Кіраўнік ДДБ аб распаўсюджванні ідэалогіі літвінізму: “Гэта не носіць масавага характару”. Працягваюцца затрыманні за ўдзел у пратэстах 2020 года. Літоўскі Paysera даслаў грамадзянам Беларусі і Расеі з візамі D апавяшчэння аб замарозцы рахункаў. Кіраўнік БАМФ адказаў на заклікі не пускаць зборную Беларусі на чэмпіянат Еўропы.

“Кіраўнік Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Рэмігіюс Брыдыкіс выказваецца за ўраўнаванне санкцый у дачыненні да Расеі і Беларусі. Паводле яго слоў, абодва рэжымы прымяняюць падобныя метады, імкнучыся нанесці ўрон Літве”, – піша LRT.
“Ужо некаторы час гучаць папрокі ў адрас Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі (ДДБ), што ён дапускае да ўдзелу ў выбарах грамадзян, якія адкрыта падтрымліваюць Расею, прасоўваюць такія ідэі на дэбатах у эфіры тэлебачання або падчас сустрэч з патэнцыйнымі выбаршчыкамі, не саромеюцца ухвальна выказвацца аб краінах-агрэсіях. Але ДДБ не з’яўляецца “паліцыяй думак”, якая можа вырашаць, каму ўдзельнічаць у выбарах, а каму – не. Затое лічым, што той жа ліцвінізм інспіраваны спецслужбамі варожых дзяржаў. Мы ўспрымаем гэта як інструмент, асабліва ў радыкальнай форме літвінізму, дзе дзяржаўнасць Літвы адмаўляецца як факт. Варожым спецслужбам важна падсілкоўваць і распаўсюджваць гэты наратыў, каб раскалоць апазіцыю, якая знаходзіцца ў нас і жыве ў Літве беларусаў, супрацьпаставіць іх астатняму грамадству. Робіцца гэта рознымі спосабамі. У прыватнасці, праз радыкалізацыю і актуалізацыю гістарычнай тэмы, пэўнай сімволікі, а таксама шляхам нацкоўвання груп унутры грамадства. Мы не раз бачылі, напрыклад, графіці ці лозунгі, у якіх апазіцыя супрацьпастаўляецца іншым жыхарам Літвы. Укараненне такога “кліна” – гэта мэтанакіраваная аперацыя”, – цытуе кіраўніка ДДБ літоўскае выданне.
….
“У Дзяржынску за апошнія дні арыштаваны як мінімум пяць чалавек, праходзяць ператрусы. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”, – адзначае DW.
“Затрыманым інкрымінуюць артыкул 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак або актыўны ўдзел у іх). Ператрусы і арышты звязаныя з удзелам у пратэстах 2020 года. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, нагодай для затрыманняў сталі фотаздымкі пяцігадовай даўніны, на якіх сілавікам удалося распазнаць затрыманых.
У жніўні 2025 пачынае сканчацца тэрмін даўнасці спраў па так званым “народным” артыкуле 342 КК, па якім масава затрымлівалі беларусаў, якія выходзілі на пратэсты, і працягваюць затрымліваць зараз”, – падкрэслівае DW.
….
Paysera 18 красавіка папярэдзіў карыстальнікаў з грамадзянствам Расеі і Беларусі, якія маюць шэнгенскую візу катэгорыі D (нацыянальная доўгатэрміновая віза, якая дазваляе знаходзіцца на тэрыторыі краіны ЕЗ звыш 90 дзён), што закрые іх рахункі, калі яны на працягу 14 дзён не дадуць еўрапейскі ВНЖ. Пра гэта выданню “Новая Газета. Еўропа” паведамілі некалькі карыстальнікаў банка.
“Банк спасылаецца на санкцыйную пастанову ад 24 лютага 2025 года, згодна з якой еўрапейскія фінансавыя ўстановы абавязаны абмежаваць прадастаўленне паслуг грамадзянам Расеі і Беларусі, якія не маюць ВНЖ у еўрапейскай эканамічнай зоне або Швейцарыі. Хоць замарозка сродкаў, па словах банка, пагражае толькі праз 14 дзён пасля адпраўкі апавяшчэння, у некаторых карыстальнікаў ужо сёння перасталі працаваць некаторыя функцыі прыкладання”, – піша еўрапейскае выданне.
….
“Кіраўнік беларускай федэрацыі міні-футбола Сяргей Хаменка пракаментаваў пазіцыю латвійскіх і літоўскіх калег аб допуску зборнай Беларусі да ўдзелу на чэмпіянаце Еўропы. Кіраўнік Латвійскай футбольнай федэрацыі сказаў літаральна: мы не можам арганізаваць турнір з удзелам беларусаў”, – піша міжнароднае выданне Betnews.
“Літоўская федэрацыя футбола настойвае: рашэнне па ўдзеле беларусаў будзе вельмі цвёрдым. Менавіта дзве балтыйскія краіны павінны прыняць у сябе найбліжэйшы кантынентальны форум. Тым не менш іх улады не жадаюць бачыць у сябе ў гасцях прадстаўнікоў Беларусі. – Я пракаментую вельмі проста. Ёсць спартовыя прынцыпы, ёсць аўтарытэт УЕФА. Мусіць, як у нас у краіне. Калі рашэнне прынята, значыць, павінна быць выканана. У адваротным выпадку – гэта ганьба. Упэўнены, што праўда пераможа. — Нават крыху пацешна, што Літва і Латвія вырашаюць пытанне сумесна з паслом Украіны.
– Умяшанне ва ўнутраныя справы ў любым аспекце – гэта парушэнне міжнароднага права. Краіны павінны жыць у сяброўстве. Сам турнір пройдзе з 20 студзеня да 7 лютага 2026 года”, – піша міжнароднае выданне.
Агляд падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя