BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь: Падрыхтавацца да падрыхтавання

  • Беларускія ваенныя пераразлікі
  • Літва збіраецца забараніць тэлебачанне з Расеі і Беларусі, пакуль яны «ўяўляюць пагрозу»

«За апошнія гады працягнулася адна з самых маштабных праверак баявой гатовасці Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь», – адзначае міжнароднае выданне Isans.
«З 9 па 11 красавіка – тактычныя вучэнні праводзіліся з 19- й механізаванай брыгадай. Падраздзяленні адпрацавалі абарончыя дзеянні: адбіццё наступу ўмоўнага праціўніка, знішчэнне незаконных узброеных фарміраванняў, дыверсійна-разведвальных груп і інш. Цягам вучэнняў вайскоўцы таксама адпрацавалі прыкрыццё сродкам супрацьпаветранай абароны аднаго з важных дзяржаўных аб’ектаў. Вучэнні праходзілі на тэрыторыі Віцебскай, Гарадзенскай, Берасцейскай і Магілёўскай абласцей. Пры іх рэалізацыі задзейнічаны палігоны «Лепельскі», «Асіповіцкі», «Даманава», а таксама ўчасткі мясцовасці ў Ашмянскім і Пастаўскім раёнах. Вучэнні сталі ключавым этапам праверкі баявой гатовасці. Вялікая ўвага надавалася адбіццю нападаў паветранага праціўніка, у тым ліку беспілотных лятальных апаратаў, павышэнню жывучасці падраздзяленняў. Танкавыя і інжынерныя батальёны 6-й механізаванай брыгады адпрацоўвалі задачы па супрацьдзеянні незаконным узброеным фарміраванням. Пасля заканчэння вучэнняў падраздзяленні брыгады пачалі рух у пункт пастаяннай дыслакацыі. Таксама пачаўся прызыў ваеннаабавязаных на вайсковыя зборы», – працягвае сачыць за сітуацыяй міжнароднае выданне.


На пачатку тыдня лідар беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская наведала Кіпр з першым працоўным візітам. «Падчас паездкі Ціханоўская правяла брыфінг для дыпламатаў у амбасадзе Польшчы. У сваім выступе Святлана Ціханоўская адзначыла, што рэжым Лукашэнкі значна больш уразлівы, чым здаецца», – піша амерыканскае выданне The Straits Times. «Таксама ў Нікасіі Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Нікасам Хрыстадулідэсам. Сярод абмеркаваных тэмаў – спрашчэнне легалізацыі знаходжання беларусаў на Кіпры, падтрымка перамешчанага бізнесу, ціск на рэжым і спробы яго палітычна ізаляваць. Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай у парламенце Кіпра дзе яна падкрэсліла, што рэжым Лукашэнкі гадамі выкарыстоўвае Кіпр для ўхілення ад санкцый. Адна з галоўных падзей падчас візіту Святланы Ціханоўскай на Кіпр адбылася сустрэча са старшынёй парламента Анітай Дэметрыу. Ключавымі тэмамі размовы былі не толькі спрашчэнне судовых працэдур для беларусаў або падтрымка бізнесу, але і падтрымка палітвязняў. У прыватнасці, бакі абмеркавалі шэраг кароткатэрміновых праграм аздараўлення дзяцей беларускіх палітвязняў. Пасля наведвання Кіпру Святлана Ціханоўская накіравалася ў Грэцыю, дзе 12 красавіка выступіла на адным з галоўных мерапрыемстваў свету – Дэльфійскім эканамічным форуме ў раздзеле аб геапалітычным становішчы ў свеце. У секцыі таксама выступілі міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі і журналістка Эн Эплбаўм. У сваім выступе лідар распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі і заклікала сусветныя і міжнародныя арганізацыі прыкласці максімум намаганняў для вызвалення палітвязняў. Яна падкрэсліла магчымыя шляхі прыцягнення рэжыму да адказнасці за злачынствы супраць беларусаў і акрэсліла крокі, якія можна зрабіць, каб аслабіць дыктатуру Лукашэнкі», – адзначае амерыканскае выданне.


«Радыё- і тэлепраграмы, якія выпускаюцца кампаніямі, зарэгістраванымі ў Расеі і Беларусі, павінны быць забароненыя ў Літве на той час, пакуль гэтыя краіны будуць лічыцца пагрозай нацыянальнай бяспецы», – піша літоўскае выданне LRT.
«Адпаведныя папраўкі ў Закон аб прадастаўленні інфармацыі грамадству літоўскія заканадаўцы ўхвалілі ў чацвер 78 галасамі «за» і 4 устрымаліся. Цяпер законапраект абмяркуюць парламенцкія камісіі. Узброеная агрэсія Расеі ва Украіне суправаджаецца агрэсіўнай дэзынфармацыяй, якая актыўна распаўсюджваецца як унутры, так і за межамі ЕЗ. Законапраект накіраваны на падаўжэнне цяперашняй забароны на рэтрансляцыю або распаўсюджванне ў інтэрнэце расейскіх і беларускіх радыё- і тэлепраграм у Літве. Прапанова заключаецца ў захаванні забароны да таго часу, пакуль Расея і Беларусь пазначаны ў Стратэгіі нацыянальнай бяспекі як пагрозлівыя для нацыянальнай бяспекі Літвы. Міністр заявіў, што тое, што гучыць з расейскага і беларускага тэлебачання, зʼяўляецца хутчэй прапагандай і дэзынфармацыяй, чым інфармацыяй. Літоўскія ўлады ўжо заблакавалі больш за 400 вэб-сайтаў і больш за 300 IP-адрасоў у рамках намаганняў па рэалізацыі забароны ў Інтэрнэце. Дзейная забарона на рэтрансляцыю расейскіх і беларускіх праграмаў скончыцца 1 кастрычніка. Закон таксама прадугледжвае выключэнне, якое дазваляе рэтрансляваць ці распаўсюджваць гэтыя перадачы з краін-сябраў ЕЗ або дзяржаў, якія ратыфікавалі Еўрапейскую канвенцыю аб трансгранічным тэлебачанні, або з дазволу Камісіі радыё і тэлебачання Літвы», – адзначае літоўскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя