- Крызіс на польска-беларускай мяжы паглыбляецца: гіне паранены салдат
- У парламенце Францыі заклікалі памяняць назву Беларусі ў францускай мове так, як гэтага хочуць беларусы
- Інтэрпол адмовіўся абʼяўляць у вышук польскага суддзю Томаша Шміта, які ўцёк у Беларусь

«Польскі салдат, паранены нелегальным мігрантам нажом у рэбры на мяжы краіны з Беларуссю, быў прызнаны мёртвым 6 чэрвеня ў цёмны для ўрада Туска дзень. Гэтая навіна з’явілася неўзабаве пасля таго, як у СМІ зʼявілася інфармацыя аб затрыманні трох вайскоўцаў, якія ў сакавіку ахоўвалі мяжу і зрабілі папераджальны стрэлы, сутыкнуўшыся з мігрантамі, якія спрабавалі перайсці ў Польшчу», – піша бельгійскае выданне The Brusselssignal.
«Пасля гэтага трое мужчын былі адхіленыя ад выканання службовых абавязкаў і затрыманыя, а вызваленыя толькі пасля таго, як іх таварышы па службе сабралі дастаткова сродкаў для арганізацыі юрыдычнай абароны. Гэта выклікала абурэнне ў Польшчы, калі палітыкі абвінавацілі польскі ўрад на чале з Дональдам Тускам у крыміналізацыі людзей, якія спрабуюць абараніць свае ўласныя межы. Пераемнік Блашчака на пасадзе міністра абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш, падобна, пагадзіўся, заявіўшы, што запатрабаваў тлумачэнняў ад пракурораў, якія ўдзельнічалі ў затрыманні трох салдат, а таксама ад ваеннай паліцыі. Некаторыя палітыкі вінавацяць у зняволенні мужчын цяперашнюю ўладу і кажуць, што міністр павінен быў рэгулярна атрымліваць даклады аб сітуацыі на польска-беларускай мяжы. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас візыту ў Нармандыю заявіў, што 10 чэрвеня склікае паседжанне Рады нацыянальнай бяспекі для абмеркавання пытання бяспекі мяжы. Польскі ўрад у адказ на рост спробаў перасячэння мяжы нелегальнымі мігрантамі і нападаў на польскіх афіцэраў паабяцаў зноў увесці зону адчужэння, якая забараняе людзям набліжацца да польскага боку мяжы побач з Беларуссю. Рэалізацыя гэтага была адкладзена ў выніку пратэстаў з боку мясцовых органаў улады і прадпрыемстваў пацярпелага раёна», – падкрэслівае бельгійскае выданне.
«У парламенце Францыі заклікалі памяняць назву Беларусі ў францускай мове так, як гэтага хочуць беларусы. Цяпер па-француску назва гучыць як Biélorussie (з рас. Белоруссия)», – перадае Polskie Radio.
«Дэпутат францускага парламенту Фрэдэрык Пэці, кіраўнік парламенцкай групы даследаванняў Беларусі, звярнуўся ў Францускую акадэмію з ініцыятывай памяняць назву Беларусі ў францускай мове. Цяпер па-француску назва гучыць як Biélorussie (з рас. Белоруссия), а дэпутат Пэці прапануе назву, блізкую да той, якой называюць сваю краіну самі беларусы, Bélarus.
Раней з такой ініцыятывай выступалі таксама беларусы Францыі і беларускія дэмакратычныя сілы. Француская акадэмія – галоўная ўстанова ў вызначэнні стандартаў францускай мовы. Дэпутат Пэці прыводзіць розныя гістарычныя, моўныя і палітычныя аргументы на карысць перайменавання. Ён сцвярджае, што старая назва звязаная з акупацыяй Беларусі Расейскай імперыяй. Самі ж беларусы хочуць, каб іх краіну называлі па-новаму, як гэта ўжо робіцца ў ААН і іншых буйных арганізацыях. Ягоны зварот апублікаваў дарадца Ціханоўскай Францішак Вячорка», – падкрэслівае Polskie Radio.
«Інтэрпол адмовіўся абʼяўляць у вышук польскага суддзю Томаша Шміта, які ўцёк у Беларусь і папрасіў палітычнага прытулку ў Аляксандра Лукашэнкі», – перадае служба ВВС.
«Як растлумачыў прэс-сакратар Галоўнага ўпраўлення паліцыі Польшчы, статут інтэрпола не дазваляе «перадачу па сваіх каналах дадзеных аб дзеяннях супраць дзяржаўнай бяспекі, якія вызначаюцца як палітычныя злачынствы». Згодна са статутам Інтэрпола, арганізацыі забараняецца ажыццяўляць «дзейнасць палітычнага, ваеннага, рэлігійнага або расавага характару». Гэта азначае, што Інтэрпол мусіць захоўваць нейтральнасць і займацца толькі крымінальнымі злачынствамі. Польская пракуратура падала хадайніцтва ў Інтэрпол аб уключэнні Томаша Шмідта ў спіс шуканых у канцы траўня. У Польшчы яго падазраюць у шпіянажы на карысць Менска. Шмідт жа звярнуўся да генпракурора Польшчы з просьбай узбудзіць крымінальную справу ў дачыненні да кіраўніка МЗС гэтай краіны Радаслава Сікорскага, які, па словах экс-суддзі, называў яго здраднікам», – перадае служба ВВС.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






