Менск і Вашынгтон могуць адкрыць новую старонку адносін. Але на якіх умовах? Святлана Ціханоўская: «Першы крок у палітыцы я зрабіла з кахання да мужа». Ідэалагізацыя, мілітарызацыя, насаджэнне і рост уплыву Расеі: што адбывалася ў беларускай адукацыі восенню 2024?

“У другія часы артыкул у The New York Times аб сакрэтнай сустрэчы чыноўніка Дзярждэпартамента ЗША Крыстафера Сміта з Аляксандрам Лукашэнкам і аб магчымай здзелцы паміж Вашынгтонам і Менскам стаў бы сенсацыяй, і не толькі беларускага маштабу”, – піша міжнародны анлайн-часопіс ipg-journal.io Фонда ім. Фрыдрыха Эберта.
“Але зараз гэтая навіна апынулася ў цені скандальнай Мюнхенскай канферэнцыі і спроб Вашынгтона перазапусціць адносіны з Масквой. Пад шумок глабальнага шторму, і шмат у чым дзякуючы яму, у Лукашэнкі адчыняюцца новыя магчымасці, якіх раней не было. На справе ж апошнія вызваленні з Беларусі былі, хутчэй за ўсё, толькі сінхранізаваныя з перадачай Фогеля ў ЗША, каб атрымаць з гэтага максімальны медыйны эфект, прыцягнуць да сябе ўвагу Белага дома праз прайм-тайм амерыканскіх СМІ. Але логіка ў гэтага кроку Лукашэнкі была цалкам сабе двухбаковая, што пазней і пацвердзіў артыкул NYT. Перадача трох чалавек Сміту была часткай доўгага беларуска-амерыканскага дыялогу і абмену сігналамі, які пачаўся прынамсі ў пачатку мінулай восені. Вашынгтон сапраўды выглядае сёння больш гатовым да падобных разменаў з Лукашэнкам, улічваючы рэзкі адыход Трампа ад ранейшых табу ў адносінах з Расеяй і Украінай. Верагодней за ўсё, дыпламаты ніжэй за ранг адчуваюць, што надыходзіць акно магчымасцяў, калі старыя догмы амерыканскай палітыкі не працуюць, а меркаванне саюзнікаў з ЕЗ не так важна, як раней. Для Лукашэнкі з’яўляецца перспектыва размарозіць хоць нейкія заходнія рынкі для важных сектараў сваёй эканомікі. Сепаратнае размарожванне стасункаў Менска з Вашынгтонам разбівае адзінства заходняй ізаляцыі Лукашэнкі. Гэта ў сваю чаргу можа заахвоціць саюзнікаў Трампа ў Еўропе, накшталт Віктара Орбана ці Роберта Фіцо, смялей тарпедаваць новыя санкцыі супраць Менска, а ў выпадку Славакіі – адправіць у Менск свайго амбасадара пасля пяці гадоў перапынку і ў парушэнне агульнаеўрапейскага дыпламатычнага непрызнання Лукашэнкі. Зняцце амерыканскіх санкцый з калію або банкаў прыбярэ шэраг праблем, але само па сабе не забяспечыць ні свабоднай працы гэтых банкаў на Захадзе, ні транзіт калійных угнаенняў праз літоўскі порт Клайпеда, што з’яўляецца галоўнай перашкодай на шляху іх свабоднага экспарту з Беларусі. Сінхранізацыя “размарожванняў” – з Менскам і Масквой – можа таксама прывесці да таго, што Вашынгтон можа вярнуць сваё пасольства ў беларускую сталіцу”, – разважае міжнароднае выданне.
«Першы крок у палітыцы я зрабіла з кахання да мужа», – прыводзіць словы Святланы Ціханоўскай міжнароднае выданне Room for Discussion.
Святлана Ціханоўская распавяла, як зрабіла першы крок у палітыцы дзеля мужа, падзялілася высновамі пра палітыку і закранула тэму крытыкі, падкрэсліўшы, што адкрытая да дыскусіі і заклікае тых, хто незадаволены, прапаноўваць альтэрнатывы і дзейнічаць.
«Я называю свой шлях абсалютна выпадковым, таму што я была звычайнай жанчынай, хатняй гаспадыняй, якая выхоўвала дзяцей. Гэта мой муж стаў папулярным блогерам у Беларусі, ён проста ездзіў па гарадах, размаўляў з людзьмі. У Беларусі ніхто да гэтага не цікавіўся меркаваннямі людзей. Так ён стаў папулярным, і людзі пыталіся ў яго: «Можа вы паспрабуеце стаць прэзідэнтам?» Мой муж проста пагадзіўся, і на наступны дзень яго затрымалі. У той момант я адчула, што павінна нешта зрабіць для свайго мужа, бо тое, што ён робіць, вельмі важна для беларусаў». «Мой першы ўрок у палітыцы быў такі: ёсць словы, а ёсць дзеянні – і гэта не адно і тое. Мы адчувалі велізарную салідарнасць з боку нашых дэмакратычных паплечнікаў, дэмакратычных краінаў. Але першыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі былі ўведзеныя толькі праз шэсць месяцаў пасля пачатку нашай рэвалюцыі – і час быў страчаны. Так, мы чулі шмат словаў салідарнасці, словаў асуджэння рэжыму Лукашэнкі, але рэальныя дзеянні пачаліся нашмат, нашмат пазней». «Я нікога не асуджаю за крытыку, таму што розныя меркаванні важныя ў нашай барацьбе. Але ведаеце, я сапраўды часам не разумею, а час ад часу нават крыўдую, што людзі крытыкуюць, не прапаноўваючы нічога ўзамен. Калі вы думаеце, што я не спраўляюся з барацьбой ці памыляюся, што трэба зрабіць па-іншаму – давайце абмяркоўваць гэта. Але звычайна ўсё спыняецца на крытыцы, і далей нічога не адбываецца. Аб’яднайцеся, і мы арганізуем рэалізацыю вашых ідэяў», – адзначае міжнароднае выданне.
“Ідэалагізацыя, мілітарызацыя, насаджэнне і рост уплыву Расеі: што адбывалася ў беларускай адукацыі восенню 2024?”, – задаецца пытаннем міжнароднае выдане iSANS_Belarus і распавядае пра самае галоўнае ў гэтай сферы.
“З пачатку навучальнага года ў адукацыйных установах актыўна насаджалася тэма выбараў. Да лістапада агітацыйныя мерапрыемствы сталі штодзённымі. Ідэалагізацыя закранула ўсе роўні адукацыі, асабліва сярэднюю спецыяльную і прафесійна-тэхнічную. Увосень пачалі ўкараняцца новыя ваенізаваныя праекты, у тым ліку навучанне аператараў Дронаў. Найбольшыя тэмпы мілітарызацыі адзначаны ў школах і каледжах, у ВНУ – на сярэднім узроўні, у дзіцячых садах амаль адсутнічае. Улада працягнула падпарадкаванне сферы адукацыі, што выявілася ў прызнанні «Адукаванкі» экстрэмісцкай і ціску на прыватныя адукацыйныя цэнтры «Streamline» і «Лідар». У адукацыйных установах узмацнілася ідэалагізацыя гістарычнай адукацыі, у тым ліку прапагандысцкія праекты. У кастрычніку прайшла маштабная кампанія па ўсхваленні савецкага мінулага пры поўным ігнараванні сталінскіх рэпрэсій і гадавіны расстрэлу беларускай інтэлігенцыі. Міністэрства адукацыі прыняло шэраг рашэнняў па выкананні патрабаванняў Рэспубліканскай педагагічнай рады, але яны носяць імітацыйны характар і не вырашаюць рэальныя праблемы педагогаў. Насаджэнне тэмы выбараў паўплывала на рост актыўнасці праўладных дэпутатаў, прапагандыстаў і актывістаў, якія рэгулярна праводзілі сустрэчы з навучэнцамі, заклікаючы падтрымаць уладу. Увосень дасягнуты рэкордны ровень расейскага ўплыву: масавы вываз навучэнцаў на акупаваныя тэрыторыі Украіны, удзел у акцыях падтрымкі Расеі, пашырэнне кантактаў з прарасейскімі арганізацыямі”, – піша міжнароднае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






