BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь: Не ў свае сані

Беларусь ідзе на выбары: не затрымлівайце дыханне. За 2023 год у Польшчу пераехалі 60 тысяч беларусаў. Больш за палову беларусаў асцерагаюцца пагаршэння адносін з Захадам.

Фота: РИА Новости

«У нядзелю беларусы ўпершыню за апошнія гады адправяцца на парламенцкія выбары. У бюлетэні: чатыры партыі, якія падтрымліваюць рэжым шматгадовага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі — і ўсё», – канстатуе еўрапейскае выданне Politico.

«Белая Русь, Камуністычная партыя, Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці ідуць на адкрыта неканкурэнтныя выбары пасля таго, як Лукашэнка забараніў або распусціў усе астатнія партыі пасля масавых пратэстаў супраць яго фальшывых прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Кандыдаты, якія балатуюцца ў нядзелю, не ўдзельнічаюць ні ў якіх дэбатах, а зачытваюць свае ідэнтычныя праграмы на дзяржаўным тэлебачанні. «Калі камусьці нашы выбары здаюцца сумнымі… ёсць цырк, тэатр, канцэртныя пляцоўкі», — заявіў у адным з эфіраў старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка. Незалежных назіральнікаў ад Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) не будзе, рэжым Лукашэнкі дазваляе назіраць на выбарчых участках толькі прадстаўнікам праўладных партый. Фатаграфаванне бюлетэняў — тактыка, якую раней выкарыстоўвалі актывісты для аспрэчвання афіцыйных вынікаў выбараў — таксама забароненая. Паўтору 2020 года не будзе — пры дапамозе Пуціна Лукашэнка прымусова адправіў ў выгнанне, пасадзіў або забіў пераважную большасць беларускай апазіцыі. Лідар беларускай апазіцыі ў выгнанні Святлана Ціханоўская, якую многія лічаць законнай пераможцай прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, назвала нядзельнае галасаванне невыбарамі і падманам і заклікае сваіх прыхільнікаў байкатаваць іх. Але нават гэты невялікі акт непадпарадкавання не пазбаўлены рызыкі. Цыркулюе інфармацыя, што будуць складацца спісы тых, хто не ўдзельнічаў у галасаванні. Людзі рызыкуюць страціць працу. Пры гэтым апазіцыйны рух Ціханоўскай у траўні праводзіць свае альтэрнатыўныя выбары ў рамках так званай Каардынацыйнай рады — адзінага прадстаўнічага органа беларускага народа. Вынікі парламенцкіх выбараў у нядзелю могуць быць прадвызначаныя на карысць Лукашэнкі, але дыктатар можа быць не такім вечным, як чалавек, якога ён называе сваім «старэйшым братам» — Пуцін. Па выніках парламенцкіх выбараў, якія пройдуць у выходныя, у канцы красавіка будзе сфарміраваны Усебеларускі народны сход, у які ўвойдуць 1200 дэлегатаў, у тым ліку дэпутаты парламента, мясцовых саветаў, чыноўнікі, праўладныя актывісты і іншыя.

Гэты орган зможа распрацоўваць законапраекты, прызначаць чальцоў выбарчых камісій і нават абвяшчаць ваеннае становішча — паўнамоцтвы, раней замацаваныя за прэзідэнтам. Асамблея таксама можа ініцыяваць працэдуру імпічменту прэзідэнта. У студзені Лукашэнка падпісаў закон, які гарантуе сабе недатыкальнасць, пажыццёвую абарону і дзяржаўную маёмасць пасля выхаду з пасады прэзідэнта. Пераход ад прэзідэнцкай пасады да Беларускага народнага сходу будзе адлюстроўваць аналагічныя змены ўлады ў Туркменістане з Гурбангулы Бердымухамедавым або ў Казахстане з Нурсултанам Назарбаевым. Патэнцыйнай пераемніцай разглядаецца Наталля Качанава, верная паплечніца і кіраўнік верхняй палаты парламента — Лукашэнка назваў яе «амаль гатовым прэзідэнтам», – канстатуе еўрапейскае выданне.

….

«За апошнія 5 гадоў (з 2019 года) колькасць беларусаў у Польшчы вырасла ў 6,5 разоў», – піша аналітычнае міжнароднае выджанне Picodi.

Даследаванне грунтавалася на польскім дзяржаўным рэестры ўліку насельніцтва PESEL. Частковыя звесткі з гэтага рэестру знаходзяцца ў вольным доступе на партале «адкрытыя дадзеныя». Апублікаваная база дадзеных уяўляе сабой спіс імёнаў усіх людзей, якія пражываюць у Польшчы, разам з колькасцю носьбітаў кожнага імя. Дадзеныя з рэестру PESEL лепш адлюстроўваюць рэальнасць, паколькі гэты рэестр улічвае таксама людзей, якія ўжо паспелі атрымаць польскае грамадзянства. У той час як Упраўленне па справах замежнікаў улічвае толькі замежнікаў з дзеючымі дазволамі на пражыванне («карты пабыту»). Агульную колькасць беларусаў і беларусак у Польшчы можна ацаніць у 310 тысяч чалавек. У 2019 годзе колькасць беларусаў у Польшчы складала 47,3 тыс. чалавек, што ў 6,5 разоў менш, чым у пачатку 2024 года (310 тыс.). Самы вялікі прырост быў адзначаны за 2021 год, калі ў Польшчу перабралася 57,4 тыс.чалавек, і за 2022 год, калі прырост склаў больш за 100 тыс. чалавек», – канстатуе міжнароднае выданне.

….

«Кожны чацвёрты хоча з’ехаць з Беларусі, дзве траціны не вераць у сацыяльную справядлівасць», – прыводзіць вынікі апошняга даследавання грамадскай думкі ў Беларусі міжнароднае выданне iSANS.
«На пытанне аб арыентацыях у знешняй палітыцы 30% рэспандэнтаў адказалі, што арыентавацца трэба на Расею, 15% – на Еўропу, 7% – на Кітай, 2% – на Злучаныя Штаты Амерыкі. Самая вялікая група – 43% лічыць, што ні на каго не варта арыентавацца, трэба праводзіць самастойную палітыку. Палова апытаных лічыць, што Беларусі трэба знаходзіцца ў саюзе з Расеяй. 16% выступае за саюз з ЕЗ. 30 працэнтаў лічыць неабходным захоўваць нейтралітэт. Менш за палову апытаных (48%) не бачаць падставы для турботы з нагоды далейшага збліжэння Беларусі і Расеі. Крыху больш за трэць рэспандэнтаў (36%) адчуваюць некаторыя або сур’ёзныя асцярогі, а 16% не змаглі адказаць. Пры гэтым 58 працэнтаў лічаць, што Беларусь павінна быць незалежнай дзяржавай і будаваць свае адносіны з Расеяй на аснове міжнародных дагавораў. 24 працэнты лічаць, што Беларусь і Расея павінны будаваць адносіны па прынцыпу раўнапраўнага саюза дзвюх дзяржаў са стварэннем наднацыянальных органаў, і толькі 4 працэнты лічаць, што Беларусь павінна ўвайсці ў склад Расейскай Федэрацыі ў якасці суб’екта. У той жа час больш за палову апытаных (54%) адчуваюць некаторыя альбо сур’ёзныя асцярогі з нагоды далейшага пагаршэння адносін з краінамі Захаду. 26% нічога не баяцца, 21% не змаглі адказаць. Пры гэтым больш за палову лічаць, што Беларусі варта палепшыць адносіны з ЕЗ. Аднак толькі 9% лічаць, што Беларусь павінна стаць членам ЕЗ. Акрамя гэтага, беларусы не звязваюць сур’ёзных чаканняў з маючымі адбыцца ў Беларусі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Толькі 31% адназначна мае намер прыняць у іх удзел», – паведамляе міжнароднае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя