкаецца з крызісам. «Офіс Святланы Ціханоўскай паддаецца крытыцы як з боку былых саюзнікаў, так і апанентаў, галоўным чынам за адсутнасць бачных вынікаў у жыцці беларусаў у эміграцыі і ўнутры краіны», — адзначае літоўскае выданне LRT.
«Мы змагаліся ў 2020 годзе за дэмакратыю, а тут — тое ж самае – падзел на тых, каму можна, і каму нельга», — адзначае былы палітвязень Раман Лосік, каментуючы адмову некаторых блогераў ва ўдзеле ў канферэнцыі «Новая Беларусь 2025» у Варшаве. Былы палітвязень Лосік таксама крытыкуе празрыстасць працы блізкіх да Офіса фондаў. Журналістка Наталля Радзіна крытыкуе Ціханоўскую за адсутнасць рашучасці падчас падзей 2020 года і за інцыдэнт з канвертам з 15 тыс. еўра: «Чалавек, які называе сябе „лідаркай“ беларускай апазіцыі, па сутнасці прыняў узятку ад кіраўніка адной з спецслужбаў, і маўчаў пра гэта да таго часу, пакуль не паказалі відэасведчанне». Сама Ціханоўская адмаўляе абвінавачванні і перадала грошы на дапамогу беларускім добраахвотнікам ва Украіне і рэпрэсаваным. Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка сцвярджае, што атакі спецслужбаў накіраваны на дыскрэдытацыю руху.
Палітолаг Валерый Карбалевіч падкрэслівае абмежаваныя магчымасці Офіса і тлумачыць крытыку нармальнай дэмакратычнай працэдурай: «Пяць гадоў і ніякіх вынікаў. Вынікі могуць быць нават адмоўныя, бо рэпрэсіі працягваюцца, і ўсё гэта ляжыць цень на Офіс Ціханоўскай. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у турмах Беларусі знаходзяцца 1187 палітвязняў, паводле Dissidentby — 1334 чалавекі. Рэальныя лічбы могуць быць вышэйшыя, бо многія баяцца ўносіць свае імёны ў спісы», –
падкрэслівае ліоўскае выданне.

….

«У ліпені 2025 года беларуская сістэма адукацыі паказала рэкордны набор «мэтавых» студэнтаў у ВНУ і працяг фармалізацыі забароны на прафесію для апазіцыйна настроеных педагогаў», — піша міжнароднае выданне iSANS.

«Нягледзячы на рэкорднае зніжэнне ідэалагічнай актыўнасці ў школах і ВНУ падчас летніх вакацый, новы закон увёў пажыццёвую забарону на працу з дзецьмі для асуджаных па «экстрэмісцкіх» артыкулах. Правядзенне прыёмнай кампаніі ў ВНУ стала галоўнай падзеяй ліпеня, адсунуўшы на другі план іншыя навіны, у тым ліку звязаныя з ідэалагізацыяй і мілітарызацыяй адукацыі».

«Аналіз афіцыйных рэсурсаў Міністэрства адукацыі паказвае, што ў ліпені толькі 13% навін на сайце і 26% у Telegram-канале мелі ідэалагічны кантэнт — найменшыя паказчыкі з пачатку 2025 года. Гэта сведчыць пра часовае зніжэнне тэмпаў ідэалагізацыі адукацыйнага працэсу», — адзначае iSANS.

«Акрамя прыёмнай кампаніі, у ліпені адзначаліся наступныя тэндэнцыі: фармалізацыя забароны на прафесію для апазіцыйна настроеных педагогаў, прызначэнне міністра адукацыі Андрэя Іванца кіраўніком праўладнага руху «Белая Русь», актывізацыя супрацоўніцтва з Паркам высокіх тэхналогій, працяг масавых паездак школьнікаў, студэнтаў і педагогаў у Расею і Крым, а таксама прапагандысцкія кінатэатральныя паказы аб вайне ва Украіне на базах «Русских Домов» і правядзенне для навучэнцаў падзей у летніх лагерах», — пералічвае міжнароднае выданне.

«Расея і Кітай застаюцца асноўнымі буйнымі партнёрамі Беларусі ў сферы адукацыйнага супрацоўніцтва, а зніжэнне тэмпаў ідэалагізацыі і мілітарызацыі падчас летніх канікул можа быць часовае», — адзначае iSANS.

Агляд падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя