BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь: Па другі бок мяжы

The Washington Post узняла пытанне рэжыму “інкамунікада” ў беларускіх турмах. Польшча «ўважліва сочыць» за ваенным кітайска-беларускім супрацоўніцтвам. «Час сэканд хэнд» Святланы Алексіевіч увайшоў у сто найлепшых кніг XXI стагоддзя.

Амерыканская газета The Washington Post апублікавала рэдакцыйны артыкул пра беларускіх палітвязняў, якія знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада – гэта значыць без сувязі са знешнім светам. У прыватнасці, у ёй гаворыцца пра Сяргея Ціханоўскага, Віктарага Бабарыку, Марыю Калеснікаву, Максіма Знака, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча. Аўтары адзначаюць, што гэтая практыка “выходзіць далёка за межы Беларусі” і напамінаюць пра Міжнародную канвенцыю для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў, ухваленую Генеральнай Асамблея ААН у 2010 годзе.

«Палітычныя зняволеныя, кінутыя ў турму за выступ супраць аўтарытарнага праўлення або за журналістыку, якая раскрывае праўду, часта перажываюць змрочныя кашмары. Яны задаюцца пытаннем: Ці памятае хто-небудзь пра мяне? Маўчанне можа быць страшным. Пры дыктатары Аляксандру Лукашэнку Беларусь часта служыла палігонам для выпрабавання метадаў рэпрэсій. Цяпер ён прымяняе жорсткія псіхічныя катаванні, трымаючы палітычных зняволеных без сувязі са знешнім светам больш за год. У 2020 годзе перад прэзідэнцкімі выбарамі Лукашэнку кінулі выклік кандыдаты, якія імкнуцца да ўсталявання дэмакратыі. Адным з кандыдатаў быў YouTub-блогер Сяргей Ціханоўскі. Перад галасаваннем Ціханоўскі быў арыштаваны і з таго часу знаходзіцца ў турме па надуманым абвінавачанні ў парушэнні грамадскага парадку. Іншым прэтэндэнтам быў паважаны менскі банкір Віктар Бабарыка, які сабраў 400 тысяч подпісаў за сваю кандыдатуру – значна больш, чым 100 тысяч, неабходных для ўключэння ў выбарчы бюлетэнь. Трывожна, што і Ціханоўскі, і Бабарыка зніклі больш чым на год. Сям’я і адвакаты Ціханоўскага не атрымлівалі ад яго вестак з 9 сакавіка 2023 года.

Лукашэнка адправіў Ціханоўскую ў выгнанне, дзе яна зараз узначальвае дэмакратычныя сілы Беларусі. Калеснікава адмовілася бегчы. Пра яе адваката і калегу па апазіцыі Максіма Знака, які таксама быў арыштаваны, нічога не чуваць з 8 лютага 2023 года. Гэтая практыка выходзіць далёка за межы Беларусі. Уйгурскі пісьменнік, эканаміст і прафесар Ільхам Тохці ўжо шмат гадоў утрымліваецца ў Кітаі без сувязі са знешнім светам. Пра Махамеда аль-Кахтані, які быў адным з заснавальнікаў цяпер распушчанай Саудаўскай асацыяцыі грамадзянскіх і палітычных правоў, нічога не было чуваць з 24 кастрычніка 2022 года», – адзначае амерыканскае выданне.

….

Кітайскія вайскоўцы праводзяць сумесныя вучэнні каля польскай мяжы, што выклікае заклапочанасць у Польшчы і НАТА. „Польшча сочыць за супрацоўніцтвам паміж Кітаем і Беларуссю, заявіла ў пятніцу МЗС Польшчы пасля паведамлення аб сумесных вучэннях кітайскіх вайскоўцаў каля польскай мяжы», – перадае турэцкае выданне Anadolu Ajansı.

«У міністэрстве заявілі, што “занепакоеныя” паглыбленнем ваеннага супрацоўніцтва Кітая з Расеяй і Беларуссю. Мінабароны Беларусі паведаміла, што ў рамках, як яны назвалі, «антытэрарыстычных» вучэнняў войскі адпрацуюць дэсантны ўдар, пераправу праз раку і барацьбу за тэрыторыю. 11-дзённыя вучэнні Eagle Assault 2024 пачаліся ў панядзелак у Берасцейскай вобласці, у 40 мілях (64 км) ад мяжы Беларусі з Украінай. Чакаецца, што больш за 100 кітайскіх вайскоўцаў застануцца ў Беларусі да 19 ліпеня. Вучэнні Кітая з беларускімі сіламі ў Беларусі з’яўляюцца часткай шаблону, заявіў кіраўнік НАТА Енс Столтэнберг на саміце ў Вашынгтоне на гэтым тыдні. «Сумесныя ваенныя манеўры Кітая і Беларусі не накіраваныя супраць якой-небудзь краіны, і кітайскія ўлады спадзяюцца, што Польшча і Беларусь вырашаць свае праблемы шляхам дыялогу і кансультацый», — заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Лінь Цзянь. Лукашэнка ж мае цесныя сувязі з Расеяй. У 2023 годзе ён дазволіў Расеі перамясціць частку сваёй тактычнай ядзернай зброі ў Беларусь, а таксама імкнуўся да цесных адносін з Кітаем. Беларусь нядаўна далучылася да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, створанай у 2001 годзе для абмеркавання праблем бяспекі ў Цэнтральнай Азіі», – піша турэцкае выданне.

….

«Час сэканд хэнд» Святланы Алексіевіч увайшоў у сто найлепшых кніг XXI стагоддзя па версіі The New York Times.

«Эпас «Час сэканд хэнд» беларускай нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч увайшоў у спіс выбітных кніг першай чвэрці бягучага веку, складзены па выніках галасавання 503 пісьменнікаў, паэтаў, крытыкаў, публіцыстаў, рэдактараў, выдаўцоў, перакладчыкаў. Рэспандэнтам дазвалялася вызначаць «10 найлепшых кніг», сыходзячы са свайго меркавання. Для некаторых гэта азначала проста «ўлюбёныя кнігі»; для іншых — кнігі, якія чыталі і будуць чытаць некалькі пакаленняў. Адзінае правіла — твор мусіць быць апублікаваны ў Злучаных Штатах на англійскай мове не раней за 1 студзеня 2000 года. У апытанні прынялі ўдзел, у тым ліку: Стывен Кінг, Сара Джэсіка Паркер, Элін Хільдэрбранд, Джонатан Летэм і Джэна Буш Хагер. У выніку кніга Алексіевіч — на 72-м месцы рэйтынгу. З усіх грандыёзных няўдалых эксперыментаў XX стагоддзя нешматлікія скончыліся больш бясслаўна, чым амбіцыйная імперыя, вядомая на працягу няпоўных сямі дзесяцігоддзяў як СССР. Гібель мары пра камунізм адлюстроўваецца ў вуснай гісторыі лаўрэата Нобелеўскай прэміі Алексіевіч і яе бясстрашным партрэце людзей, якія перажылі савецкую дзяржаву (ці не перажылі) — былыя зняволеныя, чыноўнікі Камуністычнай партыі, звычайныя грамадзяне ўсіх масцяў — гэта чытво, якое захапляе і адкрывае вочы», – падкрэслівае амерыканскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы пра Беларусь падрыхтавала Вольга Сямашка.